Заявіць пра сябе на "праектных магутнасцях"

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Глушчына: кадравы патэнцыял для пазабюджэтнага выніку

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця сяла: самадастатковасць аддзела культуры

Аб праблемах станаўлення сферы культуры Глушчыны наша газета напісала ўпершыню напрыканцы 2008 года. Гаворка тады ішла пра неадкладную патрэбу ўзвядзення новага будынка РДК, даўно наспелыя пярэбары Цэнтральнай бібліятэкі і тэрміновае адкрыццё Раённага краязнаўчага музея. Што змянілася з таго часу? Многае. Былая крама ля мікрараёна "Сем вятроў" пад непасрэдным і настойлівым патранатам старшыні Глускага райвыканкама Аляксандра Багеля ператварылася ў шматфункцыянальную ўстанову культуры, дзе пад адным дахам аб'ядналіся і музей, і бібліятэка. Што да новага РДК, то рэспубліканскія сродкі на пачатак будаўніцтва выдаткаваны, заканчваецца складанне адпаведнай праектна-каштарыснай дакументацыі. (Сваю ролю ў гэтым, па словах начальніка мясцовага аддзела культуры Уладзіміра Шулякоўскага, адыграла і колішняя публікацыя "К".) Словам, мясцовыя ўлады ўпэўнены: эвалюцыя культурнай сферы - працэс непазбежны. Для гэтага цяпер выкарыстоўваецца ледзь не кожны раённы рэзерв. Пра нейкі рэвалюцыйны прарыў казаць яшчэ зарана, бо імкліваму руху наперад замінаюць пакуль што не надта дасканалая кадравая палітыка (толькі 84 работнікі сферы з'яўляюцца спецыялістамі), пэўны недахоп сучаснага тэхабсталявання ў клубных установах (у тым ліку і ў аграгарадоцкіх СДК)... Тым не менш, аблічча мясцовай культуры становіцца ўсё больш выразным.

Народ пытаецца і прапануе

 "А бочка каштуе нятанна..."

 Глуск і Глускі раён знакамітыя не толькі абласным святам сямейнай творчасці "Сузор'е талентаў", але і досыць акрэсленай турыстычнай перспектывай развіцця. Большую палову земляў займае ягадна-грыбны лес, пры адсутнасці буйной прамысловасці прываблівае чысціня маляўнічай Пцічы... Аграэкатурызм тут толькі зараджаецца, але большасць пытанняў і прапаноў пад час апытання была звязана менавіта з тым кірункам развіцця мясцовай культуры, які найперш зацікавіць турыставандроўніка.

 Аляксандр Іванавіч, пенсіянер з Глуска:

 - Цікавіўся ў Інтэрнэце: ясеневая кадушка каштуе, мякка кажучы, нятанна. А ў нашым РДР цудоўны бондар працуе - Уладзімір Станкевіч, і кошт вырабаў у яго - самы прымальны. Дык чаму не паставіць іх рэалізацыю на шырокую, так бы мовіць, камерцыйную аснову? І мы, і госці Глуска будуць надта задаволены...

 Людміла Новік, дырэктар Глускага раённага краязнаўчага музея:

- Будынак у нас - цудоўны. Адкрыліся мы 20 чэрвеня. Праўда, дзейнічае пакуль толькі карцінная галерэя - стварэнне музейнай экспазіцыі будзем ажыццяўляць уласнымі сіламі (так танней). Пастараемся ўхадзіцца да жніўня, да пачатку "Сузор'я талентаў". Спадзяюся, што музей стане яшчэ адной "візітоўкай" раёна...

 Старшакласнікі з Глуска:

 - Дыскатэкі праводзяцца ў старым РДК. Памяшканне для танцаў - досыць прыстойнае, не аварыйнае, як сам Дом культуры, але ж занадта малое для таго, каб змясціць усіх ахвотных. Калі ж новы РДК усё-такі пабудуюць?..

