Кластар для бізнесу

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Прынцып бумеранга: культура — прыватнік — культура

/i/content/pi/cult/333/6067/pic_15.jpgПра неабходнасць развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры і мастацтва апошнім часам гаворыцца шмат. На высокім дзяржаўным узроўні прымаюцца адпаведныя рашэнні (у прыватнасці, згадаем прыняцце Кіраўніком дзяржавы Дырэктывы № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", а таксама абвяшчэнне Указам Прэзідэнта 2011га Годам прадпрымальнасці), якія павінны садзейнічаць развіццю спонсарскай дапамогі, адбываюцца прысвечаныя гэтаму пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Дый "К" узнімала дадзеную тэму ўжо неаднаразова. Але часцей за ўсё погляд на стасункі культуры і бізнесу бывае крыху аднабаковым: маўляў, што бізнес можа даць культуры? Зваротная сувязь звычайна вызначаецца ці агульнымі развагамі пра сацыяльную адказнасць бізнесу за духоўны стан грамадства, ці прапановамі ўдасканалення заканадаўчай базы, увядзення падатковых ільгот. Усё гэта так. Але наспеў час зірнуць на праблему крыху з іншага боку: што сама культура можа даць бізнесу? Калі разабрацца - многае.

 

Позірк у свет - "па навуцы"

Любое "даследаванне", як вядома, пачынаецца са збору інфармацыі. Дык вось, у Еўропе падобны "прагматычны", як можа спярша падацца, погляд на культуру існуе ўжо з 1970 - 80-х гадоў. Калі ў той жа Германіі пачалі зачыняцца буйныя шахты, а часам і заводскія карпусы, паўстала пытанне: як жыць надалей такім малым гарадам "вытворчай" арыентацыі? На дапамогу бізнесу прыйшла культура: замест таго, каб руйнаваць збудаванні, што каштавала б зусім нятанна, у іх пачалі адкрываць незвычайныя (для кагосьці - андэграундныя, але для многіх - менавіта авангардныя) канцэртныя залы. Тыя прыйшліся даспадобы як найноўшым музычным кірункам (найперш - электронным), так і шырокім колам моладзі, а таксама - усім ахвочым да "крэатыву" і неспадзяванак. Разам з гэтым пачынаннем нарадзілася і ўсведамленне таго, што на базе такіх цікавостак можна ладзіць цэлыя фестывалі, арыентуючы пад іх турыстычныя маршруты. А турызм - гэта новыя рабочыя месцы, хуткае развіццё сферы абслугоўвання, валютныя паступленні ў казну і, у рэшце рэшт, сусветная слава пра родны горад як цэнтр якоганебудзь культурнага пачынання, гэткую, калі хочаце, "культурную сталіцу" пэўнага мастацка-жанравага кірунку.

Сапраўды, з'яўленне любога фестывалю ў рэгіёне перыферыі адразу выклікае павышаную ўвагу не толькі ўласна да культурнай падзеі, але і да самога геаграфічнага пункта, дзе адбываецца святочная дзея. А значыць - да ўсіх яго складнікаў: ад гістарычных каштоўнасцей да забаўляльнай індустрыі. Так былыя індустрыяльныя цэнтры ператвараліся на Захадзе ў культурныя - і ў выніку горад пачынала "карміць" не індустрыя, а культура. Ці, дакладней, новая індустрыя, стымуляваная культурай. І не толькі "індустрыя забаў", але і тая, у аснове якой ляжалі культурна-гістарычныя, культурнаасветніцкія прыярытэты.

Зацікавіліся праблематыкай і беларускія навукоўцы. У прыватнасці, гэтай тэме было прысвечана адно з выступленняў на навуковай канферэнцыі ў час фестывалю "Музы Нясвіжа". Сапраўды, пачынанне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі па арганізацыі і правядзенні фестываляў камернай музыкі ў малых гарадах краіны заслугоўвае далейшага вывучэння - і, адначасова, пашырэння, як гэта стала адбывацца пры правядзенні тэлевізійных праектаў "Вечары ў Мірскім замку", опернабалетных "Вечароў у замку Радзівілаў", здзейсненых нашым Вялікім тэатрам. Наперадзе ж - спалучэнне разнастайных культурных акцый з бізнес-праектамі, у тым ліку ў турыстычнай сферы.

