Сярод удзельнікаў вернісажу - як прызнаныя мэтры сваёй справы, так і маладыя, пачынаючыя, фотамастакі. Ліпеньская выстаўка, несумненна, будзе цікавая шырокаму колу наведвальнікаў, паколькі на ёй дэманструюцца разнастайныя па жанры работы: гарадскія і сельскія пейзажы, нацюрморты, партрэты, жанравыя і рэпартажныя здымкі.
Майстэрства гродзенскіх фатографаў адначасова ўражвае і здзіўляе. Выклікаюць захапленне прынёманскія краявіды Аляксандара Ласмінскага, кіраўніка народнага фотаклуба "Гродна", а на здымках Пятра Янчэўскага - напружаная праца хірургаў у аперацыйнай. Аляксандр Дзюрдзь выканаў па-сапраўднаму наватарскую серыю фатаграфій, своеасаблівую варыяцыю на тэму карціны К.Малевіча "Чорны квадрат".