Крышку большае за…

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

“Калі дрэвы былі вялікія”— так называецца сумесная выстаўка арт-лялек Таццяны Пачывалавай і фатаграфій Валерыя Руселіка, якая адкрылася ў гродзенскай галерэі “У Майстра”. Пад час падрыхтоўкі экспазіцыі з’явілася і яшчэ адна назва — “Дрэвы як людзі, людзі як дрэвы”.

 

Кожная лялька Таццяны Пачывалавай, якая скончыла факультэт мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, зроблена па аўтарскай тэхналогіі ў адным экзэмпляры. Майстар прызналася, што для вырабу адной лялькі патрэбен месяц. Многія з арт-аб'ектаў Пачывалавай маюць філасофскія назвы, нейкім чынам звязаныя з прыродай: "Яблык спакусы", "Месца пад сонцам", "Вецер пад грушкаю люльку пагушквае", "Зялёныя дзверцы", "Сеня Ясень". Да таго ж, пад час прэзентацыі выстаўкі галерэя была ўпрыгожана пладамі дрэў яблыні, вішні, шышкамі- безумоўна, дадзеныя атрыбуты падтрымалі тэматыку мерапрыемства.

На фотаработах Валерыя Руселіка адлюстравана прырода: у кадр аўтара трапілі дрэвы - абпаленыя лясным вогнішчам ці спілаваныя, у промнях сонца, адзінокія ў полі, пакрытыя шэранню, у золаце восеньскага лісця... Так ствараецца ўражанне, што дрэва і чалавек - гэта не проста прыгожая алегорыя, а нешта крышку большае.

Дар'я ЧАРКЕС

Гродна