“Актаўныя” спевы

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Сёння Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча пачынае свае выступленні на ІV Міжнародным фестывалі музыкі, мастацтва і фальклору “Актава” ў Польшчы.

- На гэты фестываль, - распавёў "К" перад ад'ездам мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, - мы запрошаны ўпершыню. Вязём туды самую разнастайную праграму: найперш, вядома, - беларускае нацыянальнае мастацтва, але падрыхтавалі і дзве польскія песні- у знак павагі да культуры гаспадароў. Свята прадоўжыцца да 28 ліпеня, і нашы выступленні запланаваны штодзень - на розных пляцоўках у Беластоку і наваколлі. Адзін з канцэртаў адбудзецца ў храме - там, зразумела, будзем выконваць духоўную харавую музыку. А для гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю, якія пройдуць на адкрытым паветры на плошчы, прапануем самыя відовішчныя нумары. Як нас папярэдзілі, пад час усіх урачыстасцей будзе працаваць мастацкі савет - штосьці накшталт фестывальнага журы, каб вызначыць найлепшых удзельнікаў. Таму спадзяёмся яшчэ і на ўзнагароды!..

 Сапраўды, гэты славуты калектыў не ўпершыню атрымлівае ў Польшчы знакі пашаны. Нагадаем, два месяцы таму ён удзельнічаў у ХХХ Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы, дзе атрымаў Першую прэмію ў катэгорыі прафесійных хароў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"