 

Кластар не "клякса" - хутчэй, талака

Вышэйазначанае спалучэнне некалькіх праектаў, іх узаемазвязанасць і ўзаемадачыненні атрымалі назву "індустрыяльных кластараў". Уласна кажучы, слова "кластар" у перакладзе з англійскай азначае ўсяго толькі "збіранне". Але гэты тэрмін добра прыжыўся практычна ва ўсіх сферах, а не толькі ў музыцы, дзе ён азначае акорд з максімальным выкарыстаннем блізкіх гукаў (націсніце на фартэпіянную клавіятуру не пальцамі, а ўсёй рукой ажно да локця - вось вам і будзе кластарная "клякса": гучанне, можа, не самае прыемнае, але якое шчыльнае, "усеахопнае"!).

Як жа спрацоўвае "кластарнае" мысленне на мяжы культуры з эканомікай? Метадам "комплекснага падыходу". Ці, адштурхоўваючыся ад старадаўніх беларускіх традыцый, "талакой". Праўда, тая "талака" прадугледжвае, што не ўсе разам будуць займацца чымсьці адным, а кожны - сваім, але так, каб не падвесці астатніх.

Добрыя прыклады такіх спрактыкаваных "фестывальных механізмаў" ёсць на тым жа "Славянскім базары ў Віцебску", дзе знаны форум паўплываў на развіццё самога горада, яго добраўпарадкаванне і развіццё сферы паслуг. Сёлета значная колькасць білетаў на канцэрты была прададзена з дапамогай турыстычных кампаній. Далучылася чыгунка, пусціўшы на фестывальныя дні спецыяльны цягнік: ён курсіраваў паміж Мінскам і Віцебскам у найбольш зручны час, асабліва - для наведвальні каў Летняга амфітэатра, пры неабходнасці да ц я г н і к а прычаплялі дадатковыя вагоны. Вынік? Рэкордная сума па выручцы грошай ад продажу білетаў. Адно гэта - ужо добра. Але далучыце сюды агульны грашовы абарот, які ў фестывальныя дні назіраўся ў В і ц е б с к у . Чым н е эканамічны стымул для далейшага разгортвання супрацоўніцтва?

Яшчэ адным віцебскім прыкладам стала сёлетняе суіснаванне традыцыйнага "Горада майстроў", дзе народныя мастакі і рамеснікі прадаюць уласныя вырабы, з адкрыццём шматлікіх "падворкаў", на якіх свае тавары прадстаўлялі пакупнікам розныя раёны вобласці і іншыя рэгіёны краіны.

Яшчэ зручней прымусіць працаваць не такі вялізны "механізм", як Міжнародны фестываль мастацтваў са шматтысячнай колькасцю ўдзельнікаў (сёлета ў Віцебску іх было больш як пяць тысяч - з 27-і краін свету), а больш лакальны. Гэта даказвае прыклад асобна ўзятай вёскі на Мядзельшчыне з красамоўнай назвай - Камарова. Тут і сапраўды даўно забыліся на прыказку: маўляў, у вёску ехаць - камароў карміць. Тут і сапраўды "кормяць" (не толькі гастранамічнымі, але і культурнымі далікатэсамі) не толькі саміх камароўцаў, але і шматлікіх турыстаў.

- Калі я працаваў дырэктарам тутэйшага сельскагаспадарчага тэхнікума, а пазней каледжа, - распавядае арганізатар разнастайных бізнес-праектаў Эдуард Вайцяховіч, - увесь час задумваўся, як зрабіць так, каб моладзь не пакідала наш рэгіён, каб не з'язджала ў горад. І раптам зразумеў: едуць з вёскі зусім не таму, што, маўляў, тут недастаткова "культурных забаўлянак" кшталту "танцаў і кіно", а таму, што няма дзе прымяніць свае здольнасці. Сапраўды, калі дзяўчаты і хлопцы могуць выбіраць усяго паміж дзвюма-трыма прафесіямі, гэта выклікае песімізм і - жаданне з'ехаць туды, дзе выбар куды шырэйшы. Але ці становяцца я н ы шчаслі вымі ў горадзе? Далёка не заўсёды. Дый колькі часу і грошай сыходзіць на транспарт, кватэру, прабачце, на лекі (тут і стрэсавыя сітуацыі, і забруджанае паветра, і іншыя "ўрбаністычныя радасці", якія напаткаюць не прызвычаенага да іх сельскага жыхара). Дык няўжо нельга сумясціць плюсы без мінусаў? Пачаў вывучаць замежны вопыт, паспрабаваў адаптаваць яго да мясцовых умоў - многае атрымалася...

