Яна і Ён

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Дзве гісторыі ад маладых рэжысёраў

Падрыхтоўка якасных рэжысёрскіх кадраў для беларускага кінамастацтва - пытанне ці не самае актуальнае, асабліва ў разгар прыёмнай кампаніі. Пакуль будучыя творцы толькі штурмуюць дзверы творчых ВНУ, самы час прасачыць эвалюцыю тых, чый тэрмін навучання перасягнуў экватар. Шматлікія крытыкі сучаснай прадукцыі айчыннага кіно заяўляюць аб штучных сітуацыях, другасных сюжэтах, бляклых эмоцыях у нашых стужках. Днямі давялося паглядзець колькі курсавых работ студэнтаў чацвёртага курса факультэта экранных мастацтваў БДАМ, у якіх знайшлося ўсё тое, чаго, відаць, і чакае абазнаны ў кінамастацтве глядач ад карцін нашых сталых профі.

 

Дзяўчаты абіраюць складанае

За гады свайго развіцця кінарэжысура не стала менш складанай у фізічным ды эмацыйным плане прафесіяй. Тым не менш, дзяўчаты актыўна штурмуюць яе вышыні: на курсе, які вядзе вядомы тэлерэжысёр Сяргей Кацьер, паслядоўніц Эсфіры Шуб і Ларысы Шапіцька - ці не палова ад агульнай колькасці студэнтаў. Цікава, што і тут маладыя рэжысёры жаночага полу пацвярджаюць стэрэатыпы, якія даўно склаліся: даследчыкі кіно заўважылі, што жанчыны любяць брацца за няпростыя, праблемныя сюжэты, і стужкі ў іх атрымліваюцца часцяком надзвычай адкрытыя "праўдзе жыцця" ў яе непрыхаваным выглядзе.

Карціна Яўгеніі Шут з красамоўнай назвай "У чаканні кахання" цалкам прысвечана адной гераіні і ейным маналогам. Мінчанка Аляксандра жыве самотна, яе першы брак аказаўся няўдалым, і цяпер яна, расчараваная ў адносінах паміж поламі, нават не плануе паўторнага вяселля, хоць і сустракаецца з хлопцам. Экстравертная Аляксандра не саромеецца відэакамеры і сяброўкі-рэжысёра за ёй, жвава і з відавочнай ахвотай паведамляючы аб акалічнасцях свайго бессэнсоўнага, як ёй падаецца, існавання: свет без кахання ўяўляецца маладой дзяўчыне пустым, а адносіны між людзьмі- фальшывымі і няшчырымі. Аляксандра выглядае ў кадры разумнай і прывабнай, але відавочна самотнай і нешчаслівай асобай./i/content/pi/cult/333/6079/pic_37.jpg

Цікава, што пры гэтым, праз свой цынізм і занадта рэзкія выказванні на адрас навакольных, пачуцця спачування гераіня не выклікае. Але аўтару стужкі, пэўна, было патрэбна зусім іншае: блізкі да натуралістычнага партрэт нашай сучасніцы. Нездарма Яўгенія Шут не пакінула ў фільме амаль ніякіх падрабязнасцей біяграфіі сваёй гераіні, тым самым відавочна прэтэндуючы на абагульненне. Партрэт Аляксандры - гэта вельмі трапны вобраз сучасніцы, маладога члена "атамізаванага" грамадства постіндустрыяльнага мегаполіса. Нездарма гераіня мае "модны" занятак "івэнт-менеджара", што, дарэчы, не прыносіць ёй ні гонару за сваю прафесійную дзейнасць, ні асаблівага прыбытку.

Герой стужкі Марыі Арэх "Бесталач" Віктар, наадварот, выглядае куды больш цэласным ды шчаслівым чалавекам. Гэта падаецца парадаксальным: у адрозненне ад асобы, якую вылучыла з натоўпу Яўгенія Шут, Віктар - спакойны і ўраўнаважаны, нягледзячы на цяжкую хваробу маці і куды менш прэстыжную прафесію. Па меры знаёмства з яго вобразам назва стужкі здаецца ўсё больш недарэчнай: у героі "Бесталачы" ўгадваецца па-сапраўднаму моцны і непахісны характар, які паступова пачынаеш паважаць.

Віктар працуе гукарэжысёрам у школе і дзіцячым летніку: абслугоўвае дыскатэкі і разнастайныя мерапрыемствы. Годна ён прымае сваё, скажам шчыра, сціплае існаванне: яго праца амаль незаўважная для навакольных, а маці патрабуе штохвіліннага дагляду, бо ўжо чацвёрты год не ўстае з ложка... Тым не менш, Віктар вельмі спакойна, у духу нацыянальнага характару, успрымае сваё быццё і тым самым выклікае не толькі спагаду, але і сапраўдную павагу гледача.

