Агурочнае свята

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Жыткавіччына: смачны фэст

 

Днямі ў Жыткавіцкім раёне ў вёсцы Верасніца ўпершыню адбылося агурочнае свята "Дар зямлі і сонца".

Ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіў Раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, а арганізатарамі- супрацоўнікі Верасніцкага цэнтра традыцыйнай культуры пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Святланы Ляшкевіч.

 Месцам правядзення свята стаўся школьны двор. Імправізаваная сцэна была аздоблена сцяблінамі агуркоў, кветкамі, рознакаляровымі стужкамі. Паабапал сцэны былі размешчаны "агурочныя падворкі" мясцовых жыхароў. На іх была выстаўлена разнастайныя стравы з агуркоў- свежых, маласольных, смажаных, марынаваных, фаршыраваных... Таксама былі аформлены выстаўкі агурочных кампазіцый: прадстаўленыя смакоты аздаблялі елачкі, кветкі, караблікі...

А пасля па галоўнай вясковай вуліцы прайшоў Агурок Верасніцкі, а за ім- удзельнікі тэатралізаванай дзеі. Гучалі песні, выконваліся танцы артыстамі народнага сямейнага ансамбля "Абібок" Запясоцкага сельскага клуба, а таксама фальклорнаэтнаграфічнага ансамбля "Спасаўка" Чэрніцкага клуба-бібліятэкі і фальклорнаэтнаграфічнага гурта "Лянок" Бурэзьскага дома фальклору. Былі вызначаны пераможцы ў такіх намінацыях, як "Захавальнікі старадаўніх агурочных рэцэптаў", "Першы парнік у Верасніцы", "За прыгажосць, чысціню і добраўпарадкаванне сядзібы" і іншых. А пасля дзяўчыны ў нацыянальных строях пачаставалі ўсіх прысутных фірмовай стравай- агуркамі ў мёдзе.

 Свята атрымалася цікавым, захапляльным ды настолькі спадабалася жыхарам і гасцям Верасніцы, што ўжо 16 ліпеня ў вёсцы раёна Перароў адбылося яшчэ адно агурочнае свята.

Ніна ШАГУН, метадыст Жыткавіцкага РМЦНТ і КАР

На здымку: Агурок Верасніцкі.