Выхад у космас

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Касмічная тэма была абыграна ў сёлетняй сцэнаграфіі Летняга амфітэатра.

/i/content/pi/cult/333/6078/pic_35.jpgНе адмовіўшыся ад святлодыёдных панэлей, здольных імгненна змяняць "карцінку", Зіновій Марголін зноў вярнуўся да самай прыцягальнай рысы свайго таленту - умення мысліць канцэпцыйна, выбудоўваючы адметныя асацыятыўныя шэрагі. У выніку 20-ы форум быццам выйшаў у адкрыты космас. Тым больш, падобны падыход ані не абвергнуў нацыянальнай індывідуальнасці. На авансцэне ганарліва ўладкавалася "падкова" з назвай фестывалю. Яна размешчана акурат над валошкай, быццам ахінаючы-аберагаючы гэты фестывальны сімвал і адначасова нагадваючы пра фальклорны складнік форуму.

Што ні кажыце, а сцэнаграфія ўсіх дваццаці форумаў дакладна адлюстравала агульныя змены мастацкага мыслення: ад колішніх "рэалістычных" бярозак да запрашэння Зіновія Марголіна, які і трактары на сцэну выкочваў з народным хорам у прычэпе, і выцінанкі з саламянымі павукамі развешваў, працягваючы лепшыя традыцыі філасофска-канцэпцыйнай сцэнаграфіі, заснаванай на пераасэнсаваннях адзінай сцэнічнай канструкцыі. Але ўсе гэтыя тонкасці, прыдатныя для тэатральнай сцэнічнай прасторы, не заўсёды ў поўнай меры ўспрымаліся на тэлеэкране. А між тым, тэлеверсія фестывалю, дзякуючы спутнікаваму вяшчанню, пачала набываць усё большы разгорт. І, натуральна, прывяла да тэхнічнай рэвалюцыі: Дырэкцыя форуму набыла новае абсталяванне, якое дазваляла ствараць на сцэне цуды.

Цяперашняя сцэнаграфія аказваецца аднолькава прыдатнай для публікі як "партэра", так і "галёркі", а таксама для шматлікіх тэлегледачоў. Але ўспрымаецца пры гэтым - абсалютна па-рознаму! Калі з "партэра" і папраўдзе - круглыя люкі касмічнага карабля і згаданая "падкова", дык з "галёркі" - крутое фэнтазі, пастаянныя ператварэнні касмічнага інтэр'ера то ў люстэркавую бальную залу, то ва ўсходні шацёр, то ў тэатральнае "перадкуліссе" з пражэктарамі-"юпітэрамі", то ў падабенства знакаў задыяка (таксама космас!), то ў геаметрычны рэбус, заснаваны на простых фігурах: круг, прамавугольнік, трохвугольнік. А на так званым "казырку" сцэны, які здалёк успрымаецца ледзь не адным з галоўных складнікаў відовішча,- шырачэзны, упрыгожаны касмічнымі пералівамі фарбаў "бягучы радок", толькі не з "субцітрамі", а з назвай фестывалю на розных мовах. Пры тэлетрансляцыі ж, калі выкарыстоўваюцца некалькі камер, чаргуючы розныя, але пераважна буйныя планы, сцэна часцей успрымаецца як частка святочнай дзеі - штораз розная.

Гэтак жа па-рознаму глядзіцца дзеянне "інтэлектуальных" лябёдак. Замест "даху", які часам зніжаўся рэзка, некалькі адкідных панэлей, рух якіх успрымаецца то расцвітаннем кветкі, то адкрыццём-закрыццём патаемных дзвярэй. І выкарыстоўваецца гэты прыём дастаткова ашчадна, далёка не ва ўсіх канцэртах, бо папраўдзе з'яўляецца вельмі моцным сродкам выразнасці, здольным нават засланіць артыстаў.

На здымку: інтэлектуальная сцэна Амфітэатра.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"