“Сакрэтны рэцэпт” маркетынгу

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Як вядома, прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, што ўручаецца раз на два гады за ўнёсак ва ўмацаванне ўзаемаадносін братэрства, сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, вызначыла сваіх намінантаў за перыяд 2011 — 2012 гг.

/i/content/pi/cult/333/6066/pic_13.jpgУ іх шэрагі трапіла і калекцыя паўлавапасадскіх шаляў "Спадчына", створаная мастакамі знакамітай мануфактуры, якая дзейнічае з 1795 года. І для таго, каб, не абмяжоўваючыся фарматам "Славянскага базару ў Віцебску", дзе адбылася прэзентацыя работ, больш шырока прадставіць калекцыю, 14 ліпеня адбыўся прэс-тур, што ўключаў творчую сустрэчу з калектывам мастакоў прадпрыемства і цырымонію ўручэння ім спецыяльных дыпломаў намінантаў прэміі.

Васьмёра мастакоў, чые работы ўвайшлі ў калекцыю "Спадчына", атрымалі іх з рук намесніка дзяржсакратара - члена Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Івана Бамбізы, які павіншаваў намінантаў з такой высокай адзнакай і з прыемнасцю заўважыў, што ўпершыню за дзесяцігадовую гісторыю прэміі на яе атрыманне вылучаны творцы, якія развіваюць традыцыйныя народныя промыслы. Важны і той факт, што вядомы ў мінулым брэнд не страчвае сваёй папулярнасці і, што немалаважна, канкурэнтаздольнасці на сучасным рынку: самі народныя промыслы "ў руках" па-сапраўднаму натхнёных мастакоў з'яўляюцца спосабам творчага самавыяўлення, жывым мастком паміж традыцыямі і будучыняй.

Адным з прыемных момантаў імпрэзы стала наведанне самой Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры і своеасаблівая экскурсія па яе цэхах, дзе знакамітыя шалі па-ранейшаму ствараюцца працалюбівымі рукамі. Так, сёння на падмогу майстрам прыйшла тэхніка, дзякуючы якой сучасны працэс набівання малюнка шмат у чым аўтаматызаваны (раней майстар мусіў уручную, з дапамогай адмысловых "пячатак", накласці на шаль кожны колер паасобку, прычым павінен быў зрабіць гэта так, каб у выніку увесь малюнак супаў, нібы пазл, і нідзе не ссунуўся, не "наклаўся"). Аднак "чалавечы фактар" па-ранейшаму застаецца дамінуючым: перш чым трапіць да спажыўцоў, кожны шаль неаднойчы пройдзе праз рукі майстрых, якія апрацуюць яго, дададуць махры і, урэшце, зробяць з "расфарбаваных кавалкаў тканіны" тыя самыя творы мастацтва, якія цягам стагоддзяў вабяць сваім хараством і вытанчанасцю.

Як распавёў галоўны мастак Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры, /i/content/pi/cult/333/6066/pic_14.jpgзаслужаны мастак Расіі Віктар Зубрыцкі, у калекцыю "Спадчына" ўвайшло больш за 50 шаляў, прычым, сярод іх - як новыя распрацоўкі мастакоў, так і рэканструкцыі тых малюнкаў, што карысталіся попытам у ранейшыя часы. У кожнага з мастакоў-намінантаў - свой непаўторны стыль, і, пільна прыгледзеўшыся да шаляў, праз некаторы час сапраўды можна навучыцца вылучаць сярод гэтага стракатага хараства творы таго або іншага аўтара. Аднак усіх іх, безумоўна, аб'ядноўвае тое, што майстрам удаецца працягваць традыцыі паўлавапасадскай школы, не "кансервуючыся" ў мінулым, а арганічна ідучы ў нагу з часам. І той факт, што намінаваныя шалі з'яўляюцца не проста калекцыйнымі "экзотамі", а выходзяць у шырокі продаж, карыстаюцца попытам - яскравае таму пацвярджэнне.

Якім чынам "народным прамыславікам" удаецца ісці ў нагу з часам і не губляцца ў сучасным акіяне рыначных адносін? Пра гэта распавёў намеснік дырэктара Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры Вячаслаў Далгоў. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што маркетынгавая палітыка мануфактуры прадугледжвае пастаянны кантроль асартыменту: традыцыйна штогод абнаўляецца 25% прадукцыі. Аднак, разам з тым, па выніках продажаў, існуюць і такія малюнкі, якія не страчваюць сваёй папулярнасці цягам 50 - 70 гадоў, ствараючы своеасаблівы "залаты фонд" мануфактуры! Што ж, ці не гэта і ёсць той самы "сакрэтны" рэцэпт папраўдзе вечнага жыцця: развіваць і ствараць новае, не адрываючыся ад сваіх каранёў?..

На здымках: у цэху мануфактуры; пад час прэс-канферэнцыі.