Святлана, служачая з Глуска:

- Ці будзе штосьці рабіцца на замчышчы, падмуркі якога засталіся ў гарадскім парку ля стадыёна?..

Алена Грамыка, дырэктар СДК вёскі Клетнае:

- Толькі два мікрафоны ў нас, а салістаў народнага ансамбля народнай песні "Вярбічанька" - аж сем...

Наталля Раданам, мастацкі кіраўнік СДК вёскі Катка:

- Пры ўстанове дзейнічае драмгурток, а рампы на сцэне няма - асвятленне кепскае...

Дамаўляўся, што ў "лятучцы" возьме ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр БАГЕЛЬ. Атрымаў ад яго згоду, бо кіраўнік раёна - неабыякавы да праблем мясцовай культуры. Але напярэдадні майго прыезду Аляксандр Іванавіч нечакана трапіў у бальніцу. Пасля таго, як я пабачыў новы будынак музея і бібліятэкі, мы стэлефанаваліся, бо я не мог не адзначыць такі шыкоўны падарунак аддзелу культуры. А Багель, у адказ распавёў, што сённяшняя асноўная аддзелаўская задача - завяршэнне музейнай экспазіцыі і ўзвядзенне новага будынка РДК. Пэўная доля грошай для гэтага будзе скіравана з райбюджэту... Словам, замест старшыні райвыканкама ў "лятучцы" ўзяў удзел ягоны намеснік па будаўніцтве Аляксандр АНЦЮШЭНЯ. Гутарка, натуральна, не абышлася і без начальніка аддзела культуры Уладзіміра ШУЛЯКОЎСКАГА.

Яўген РАГІН:

- Давайце пачнём з ініцыятыўнасці Аляксандра Багеля. Менавіта ён, я лічу, для раённай культуры зрабіў апошнім часам вельмі многае. Цудоўна памятаю тую занядбаную краму, што сёння ператварылася ў палац...

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

 - Аляксандр Іванавіч ужо шосты год працуе. Аблічча сацыяльных аб'ектаў за гэты час змянілася значна. Менавіта ён распачынаў у раёне рэалізацыю Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, якая на сёння з поспехам выканана, але карэнныя змены на вёсцы доўжацца, безумоўна, і цяпер.

 Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

- У нас - восем аграгарадкоў, усе ўстановы культуры здадзены своечасова і якасна...

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- З гарадскіх аб'ектаў, няма сумнення, самым значным і маштабным стаў музейны і бібліятэчны будынак.

Яўген РАГІН:

 - Ведаю, што называюць той будынак "старшынёўскім", бо куратарства яго было строгім пад час рэканструкцыі крамы, гэткім жа застаецца і цяпер, калі ўстанова выходзіць на творчую "праектную магутнасць". Дарэчы, у якую суму абышоўся аб'ект?

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- У больш як два мільярды рублёў. Гэта абласныя грошы. На стварэнне ж музейнай экспазіцыі спатрэбіцца каля 600 мільёнаў.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - Абсталяванне карціннай галерэі ў музеі- таксама ініцыятыва старшыні райвыканкама. На гэта пайшло 15 мільёнаў рублёў. Месца - адно з самых папулярных у горадзе.

Яўген РАГІН:

- І падыходы да яго цяпер поўным ходам добраўпарадкоўваюцца: на ходніках ля музея - плітка, з густам зробленыя лаўкі і ліхтары, а па вуліцы кладзецца новы асфальт...

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- І ўсё гэта - за кошт раённых сродкаў.

Яўген РАГІН:

- Цяпер - пра самую галоўную праблему Глускага раёна: пра новы РДК. Ягоныя супрацоўнікі наракаюць на тое, што Дом культуры збіраецеся ўзводзіць не ў гістарычным цэнтры Глуска...

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- Ніяк не магу пагадзіцца з такім пунктам гледжання. Раён "Сем вятроў" - самы населены ў райцэнтры. Побач з РДК, адпаведна генплану забудовы, размесціцца Лядовая арэна. Непадалёк - гімназія, аўтастанцыя, банк... Згодны з адным: ад нас, будаўнікоў, залежыць добраўпарадкаванне, а значыць - знешняя прывабнасць гэтых кварталаў. Іх клубнае "гучанне", творчая прэстыжнасць і папулярнасць - прэрагатыва толькі работнікаў культуры.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

- Прывабліваць трэба, несумненна, якасцю ды відовішчнасцю мерапрыемстваў.

 Яўген РАГІН:

- Усё гэта так, але гаворка найперш - пра пачатак будаўніцтва. І цікавіць гэтае пытанне многіх жыхароў райцэнтра...

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- На сённяшні дзень сітуацыя такая: праектна-каштарысную дакументацыю на аб'ект абяцаюць неўзабаве падрыхтаваць. Калі ўсё будзе добра, РДК здадзім у бягучай пяцігодцы... Раней кошт такога будаўніцтва складаў 25 мільярдаў, цяпер сума павялічылася, каб не памыліцца, ледзь не ўдвая.

Яўген РАГІН:

- Сельская тэматыка, як падаецца, - менш праблемная. Прынамсі, у сферы культуры даўгоў па рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла не засталося. У іншых накірунках сітуацыя гэткая ж?

 Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

 - Аграгарадоцкая сацыялка трывогі не выклікае: усё зроблена як мае быць. Сям-там, мабыць, па мінімуме не паспелі з асфальтаваннем вуліц, удасканаленнем вытворчай, камунальнай сферы. "Шліфоўку" цяпер вядзём толькі за кошт уласных сродкаў.

Яўген РАГІН:

- Якая роля адводзіцца гаспадарчай групе аддзела культуры?

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- Я не прыхільнік таго, каб аб'ядноўваць у перспектыве гаспадарчыя групы сфер адукацыі, аховы здароўя, культуры. У нас ёсць спецыялізаваныя арганізацыі, якія не залежаць ад нашага бюджэту і якія па першым поклічы бяруцца за маштабныя рамонты, за грунтоўнае будаўніцтва і робяць гэта нават пры адсутнасці грошай... Дадатковыя штаты сёння толькі ўскладняць сітуацыю, павялічаць нагрузку на бюджэт. Словам, пакуль не ўяўляю самаакупнасць такой узбуйнёнай гаспадарчай групы.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - Цалкам згодны. Сённяшняя наша гаспадарчая група займаецца толькі бягучымі касметычнымі рамонтамі, што не патрабуюць, шчыра кажучы, асаблівай кваліфікацыі.

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- А мы цягам апошніх пяці гадоў і намаганнямі менавіта прафесіяналаў зрабілі ўсё, каб установы культуры ў аграгарадках як мага даўжэй абышліся без грунтоўнага ўмяшальніцтва рамонтнікаў.

Яўген РАГІН:

- Праца над выкананнем Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла завершана. Цяпер вы рэалізоўваеце Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Глускага раёна, разлічаную да 2015 года. Якія тут асноўныя прыярытэты? Ці будзе, паводле яе аднаўляцца ў райцэнтры, скажам,колішняе замчышча?

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

- З рэспубліканскага бюджэту запланавана выдаткаваць нам 35 мільёнаў на добраўпарадкаванне былога замчышча і музеефікацыю яго асобных фрагментаў. У наступным годзе мяркуем распачаць гэтую работу. Будуць даведзены да ладу парк, земляныя валы... Ёсць дамоўленасць з мінскім праектным інстытутам па даследаванні гістарычных рэшткаў і па высвятленні, якія з іх элементаў варта захоўваць для нашчадкаў... Дарэчы, ініцыятыва па стварэнні яшчэ аднаго турыстычнага брэнда таксама належыць нашаму старшыні райвыканкама, які мяркуе знітаваць замчышча з інтэрактыўнай дзейнасцю новага краязнаўчага музея.

 Яўген РАГІН:

- Як збіраецеся ў тых жа турыстычных мэтах выкарыстаць не толькі ўнікальныя прыродныя ландшафты, але і творчыя магчымасці аддзела культуры?

