Святлана Іосіфаўна КІТАНІНА прапрацавала ў Нацыянальным мастацкім музеі 45 гадоў. Яна скончыла філалагічны факультэт БДУ і ў 1962 годзе прыйшла працаваць у Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Яе прымала на працу наш легендарны дырэктар- Алена Васільеўна Аладава.
У 1962-м, ужо калі была супрацоўнікам Мастацкага музея, Святлана Іосіфаўна паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральнамастацкі інстытут і ў 1967 годзе атрымала дыплом мастацтвазнаўцы.
У хуткім часе С.І. Кітаніна стала працаваць у аддзеле сучаснага беларускага мастацтва. Як было адзначана ў характарыстыцы, напісанай А.В. Аладавай, "...тав. Кітаніна зрабіла вялікую працу па вывучэнні беларускай савецкай графікі і жывапісу. Яна была складальнікам раздзела айчыннага жывапісу каталогаў рэспубліканскіх выставак. Ёю вялася праца над навуковым каталогам "Беларускі жывапіс у зборы музея". Працуючы над каталогам, Святлана пачала складанне навуковай картатэкі музейнай калекцыі беларускага жывапісу, якая працягваецца і дасюль. Акрамя таго, яна была аўтарам экспазіцый беларускага мастацтва ў музеі і не толькі.
У 1980-м яна становіцца ўліковым сакратаром Д з я р ж а ў н а г а мастацкага музея БССР. На гэтай пасадзе прапрацавала 18 гадоў. У гэты перыяд пачалі публікавацца "Паведамленні Дзяржаўнага мастацкага музея БССР". У першым выпуску "Паведамленняў", прысвечаным 50-годдзю з дня заснавання музея, С.І. Кітаніна прымала самы актыўны ўдзел. Яна правяла карпатлівую працу па вывучэнні дакументаў для публікацыі "Хроніка музея за 50 гадоў".
З 1998-га Святлана Іосіфаўна - вядучы архівіст Нацыянальнага мастацкага музея. У 2007 годзе яна выйшла на пенсію, але не забывалася на родны музей: прыходзіла на выстаўкі, стэлефаноўвалася з калегамі.
Мы, супрацоўнікі старэйшага пакалення, прапрацавалі з ёй доўгія гады і захаваем пра яе светлую памяць. Яе жыццё, адданасць сваёй справе, Музею- прыклад для маладых супрацоўнікаў.
Алена ШАПАШНІКАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь