Лаўрэаты ў лаўрах і без іх

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Прызнаюся, ніводную сустрэчу, нават з самымі "зорнымі зоркамі", журналісты не чакалі так, як "...Гадзіну" з пераможцамі і лаўрэатамі конкурсаў "Славянскага базару...".

/i/content/pi/cult/333/6077/pic_33.jpgНа яе прыйшлі Святлана Слаўкавіч (Сербія), Таццяна Краснянская (Украіна), Тэона Дольнікава (Расія), Данатас Мантвідас (Літва) і трое беларусаў: Паліна Смолава, Максім Сапацькоў і Пётр Ялфімаў.

- "Славянскі базар у Віцебску",- прызналася Таццяна Краснянская, - гэта надзвычай рамантычнае месца, дзе здзяйсняюцца мары. Я сустрэла тут першае каханне. А зараз, вярнуўшыся ў новай якасці, вельмі радуюся, што зноў спяваю з цудоўным аркестрам Міхаіла Фінберга. Гэты калектыў - проста фантастыка!..

- Конкурс прынёс мне ўрок і вопыт,- распавёў Данатас Мантвідас.- Узышоўшы на вяршыню, якую марыў скарыць, я зразумеў: там - толькі далейшы шлях. Галоўнае ў любым конкурсе- тое, што застаецца з табой. І тое, што засталося ў памяці гледачоў...

- Можа, пра мяне ў Маскве не крычаць, - зазначыла Паліна Смолава,- але ўсё ж гавораць. Я вельмі рада, што мая "дарожка" не стаіць на месцы. Тры-чатыры разы на месяц я прыязджаю ў Беларусь. Летась адбыўся мой гастрольны тур па дваццаці гарадах Беларусі. Цяпер маім прадзюсарам стаў муж. Ён - бізнесмен, цалкам давярае мне як музыканту, і мне вельмі прыемна, што я магу ствараць уласныя праекты. Менавіта ён натхніў мяне на тое, каб я не толькі спявала, але і сама складала песні. У мяне працуе каманда, якая робіць усё, каб я магла займацца выключна творчасцю...

Што ж, давядзецца пачакаць, бо рыхтуючыся да канцэрта "З юбілеем, фестываль!" Паліна спынілася ўсё на тым жа "Рэху жураўліным" Дзмітрыя Даўгалёва на словы Уладзіміра Пецюкевіча, якое і прынесла ёй колішняе Гран-пры.

А вось ураджэнец Гомеля Максім Сапацькоў, які часцей выступае як Макс Лорэнс, абраў для Віцебска ўласную песню:

- Я накідаў яе ў цягніку яшчэ восем гадоў таму, калі вяртаўся /i/content/pi/cult/333/6077/pic_34.jpgса "Славянскага базару...", атрымаўшы Гран-пры. Але ўвасобіў толькі цяпер...

Асаблівасці творчага працэсу высветліліся ў прыватнай размове. Макс зусім не шкадуе, што колькі гадоў знаходзіўся ў ценю свайго сябра Сярогі:

- Я ўдзячны яму, што за час нашай працы ён даў мне магчымасць рэалізавацца і як вакалісту, і як студыйнаму работніку (я і аранжыроўцы навучыўся, і гукарэжысуры), і, у некаторай ступені, як аўтару. Гастралюючы з ім, я ўбачыў свет, пазнаёміўся з таленавітымі музыкантамі, займеў шмат новых сяброў. Цяпер развіваюся як сольны выканаўца, аўтар, аранжыроўшчык (апошняе ўвогуле "зацягвае" так, што магу суткамі сядзець за камп'ютарам, пакуль не рэалізую сваю ідэю). Хачу сачыняць і для іншых выканаўцаў...

Цікава, што "кампазітарскі сіндром" ахапіў ледзь не ўсіх пераможцаў "Славянскага...".

Але ў час канцэрта "З юбілеем, фестываль!" на Гран-пры, калі яго прысуджалі б, відавочна прэтэндаваў Пётр Ялфімаў. Ён спяваў арыю з рок-оперы Э.-Л. Уэбера "Ісус Хрыстос - суперзорка", што была сярод твораў, з якімі ён летась атрымаў пяць залатых медалёў у розных намінацыях Сусветнага чэмпіянату выканальніцкіх мастацтваў у Лос-Анжэлесе. І гэта былі "зорныя хвіліны" ўсяго фестывалю!..

На здымках: пад час канцэрта лаўрэатаў; саліруе Пётр Ялфімаў.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"