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

 - Бачу тут перспектыву ў шчыльным супрацоўніцтве нашых работнікаў культуры з прыватнікамі- гаспадарамі аграэкасядзіб. Але рух па іх стварэнні ў раёне толькі распачынаецца...

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - Калі казаць пра будучыню, дык дзялянка працы тут сапраўды немалая. Мясцовыя абрады ў нашай творчай інтэрпрэтацыі і сярод мясцовага насельніцтва карыстаюцца нязменным попытам. Да прыкладу, у Хвастаўскім СДК заўжды шмат заявак на правядзенне вясельнага абраду. Мы іх з задавальненнем выконваем. І робім гэта, натуральна, на платнай аснове ...

Яўген РАГІН:

- Мне, шчыра кажучы, падабаецца такая тактыка сістэмнай эвалюцыі вашай культурнай сферы. Прынамсі, няма "ліхаманкавасці" ды аўральнасці ў стасунках паміж кіраўніцтвам раёна і аддзелам культуры. Мэты - зразумелыя, цалкам рэальнае іх дасягненне.

 Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - Мы заўжды імкнёмся менавіта да каманднай "гульні" па правілах, зразумелых для кожнага з аднадумцаў.

Яўген РАГІН:

 - Два гады таму ў вас прайшоў юбілейны, Х Абласны фестываль "Сузор'е талентаў". Наколькі ведаю, быў прадстаўлены кожны раён Магілёўшчыны, усе іншыя вобласці Беларусі, прысутнічалі госці з Украіны і Расіі. Свята, па водгуках удзельнікаў,- заўжды яркае, цёплае, запамінальнае. Павышаць статус мерапрыемства не збіраецеся?

 Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

- Безумоўна, збіраемся: чым вышэйшы статус, тым больш гучнасці і прывабнасці ў раёна. А тэматыка фэсту- сямейная творчасць - заўжды будзе вызначацца сацыяльнай значнасцю, актуальнасцю, павышанай запатрабаванасцю і сярод удзельнікаў, і сярод гледачоў...

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- Трэба, проста, больш выразней заяўляць аб сабе ў маштабе рэспублікі.

Яўген РАГІН:

 - Заявіць пра сябе - задача з няпростых... Самы час тут, напэўна, паразважаць аб прафесійнай спрактыкаванасці кадраў?

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

 - З аднаго боку, пад час кожнага раённага свята з лёгкасцю абыходзімся без запрошаных збоку самадзейных артыстаў. З іншага - трэба гэты досвед пастаянна замацоўваць, пашыраць. Калі мы кажам пра ўласную "разыначку" - сямейную творчасць, - дык варта паўсядзённа адшукваць, "раскрываць" такія сем'і, якія здольныя здзівіць, заахвоціць да асалоды творчых радзінных зносін, чым здавён наша Беларусь славілася.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - Не прыхоўваю, кадравая праблема ў нашай сельскай клубнай сістэме хоць і вырашальная, але - ёсць: практыкаў - шмат, спецыялістаў - мала.

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- Горад - гэта заўжды добрая апаратура, вялікая колькасць канцэртаў, гэткія ж глядацкія патрабаванні да якасці мерапрыемстваў. На сяле, згодны, крыху іншая сітуацыя.

Яўген РАГІН:

- Ну, і як ж вырашаць праблему?

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - "Гадаваць" свае кадры, што мы і імкнёмся рабіць. Цяпер у нас навучаюцца шаснаццаць мэтавікаў, сёлета будзе паступаць яшчэ сем.

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

 - За апошнія гадоў восем мы знялі ў раёне ўсе праблемы з жыллём. Нават ёсць вольнае, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. Любы малады спецыяліст без затрымак атрымае ці кватэру, ці дом.

Яўген РАГІН:

- Эфектыўнасць пазабюджэтнай дзейнасці - паказчык прафесіяналізму работніка культуры?

 Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

 - Так, але сацыяльная сфера, па маім перакананні, пакуль не здольная стаць самаакупнай... Гаворка - пра ініцыятыўнасць і здольнасць "нараджаць" крэатыў, які зацікавіць патэнцыйнага спажыўца культурных паслуг. Выязныя канцэрты, лічу, павінны ладзіцца не толькі ў межах нашага раёна - гэта ў працяг тэмы "Заявіць аб сабе". Выезды ў іншыя рэгіёны забяспечаць не толькі гарантаваны грашовы складнік пазабюджэту, але і забяспечаць здаровы дух "міжраённай" канкурэнцыі, якая наўпрост паўплывае, упэўнены, на рост прафесіяналізму.

 Яўген РАГІН:

- Прагучала думка, што гарадскія ўстановы культуры забяспечаны апаратурай лепш, чым сельскія. Сённяшняе выйсце - у больш плённай пазабюджэтнай дзейнасці, каб грошай хапіла і на набыццё мікрафонаў, і на забеспячэнне прыстойнага сцэнічнага асвятлення?

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ:

 - Усе структуры аддзела абавязаны зарабляць на сябе, але план павінен быць рэальным. Мы зарабляем з неблагой дынамікай, у выніку ўсеагульнай камп'ютарызацыі бібліятэчнай сеткі прырост паступленняў ад рэалізацыі платных паслуг культуры павялічыўся за апошнія гады ледзь не на палову. А далейшая дынаміка залежыць ад пастаяннай тэхнічнай мадэрнізацыі ўсёй нашай сферы. І нават у такім выпадку самаакупнасць, да прыкладу, клубнай сістэмы, па нашых прыкідках, дасягне 30 - 40 працэнтаў.

Аляксандр АНЦЮШЭНЯ:

- Пытанне платных паслуг амаль штодня разглядаецца на райвыканкамаўскіх планёрках. Неаспрэчна, трэба зарабляць на сябе. І ў гэтым - таксама праява творчасці, ініцыятыўнасці, крэатыву.

Дэталь да агульнай карціны

Школа бондараў

Даволі рэдкі выпадак, калі раённы Дом рамёстваў месціцца ў вёсцы, а ў раённым цэнтры - толькі ягоны філіял. У Глускім раёне сітуацыя пакуль што менавіта такая: РДР знаходзіцца ў Заеліцы, дзе развіваецца ткацтва, лозапляценне, інкрустацыя саломкай, роспіс па дрэве, а яго філіял - у Глуску.

У філіяле рэй вядзе толькі адзін майстар - бондар Уладзімір Станкевіч, кіраўнік адпаведнага гуртка, які пачынае карыстацца папулярнасцю не толькі ў дзятвы, але і ў дарослых. Ад рэалізацыі свайго тавару, што мае сертыфікат твора мастацкага промыслу, рамеснік зарабіў летась 2,5 мільёна рублёў, сёлета - ужо амаль столькі ж.

Па меркаванні начальніка аддзела культуры, філіял неўзабаве ператворыцца ў школу бондарства. Не для таго, каб паставіць старажытнае мастацтва на вытворча-камерцыйныя рэйкі (хоць і гэта таксама стымул для развіцця), а з мэтай ашчаднага захавання гэтага рэдкага на сёння рамяства.

Анкета ў кірунку камп'ютара

 Адна са слушных ініцыятыў аддзела культуры - стварэнне пры РДК аматарскага аб'яднання, удзельнікамі якога павінны стаць так званыя цяжкія падлеткі.

Па словах загадчыка дзіцячага аддзела ўстановы Алены Грынёвай, цяпер сярод іх праводзіцца анкетаванне для таго, каб высветліць іх зацікаўленасць у наладжванні тых або іншых мерапрыемстваў.

Але ўжо цяпер зразумела, што адным з кірункаў дзейнасці аб'яднання стане бясплатнае засваенне сучасных камп'ютарных тэхналогій. Безумоўна, навучанне для такой катэгорыі падлеткаў будзе бясплатным.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Глускі раён - Мінск

 Фота аўтара 

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"