 

Перавага лаканізму

/i/content/pi/cult/333/6079/pic_38.jpgПаказальна, што абодва маладыя рэжысёры, абраўшы для сваіх стужак распаўсюджаны жанр партрэта, пабудавалі іх па амаль аднолькавай схеме, па максімуме выкарыстаўшы ў кадры маналогі герояў.

Яўгенія Шут пры гэтым амаль пазбегла дадатковых дэталей: яе "падвопытная" знаходзіцца ў абязлічанай прасторы вуліц і інтэр'ераў вялікага горада, а нялюбы бойфрэнд Аляксандры вельмі трапна з'яўляецца ў кадры, здаецца, толькі дзеля таго, каб прадэманстраваць інфантыльны характар сучасных хлопцаў на кантрасце з "дзелавымі" паводзінамі сваёй сяброўкі. Што да карціны "Бесталач", то Марыя Арэх насычае яе мноствам побытавых падрабязнасцей, якія не столькі дапамагаюць лепш зразумець жыццё героя, колькі адцягваюць увагу ад ўнутранага свету адлюстраванага ў фільме чалавека.

Калі ў выпадку з гераіняй Яўгеніі Шут шматлікія маналогі дапамагаюць раскрыць характар ды становяцца ці не самастойным кінематаграфічным прыёмам, то ў стужцы Марыі Арэх лішнія словы толькі замінаюць з'яўленню адчування сапраўднай рэчаіснасці. "У чаканні кахання" ў гэтым сэнсе выглядае больш удала за кошт свайго лаканізму і дзякуючы акрэсленай тэме.

 

 Імкнуцца да мастацкасці

Курс рэжысуры тэлекіно, які вядзе на факультэце экранных мастацтваў Сяргей Кацьер, скіраваны, у першую чаргу, на дакументалістыку. Тое зразумела, бо праграмы сучасных тэлеканалаў складаюцца збольшага з неігравога кантэнту. Але часы сухой інфармацыі ды хронікі на "малым экране" даўно мінулі. Ды і разуменне дакументальнага кіно ў свеце куды як пашырылася: па праграме неігравых міжнародных форумаў, у тым ліку конкурсных паказах фестывалю "Лістапад", добра відаць, як дакументалісты пашыраюць сферу мастацкасці на свае творы.

Лепшыя карціны беларускіх дакументалістаў Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч інакш як мастацкімі не назавеш. Аслюк, да таго ж, спрабаваў сябе і ў ігравым кіно, што ўжо колькі гадоў з'яўляецца "трэндам" сусветнага экрана: з дакументалістаў на "вялікі экран" выйшлі выбітныя аўстрыйскія рэжысёры Міхаэль Ханеке і Ульрых Зайдль, класік польскага кіно Кшыштаф Кіслеўскі, вельмі плённа спалучае працу ў неігравым і ігравым кіно Аляксандр Сакураў.

Не дзіва, што студэнты ФЭМа актыўна спрабуюць сябе на абодвух "франтах". У выніку непасрэдная эмацыйнасць і свежае ўспрыняцце рэчаіснасці трапляе з іхніх ігравых "проб пяра" ў іх жа дакументальныя вопыты, многія з якіх выглядаюць больш чым годна нават на фоне работ больш дарослых калег са студыі "Летапіс" і "Белвідэацэнтра". Нездарма кіраўніцтва Нацыянальнай кінастудыі, што пільна адсочвае патэнцыйных супрацоўнікаў, вельмі зацікавілася асобамі аўтараў вышэйназваных стужак ды іншых студэнтаў з курса тэлевізійнай рэжысуры.

Не паверыце, але пасля гадзін у глядзельнай зале на галівудскіх сеансах, пасля шматлікіх "блокбастараў" кароткія, на некалькі дзясяткаў хвілін нашых чацвёртакурснікаў падаліся ці не глыткамі свежага паветра. А ўсё з-за таго, што маладыя кінематаграфісты з курса Сяргея Кацьера свае першыя прафесійныя крокі свядома зрабілі па роднай зямлі, адлюстраваўшы сваіх, а не заакіянскіх герояў. Вельмі хочацца, каб яны і далей абіралі "родныя", хвалюючыя асабіста нас, сучасных беларусаў, сюжэты і герояў ды паказвалі іх такім жа свежым і неангажаваным вокам, як у свае вучнёўскія гады.