Сёння ў "асобна ўзятай вёсцы" на 700 жыхароў (насельніцтва аднаго гарадскога "хмарачоса") - сапраўдная "рэвалюцыя": свая маленькая гідраэлектрастанцыя, што працуе на мясцовай сажалцы і забяспечвае электрычнасцю асвятленне вясковых вуліц (паўсюль - ліхтары з энергазберагальнымі лямпамі), свая пякарня, з якой гарачыя прысмакі раскупляюцца, не паспеўшы астыць. Ёсць даўняя задума адкрыць майстэрні, сабраць туды рамеснікаў, нават зрабіць сваю "сіліконавую даліну", бо цяперашнія інфармацыйныя тэхналогіі ліквідуюць праблему аддаленасці. Але галоўнае - стварыць свой культурна-індустрыяльны кластар.

Пакуль у вёсцы ладзіцца толькі адзін фестываль "Камарова - кола дзён". На яго, з аднаго боку, з'язджаюцца народныя майстры і рамеснікі са сваімі вырабамі, з іншага - размаітая публіка, што адпачывае ў навакольных санаторыях. Задаволенымі аказваюцца ўсе: першыя - продажам, другія - набытымі адметнымі сувенірамі і добрым культурным адпачынкам, бо выстаўка, вядома ж, суправаджаецца канцэртнымі праграмамі, гульнямі і, шырэй, гуляннямі (дарэчы, без спіртнога). Вось у вёсцы і задумаліся: чаму б не праводзіць разнастайныя фестывальныя ды іншыя культурныя праекты амаль у рэжыме нон-стоп? Так, каб яны ахоплівалі не два дні за лета, а ўвесь адпачынкавы сезон? Пры дамоўленасці між удзельнікамі, у выйгрышы, зноў-такі, павінны быць усе. Бо такі "кластарны" праект прывядзе да пашырэння ўсёй сферы паслуг (ад рэстаранных да транспартных і турыстычных), гасцінічнага бізнесу, запатрабаванасці артыстаў і яшчэ многіх і многіх складнікаў. А першым штуршком да пашырэння ў турыстычнай і вытворчай галінах стане менавіта культурны складнік.

Плануецца адкрыць і першы ў краіне вясковы (!) бізнес-інкубатар. Для гэтага збіраюцца скарыстаць калгасныя будынкі, якія апошнія гады пустуюць. Знойдзецца месца ў інкубатары і для культурных праектаў. У прыватнасці, там змесцяцца кузня, ганчарная ды іншыя майстэрні, якія не толькі дадуць працу мясцовым жыхарам, але і будуць прыцягваць турыстаў, спалучаючы развіццё народных рамёстваў з атрыманнем эканамічнага эфекту. Акрамя таго, такія майстэрні стануць пляцоўкай для практычнага навучання студэнтаў мясцовага каледжа. Падобная сістэма навучання атрымала назву дуальнай і практыкуецца, да прыкладу, у Германіі, дзе практычнае навучанне займае больш часу, чым тэарэтычнае.

 

Гронка акордаў "ад Агінскага"

Нядаўна створаны Фонд Міхала Клеафаса Агінскага "Паўночныя Афіны" атрымаў нават міжнародны разгорт. Сапраўды, Міхал Клеафас, як вядома, быў знітаваны сваім жыццём і рознабаковай дзейнасцю не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй, Літвой, Польшчай, Італіяй, Францыяй ды іншымі краінамі. Нашчадкі яго жывуць у Англіі, той жа Іва Залускі неаднойчы прыязджаў у Беларусь, даваў канцэрты, выдаваў кнігі пра свайго продка і ўвесь род Агінскіх, кампакт-дыскі з творамі Міхала Клеафаса і яго шматлікіх сваякоў.

- Ужо адно імя Агінскага - чым не падстава для таго, каб з'яднаць намаганні? - кажа Уладзімір Сівуха, першы намеснік старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, сустаршыня Фонду Агінскага "Паўночныя Афіны". - Вельмі хочацца стварыць гэткі "турыстычны кластар", які праз цікавасць да гэтага палітычна-культурнага дзеяча, музыканта і кампазітара ахопіць і розныя рэгіёны Беларусі, і розныя сферы: ад турызму ды адраджэння культурна-гістарычных помнікаў да музычнага мастацтва. Шмат ужо зроблена. Але, насамрэч, сапраўдная праца толькі пачынаецца! І перспектывы тут - вельмі вялікія...

Дзякуючы Агінскаму і яго творчай спадчыне пачалося ўзаемадзеянне бізнес-структур Беларусі і Літвы. Шмат напрацавана і яшчэ больш запланавана і ў галіне супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых краін. Так што культурны складнік як штуршок для развіцця бізнесу - зусім не эфемерныя мары, а рэальнасць. Трэба толькі больш актыўна выкарыстоўваць такое супрацоўніцтва! Па прынцыпе бумеранга, усё вернецца "з прыбыткам".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"