З Ліёна — да Здраўнёва

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Адзін дзень з беларускага падарожжа нашчадкаў Рэпіна

/i/content/pi/cult/333/6069/pic_17.jpgАдказаць на пытанне, хто такі Ілья Рэпін, думаецца, здолее без асаблівых цяжкасцей ці не кожны наш суайчыннік. Днямі нашчадкі славутага мастака ўпершыню трапілі на Беларусь з галоўнай мэтай - дакрануцца да сваіх вытокаў, непасрэдна звязаных з той зямлёй, дзе жыў і ствараў іх слынны продак. Адзін дзень у кампаніі гасцей з Францыі правёў і наш карэспандэнт.

Першым, каго давялося сустрэць у холе гасцініцы "Віцебск", стаў Іван Дзьяканаў, інжынер камунікацыйнай карпарацыі з Францыі, адзін з найстарэйшых прадстаўнікоў сям'і нашчадкаў знакамітага мастака. І пакуль у ваяж па мясцінах Рэпіна збіраліся астатнія ўдзельнікі паездкі, было б неабачліва не задаць госцю колькі пытанняў адносна візіту ў нашу краіну, ягоных чаканняў ад вандроўкі па ўлюбёнай продкамі зямлі, а таксама пра першыя ўражанні ад Віцебска. Што цікава, паразумецца мы здолелі з выкарыстаннем чатырох моў: беларускай, рускай, англійскай і, вядома ж, французскай.

-Ілья Рэпін,- кажа Іван Дзьяканаў,- вядомы ў Францыі толькі даследчыкам жывапісу, а таму памяць пра славутага продка захоўваецца пераважна ў сямейным коле. Для нас паездка важная тым, што мы адкрываем свае вытокі. Нам важна зразумець сваё паходжанне. Гэтая паездка вельмі цікавая і для нашай моладзі, якая адкрывае не толькі свае карані, але і саму Беларусь...

Іван Дзьяканаў падзяліўся і даволі драматычнай гісторыяй сваёй сям'і. /i/content/pi/cult/333/6069/pic_18.jpgЯк аказалася, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у ліпені 1918 г., у Здраўнёве пасялілася малодшая дачка Рэпіна - Таццяна са сваёй дачкой, якая ў 1921-м выйшла замуж за сына мясцовага святара Івана Дзьяканава. І менавіта ў сядзібе пад Віцебскам у іх нарадзілася чацвёра дзяцей, у тым ліку і бацька Івана Дзьяканава Кірыл Іванавіч. У гэты час сваякі Рэпіна неаднаразова падвяргаліся пагрозе рэпрэсій і высялення. А таму бачылася за ўдачу магчымасць выехаць у жніўні 1930 г. да Рэпіна ў "Пенаты", што на той час знаходзіліся на тэрыторыі Фінляндыі, а пасля ягонай смерці - перабрацца ў Францыю. Там Дзьяканавы купілі невялікі дом і ўчастак зямлі, на якім і працавалі.

Абмяркоўваючы будучае супрацоўніцтва з музеем "Здраўнёва", Іван Дзьяканаў са скрухай зазначыў, што ягоная сям'я, на жаль, мае вельмі мала дакументаў, бо калі продкі спешна выязджалі адсюль, то захапілі толькі самае неабходнае.

- І нават пры гэтым, мы будзем рады падзяліцца тым, што маем, з музеем-сядзібай нашага продка, - падкрэсліў суразмоўца. - Тым больш, нават пасля першага дня знаёмства з Віцебскам бачна, што ў Беларусі з шанаваннем ставяцца да сваіх славутых землякоў. Мы з цікавасцю наведалі мясціны, звязаныя з Маркам Шагалам, пазнаёміліся з горадам, які нам вельмі спадабаўся. У цэлым, цудоўна правялі час, але зза таго, што прыехалі ў Віцебск на самым досвітку, да абеду ўжо трохі стаміліся...

У сваю чаргу, не мог не распавесці пра значную ролю ў аднаўленні "Здраўнева" газеты "Культура": шмат у чым шматгадовымі намаганнямі яе супрацоўнікаў сядзіба Рэпіна сёння з'яўляецца адным з дыяментаў турыстычнай карты Віцебшчыны.

/i/content/pi/cult/333/6069/pic_19.jpgПакуль няспешна ішла наша гутарка, усе ўдзельнікі вандроўкі сабраліся ля аўтобуса і з хваляваннем рушылі ў дарогу.

На шляху да магіл сваіх продкаў госці з Францыі ўшанавалі памяць тых, хто змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў: яны ўсклалі кветкі да мемарыяла воінам-вызваліцелям. А пакуль прадстаўнікі роду Рэпіных знаёміліся з экспанатамі на Алеі вайсковай славы, у нас завязалася гутарка з каардынатарам паездкі Святланай Церахавай-Маергас.

Як аказалася, рыхтавалася гэтае падарожжа не адзін месяц і нават год. І хоць, па словах суразмоўцы, сабраць і вывезці такую адносна вялікую групу было не так ужо і складана, на Беларусь прыехаў толькі той, каму гэта сапраўды цікава.

- Каля я даведалася, што жыву разам з нашчадкамі Рэпіна, то з вялікім імпэтам пачала цікавіцца гэтай вялікай асобай, - распавяла Святлана Церахава-Маергас. - Прыкладна гады чатыры таму я знайшла артыкулы намесніка дырэктара Віцебскага краязнаўчага музея Валерыя Шышанава, прысвечаныя жыццю і творчасці Рэпіна на Беларусі. Гэта было першае, "завочнае", знаёмства. Але мы яшчэ не былі гатовы да такой паездкі. На больш сур'ёзным узроўні перамовы пачалі весціся толькі два гады таму. За гэты час мы склалі надзвычай дэталёвы план паездкі. Было складана пралічыць і выверыць усё да дробязей. І ў гэтым нам вельмі дапамагаў віцебскі музей...

Па словах каардынатара вандроўкі, рашэнне прыехаць на Беларусь аформілася напрыканцы 2010 года, пасля смерці Кірыла Іванавіча Дзьяканава, унука Ільі Рэпіна, калі ягоныя дзеці вырашылі абавязкова наведаць родныя для іх продкаў мясціны.

- Важна, што на нашым шляху трапляліся энтузіясты, дзякуючы намаганням якіх паездка ўсё ж адбылася. І хоць большасць музеяў ішлі на кантакт, спачатку былі некаторыя казусы. Да прыкладу, у чугуеўскім музеі, прачытаўшы першы ліст з Францыі, спачатку падумалі, што гэта нейкі жарт,- падзялілася ўспамінамі Святлана Церахава-Маергас.

- А для нас такі зварот зусім не быў нечаканым. Мы і раней падтрымлівалі /i/content/pi/cult/333/6069/pic_20.jpgсувязь з нашчадкамі Рэпіна, ведалі пра іх існаванне ў Францыі, і таму з радасцю адгукнуліся на прапанову французскага боку, - да размовы падключыўся і Валерый Шышанаў.

Наступнымі пунктамі падарожжа, з якімі прапанавалі пазнаёміцца беларускія партнёры, сталі аб'екты, не звязаныя з жыццём Рэпіна, але ад гэтага не менш прыцягальныя для яго французскіх нашчадкаў. Што і казаць, нават зусім юныя прадстаўнікі роду Рэпіных з цікавасцю прымалі ўдзел у экскурсіі па музеі Цэнтра сучаснага мастацтва. Да таго ж, гэтае падарожжа ў свет прыгожага прынесла цікавае, але цалкам выпадковае знаёмства з румынскім мастаком Міхаем Кіселіцам, палотны якога прадстаўлены ў залах. Дарэчы, яго сям'я- таксама інтэрнацыянальная: як аказалася, жонка мастака родам з Віцебска.

