“Я ганюся за… музыкай”

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Іван КАРЫЗНА: “Калі бронза даражэй за золата?”

/i/content/pi/cult/333/6075/pic_31.jpg19-гадовы беларускі віяланчэліст Іван КАРЫЗНА, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, стаў лаўрэатам ХІV Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага! Гэта - сапраўдная сенсацыя! Справа не толькі ў тым, што найпрэстыжнае творчае спаборніцтва піяністаў, скрыпачоў, віяланчэлістаў і вакалістаў, якое носіць імя вялікага класіка, праводзіцца ўсяго раз на чатыры гады. Галоўнае, што перамагчы на дадзеным конкурсе- азначае не менш, як стаць уладальнікам цэлай гронкі алімпійскіх медалёў. Бо збіраюцца на гэты конкурс лепшыя з лепшых суперпрафесіяналаў свету. А праграма, якую трэба выканаць музыкантам-інструменталістам на трох турах (сёлета, дарэчы, туры складаліся яшчэ і з некалькіх этапаў), складае ледзь не чатыры гадзіны музыкі - найскладанай, віртуознай, што ахоплівае розныя эпохі і стылі і ўключае шэраг так званых абавязковых твораў, якія павінен выканаць кожны.

Імя лаўрэатаў конкурсу ведае ўвесь свет: мы і цяпер, больш як праз паўстагоддзя, узгадваем першага пераможцу- амерыканскага піяніста Вана Кліберна, які сёлета пабываў на фестывалі. Памятаем мы і беларускіх пераможцаў. Сярод піяністаў - гэта Андрэй Паначэўны, што нядаўна даваў сольнік у нашай філармоніі. Сярод струнных смыкавых Ваня Карызна - першы. Але ягоная бронза даражэйшая за золата не толькі з-за гэтага. Не палянуйцеся, знайдзіце на сайце конкурсу яго выступленні, праглядзіце водгукі. І вы заўважыце, што калі ігра іншых музыкантаў суправаджалася самымі супярэчлівымі меркаваннямі, дык Ваніна выкананне выклікала толькі самыя захопленыя эпітэты. І гэта прытым, што сёлета ўпершыню ўсе праслухоўванні трансліраваліся ў рэжыме рэальнага часу, і за падзеямі сачыў увесь свет.

- Крыўдна было, што не першае месца атрымалі?

- Ды не хацеў я першага! Нават калі выйшаў са сцэны пасля другога этапа трэцяга тура, сказаў пра гэта сваім калегам. Бо Першая прэмія прадугледжвае заключэнне кантракта, які падпарадкоўвае сабе далейшы расклад пераможцы. Гастролі, гастролі- гэткае "пералётнае" жыццё, дзе не будзе часу, каб нармальна пазаймацца. Мне такое не патрэбна. Куды больш высокай узнагародай для мяне сталася ўжо тое, што члены журы пасля конкурсу прызнаваліся: я- іхні фаварыт. Пачуць такое ад сусветна прызнаных майстроў - вялікі гонар. Конкурсы патрэбны для ўсталявання кантактаў, для таго, каб цябе заўважылі. Увогуле ж, я спаборніцтвы не люблю. Хтосьці гоніцца за грашыма, канцэртамі, славай. Я ж- за музыкай. А яе хапае і без конкурсаў. Нават здараецца, што на конкурсах яе менш! Бо там даводзіцца "судзіць", выбіраць, хто лепей. А ў музыцы рабіць гэта аб'ектыўна - надзвычай складана, нават немагчыма. Як параўнаць непараўнальнае? Тут жа няма крытэрыяў "хто хутчэй" ці "хто вышэй".

- Як жа вы на конкурс трапілі?

- Можна сказаць, выпадкова. Ініцыятарам была бабуля па матчынай лініі.

- А не ваш педагог? Ці, дакладней, педагогі: у каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вы займаліся ва Уладзіміра Перліна, цяпер навучаецеся ў Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі музыкі і танца, у Жэрома Перно, які неаднойчы наведваў Беларусь з канцэртамі і майстар-класамі...

- За мяжой зусім іншае стаўленне да навучальнага працэсу. Нашы выкладчыкі надта апякуюць сваіх выхаванцаў. Той жа Уладзімір Паўлавіч, думаю, ніколі не адпусціў бы мяне на гэты конкурс: маўляў, ранавата. У ягоным класе настолькі сур'ёзнае стаўленне да твораў, якія выконваюцца, што кожны развучваецца вельмі доўга, карпатліва. А тут я быў пастаўлены ў экстрэмальныя ўмовы. Год таму, калі падаваліся заяўкі на конкурс, у мяне практычна не было неабходнай для яго праграмы: першага тура не было ўвогуле, з другога - былі развучаны толькі два творы, з трэцяга - адзін. Але адступаць было няма куды, і я зразумеў, наколькі гэта мабілізуе, як шмат мне дала сама неабходнасць вывучыць вялізную праграму (на тры з паловай гадзіны чыстай музыкі) за сціслыя тэрміны. І ўсё гэта - у дадатак да кансерваторскіх заняткаў, бо там мяне ніхто не вызваляў ад абавязкаў. Літаральна за тыдзень да ад'езду ў Маскву я здаваў іспыт па спецыяльнасці. І рыхтаваў да яго зусім іншую праграму - тую, якая была прадугледжана кансерваторскімі патрабаваннямі. У гэтым сэнсе конкурс сапраўды даў мне шмат! У час падрыхтоўкі я многае адкрыў для сябе. І зразумеў, наколькі гэта цікава!

- Няўжо вы рыхтавалі праграму цалкам самастойна?

- Чаму ж? Але заняткі ў Перно вельмі адрозніваюцца ад нашых. Мы сустракаемся з Перно раз на тыдзень, недзе на гадзіну, па дамоўленасці. Стасункі, можна сказаць, як паміж калегамі- старэйшым і малодшым. Усё астатняе - самастойная праца. Ён падказвае самыя агульныя рэчы: стылёвыя, канструктыўныя. І робіць гэта без залішніх "сантыментаў". Часам так і хочацца ўсклікнуць: "Ну скажы ж ты яшчэ што-небудзь, скажы больш!" Не, не кажа. Але я вельмі ўдзячны яму за такую форму працы, бо яна выхоўвае самастойнасць. І, вядома, раіўся з ім, якія творы лепей выбраць для конкурсу.

- На трэцім туры, дарэчы, вы выконвалі Канцэрт англійскага кампазітара Эдварда Эльгара, якога раней, наколькі я ведаю, у вашым рэпертуары не было. Чаму спыніліся менавіта на гэтым творы? Ён жа быў, як кажуць музыканты, "неабыграны". Ці не залішне вялікая рызыка? Хаця гучаў Канцэрт - на адным дыханні, натхнёна і, разам з тым, строга лагічна, не рассыпаючыся на "цаглінкі"...

- Спачатку збіраўся граць Канцэрт Шастаковіча. А літаральна за тры хвіліны да заканчэння тэрміну, калі яшчэ можна было ўнесці змяненні ў праграму, адправіў па электроннай пошце паведамленне. - Гэткі спантанны парыў? - Не ведаю, чаму, але я зразумеў, што трэба граць менавіта Эльгара. Пэўна, таму, што Шастаковіч, хаця я яго і выконваў, пакуль не зусім "мой". Проста было штосьці накшталт "відзёжу", што трэба абраць Эльгара. У Еўропе ён вельмі папулярны, у нас - не. Але там такое рамантычнае шматтэм'е! А што да рызыкі... На першых двух турах страхуешся значна больш, намагаешся ўсё кантраляваць. На трэцім жа рабіць гэта- бессэнсоўна. Бо далейшага "адсеву" з пяцёркі мацнейшых ужо няма, а якое менавіта месца зоймеш - не так ужо і важна. Таму можна, нарэшце, граць у сваё задавальненне.

- Ды яшчэ з аркестрам!

- Шмат залежыць ад дырыжора. З Валерыем Гергіевым, да прыкладу, папросту немагчыма граць дрэнна! Рэпетыцыя доўжыцца хвіліны тры: крыху - пачатак твора, потым - фрагмент сярэдзіны... І ўсё! А далей - ён ужо ведае, што я зраблю ў наступным такце. Як яму гэта ўдаецца, зразумець немагчыма...

- Хто клапаціўся пра вас у Маскве? У нас гэта робіць звычайна педагог ці канцэртмайстар, якія становяцца "другімі бацькамі"...

- Канцэртмайстар жа - францужанка! Хутчэй, гэта я аб ёй клапаціўся, бо яна рускай мовы не ведае. Перно быў у Афрыцы. А Перлін прыехаў да трэцяга тура і вельмі дапамог мне з Варыяцымі на тэму ракако. На другі тур прыехала мама, як і абяцала. Калі я прайшоў, дык першая думка была: нарэшце яе ўбачу! І другі тур я граў - для яе. А на трэці прыехаў і тата - і я граў для іх абаіх. А бабуля Каця, якая і натхніла мяне на гэты конкурс, сачыла за маімі выступленнямі праз Інтэрнэт. І вельмі перажывала. Пасля конкурсу я заехаў на колькі дзён у Мінск, а потым рушыў да яе, у Дзятлава Гродзенскай вобласці. Яна жыве ў прыватным сектары. Там такая прыгажосць!

- Сям'я для вас шмат значыць? Ці не цяжка аднаму ў Парыжы?

- Сям'я - гэта калі ўсе разам: сем "Я". Але разумееш гэта, толькі калі апынаешся адзін. Цяпер Насця, мая старэйшая сястра, скрыпачка, таксама прыехала вучыцца ў Парыж. Я так узрадаваўся! Старэйшая за мяне на два з паловай гады, яна ў дзяцінстве, здаралася, мяне шантажыравала. Я заўсёды быў "хуліганістым", і яна папярэджвала: маўляў, раскажу бацькам. Ну як тут ні крыўдзіцца! А ў Парыжы - не да спрэчак і крыўдаў.

- Вы выраслі ў музычнай сям'і. Маці - цудоўная піяністка, канцэртмайстар. Бацька - кампазітар. Дзядуля па бацькоўскай лініі- паэт, аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі, у свой час узначальваў музычную рэдакцыю радыё, таксама пісаў песні і хоры. Гэта неяк на вас уплывала?

- Насамрэч, на чалавека ўплывае абсалютна ўсё. Галоўнае - як ён потым гэтую інфармацыю трансфармуе, што і як з яе бярэ.

- Віяланчэль вы самі ў дзяцінстве абралі? Ці ўсё ж- бацькі?

- Мама хацела, каб я граў на саксафоне. І ў падрыхтоўчым класе я спраўна "дудзеў" на блок-флейце, з якой пачынаецца навучанне на ўсіх духавых інструментах. А як паступаў у першы клас, мяне заўважыў Уладзімір Перлін. І- узяў у свой клас. Як бачыце, ён не памыляецца!

- Вы лічыце сябе выхаванцам беларускай выканальніцкай школы - ці ўсё ж французскай, хаця вучыцеся там толькі два гады?

- Я не люблю гэтае азначэнне- "школа". З аднаго боку, яно надта гучнае, з іншага - настройвае на нейкую ўніфікаванасць. Школа, як я лічу,- усяго толькі тэхналогія. Навучыцца ёй неабходна, але пры гэтым шукаць і тое, што больш прыдатнае менавіта для цябе. Ідэальны варыянт - назіраць і назапашваць самастойна, пры гэтым выбіраючы тое, што табе патрэбна. Бо калі проста даюць- можа, гэта не зусім тое, што ты так прагна шукаеш. Павінен быць выбар! Індывідуальны. Гэта і ёсць школа - твая ўласная.

- А чаму кампакт-дыскі не запісваеце?

- Думаю, ранавата: я яшчэ не зусім склаўся як музыкант. Дый для добрага запісу патрэбны і адпаведны інструмент. Так, у мяне ёсць добрая віяланчэль, падораная калісьці Уладзімірам Співаковым і яго фондам. Але струннікі, як вядома, хутка "вырастаюць" са сваіх інструментаў. На конкурсе Чайкоўскага ўсе лаўрэаты, акрамя мяне, гралі на калекцыйных віяланчэлях, выдадзеных ім з дзяржаўных ці прыватных калекцый. У Беларусі падобная калекцыя якраз пачынае складацца: наколькі я ведаю, нядаўна набылі скрыпку, Співакоў даслаў флейту... Так што ўсё яшчэ наперадзе! Для адборачнага ж тура я дасылаў у Маскву запісы, што рабілі студэнты-гукарэжысёры: у Парыжскай кансерваторыі ёсць свая студыя, дзе яны і практыкуюцца. Увогуле, там куды больш студэнцкіх канцэртаў. Літаральна штодзень - адразу па некалькі. І такая набліжанасць навучання да практыкі таксама дае свае вынікі. Бо ў маладосці так хочацца сябе рэалізаваць- па максімуме!__

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"