“Спіс Лапарава”

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Рукапісная кніга— своеасаблівая і непаўторная. Калі друкаваная выдаецца тыражом у некалькі сотняў або тысяч экзэмпляраў-блізнят, то рукапісная — заўсёды адзіная ў сваім родзе — з’яўляецца самым эксклюзіўным прадметам.

 

 І пры гэтым, у кожнай такой кнігі- свая таямніца, якую ўважлівы чытач можа прыадкрыць, уважліва разглядаючы яе старонкі, а разам з гэтым - даведацца пра гісторыю ўзнікнення самога твора, яго аўтара. Жаўтаватая папера з вадзянымі знакамі можа падказаць прыблізную дату напісання кнігі. Сляды кропляў воску дапамогуць перанесціся ў тыя часы, калі пісалі і чыталі пры свечцы. Почырк - роўны, каліграфічны, ці менш старанны, з папраўкамі, дапісваннямі на палях - дасць інфармацыю пра асобу перапісчыка. Аздабленне тэксту раскажа пра яго мастацкія здольнасці і густ.

 Шмат каму здаецца, што рукапісная кніга толькі папярэднічала друкаванай, а потым, саступіўшы ёй дарогу, прыйшла ў заняпад. Але насамрэч гэта не так. І пасля вынаходства друкавання, з'яўлення кніг Францыска Скарыны аж да XX стагоддзя працягвалася вытворчасць рукапісных кніг. Што натхняла брацца за гэтую доўгую нялёгкую працу? Па-першае, перапісванне кніг заўсёды лічылася пачэснай богаўгоднай справай. Па-другое, капіравалі патрэбныя, вартыя перапісвання тэксты: Біблію, богаслужэбныя, чытальныя, юрыдычныя кнігі. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца рукапісныя кнігі, створаныя напрыканцы XVII- у пачатку XX ст. У асноўным, гэта кнігі рэлігійнага зместу, але ёсць і выключэнні- спіс Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага, створаны пад канец XVIII ст. Нагадаем, Статут меў 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1- 4 раздзелах былі змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5- 10 і 13 - шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11 - 12, 14 - крымінальнага права. Законы Трэцяга Статута дзейнічалі ў ВКЛ з 1589 г., а пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай- у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831 г., у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях - да 1840 г. Для практыкі судаводства друкаваных асобнікаў відавочна не хапала, таму адразу пасля зацвярджэння Статута пачалі з'яўляцца спісы. Імі актыўна карысталіся на землях Беларусі, Літвы і Украіны.

 Спісы Трэцяга Статута даследаваліся навукоўцамі, але поўны ўлік усіх захаваных рукапісаў не зроблены. Асобнік, які захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі, складаецца з 223 аркушаў, памерам 33,5х20,8 см. Кніга змешчана ў пераплёт з кардону, пакрытага карычневай скурай з цісненнем. Адсутнасць упрыгожанняў, сціплае афармленне тэксту сведчыць пра тое, што рукапіс прызначаўся выключна для практычных мэт.

На жаль, на кнізе няма запісаў пра час і месца яе стварэння. Пра гэта мы можам толькі меркаваць, разглядаючы на свет пажаўцелыя аркушы. На іх бачныя вадзяныя знакі з выявай герба Яраслаўскай губерні (мядзведзь з сякерай на плячы) і літар "ЯМСЯ" (Яраслаўская мануфактура Савы Якаўлева). Паводле даведнікаў вадзяных знакаў, можна меркаваць, што рукапіс напісаны на паперы, вырабленай у Расіі ў 60 - 80-х гадах XVIII ст.

Варта распавесці і яшчэ пра шэраг цікавых адметнасцей. Асноўны тэкст асобніка напісаны карычневым чарнілам скорапісам адным почыркам. Але не толькі перапісчык спрычыніўся да кнігі- у рукапісе шмат правак і памет, зробленых яшчэ пяццю рознымі асобамі. Найбольшая колькасць правак (асобныя літары, словы і сказы сцёртыя, а паверх іх напісаны іншыя) зроблена ў 4-м раздзеле, які прысвечаны пытанням судаводства і некаторым палажэнням крымінальнага і грамадзянскага права ВКЛ. Відаць, гэтыя пытанні найбольш цікавілі карыстальнікаў. У кнізе ёсць сцёртыя і замазаныя фіялетавым алоўкам паметы, не звязаныя з праўкамі тэксту. Верагодна, хтосьці (магчыма, перад продажам рукапісу) свядома знішчаў запісы, на якіх быў пазначаны былы ўладальнік. Але прозвішча мяркуемага ўладальніка рукапісу ўсё ж удалося прачытаць - "Лапарев".

Такім чынам, спецыялісты здолелі прыадкрыць заслону таямніц гэтага рукапіснага артэфакта. Але даследаванне працягваецца, і, магчыма, самае цікавае яшчэ наперадзе.

Алена ЦІТАВЕЦ,

загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

На здымках: партрэт Льва Сапегі; старонка з друкаванага выдання Статута; той самы "спіс Лапарава".