Зацікавіла жыхароў Ліёна і прыгажосць беларускай прыроды, а дакладней - сапраўдны каньён: даламітавы кар'ер, што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Здраўнёва. Тым больш, жывапісам ніхто з прапраўнукаў Рэпіна не займаецца - мужчыны ў гэтай сям'і выбіраюць пераважна прафесію інжынера. І ўсё ж самымі багатымі на эмоцыі сталі хвіліны, праведзеныя на могілках вёскі Вярхоўе, якая пры жыцці мастака называлася Слабада, а потым - Рэпіна.

Госці з Францыі наведалі месца пахавання бацькі мастака Яфіма Рэпіна і святара Дзмітрыя Дзьяканава, а таксама, у адпаведнасці з праваслаўным звычаем, разам з настаяцелем мясцовага прыхода ў гонар святой пакутніцы Еўдакіі айцом Сергіем прынялі ўдзел у малітве за спачылых продкаў.

Зусім непадалёк ад могілак дэлегацыю чакаў яшчэ адзін надзвычай цікавы аб'ект - помнік прыроды Беларусі: серабрыстая таполя, што расла яшчэ пры жыцці іх далёкага продка. Надзін і Іван Дзьяканавы ля гэтага велічнага дрэва проста не маглі стрымаць свае пачуцці, асабліва калі мясцовыя жыхары ад шчырага сэрца ім падарылі ўнікальныя рэчы: даматканы ручнік 50-х гадоў, нумар часопіса "Огонёк" сярэдзіны мінулага стагоддзя з выявамі работ Рэпіна, макет колішняга мясцовага храма, зруйнаванага на пачатку ХХ ст., які сёння сіламі прыхаджан пачынае паступова аднаўляцца.

Але зусім нечаканым для жыхароў Францыі стаў пачастунак бярозавікам. Смак ягоны для сучасных прадстаўнікоў роду Рэпіна да гэтага часу быў зусім невядомым, а ад гэтага - яшчэ больш дзіўным і смачным. Пакаштавалі госці з Францыі і сапраўдныя беларускія прысмакі, у тым ліку - традыцыйную выпечку, ягады, саспелыя ў ваколіцах колішняй сядзібы Рэпіна. Але спярша агледзелі экспазіцыю музея "Здраўнёва", пачулі ў яго сценах беларускі фальклор, пабачыліся з нашчадкамі селяніна Сідара Шаўрова, з якога Ілья Рэпін пісаў знакамітага "Беларуса".

Для моладзі было цікава азнаёміцца з генеалагічным дрэвам роду, упісаць туды і свае імёны. Не абышлося без падарункаў і з боку гасцей Здраўнёва. Прадстаўнік роду Іван Дзьяканаў падарыў музею вершы, якія напісала яго бабуля Таццяна Мікалаеўна, унучка Ільі Рэпіна...

Перад развітаннем пацікавіўся ўражаннямі ад паездкі ў моладзі - прадстаўнікоў ужо пятага пакалення роду Рэпіных. Пад час нашай размовы стажор па падрыхтоўцы інструктараў падраздзялення альпійскіх стралкоў Адрыян Дзьяканаў выказаў сваё шчырае, але надзвычай прыемнае здзіўленне такому цёпламу прыёму:

- Мы ж нічога не зрабілі - гэта толькі наш продак. Тым больш, у Францыі пра яго ведаюць значна менш, чым у Беларусі. І мы вельмі ганарымся, што дазналіся пра свае карані, а таксама шмат цікавага даведаліся пра Беларусь. Гэта сапраўды грандыёзна!

З гэтымі словамі згодны і студэнт Іван Дзьяканаў-Атшо:

- Вельмі цікава пабываць у тых мясцінах, дзе жыў наш продак. І дзіўна бачыць у музеі фотаздымкі маіх бацькоў. Пасля візіту сюды я яшчэ больш ганаруся сваім славутым продкам!..

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"