Шчаслівы нумар “13”

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Беларускі дызайнер Антон Баранаў распрацаваў лагатып для Міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу “Еўрабачанне-2011”, што адбудзецца 3 снежня ў Ерэване. Да супрацоўніцтва яго запрасіў армянскі тэлеканал-арганізатар.

/i/content/pi/cult/333/6063/pic_10.jpgНагадаем, летась Антон Баранаў і яго студыя стварылі лагатып і графічную прадукцыю для дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску. Яркі дызайн мінулага конкурсу спадабаўся сёлетнім арганізатарам настолькі, што яны прапанавалі беларускаму творцу і гэтым разам папрацаваць для фэсту. Антон Баранаў распавёў карэспандэнту "К" пра тое, як адбываецца працэс стварэння фірменнага дызайну:

- За паўтара месяца было падрыхтавана 20 варыянтаў лагатыпа для конкурсу, і арганізатары выбралі той, што быў пад нумарам 13! Ён уяўляе з сябе палосы эквалайзера і сімвалізуе вядомую армянскую гару Арарат. Менавіта ён найлепш адпавядае слогану конкурсу, што гучыць як "Імкніся да вяршыні!"... Лагатып ужо пачынае з'яўляцца ў прэсе, а мы цяпер працуем над відэа, паліграфічнымі матэрыяламі, макетамі рэкламнай прадукцыі. Шмат распрацовак падрыхтуем да снежня, а некаторыя ўжо з'яўляюцца на вуліцах краін - удзельніц конкурсу. Мне такое супрацоўніцтва падабаецца: заўсёды цікава паўдзельнічаць у буйным міжнародным праекце і прадэманстраваць узровень беларускага дызайну...

А тым часам Белтэлерадыёкампанія аб'явіла, што прыём заявак на Рэспубліканскі дзіцячы конкурс "Песня для "Еўрабачання" прадоўжаны да 15 жніўня. Пакуль што журы адабрала толькі пяць кандыдатаў, а для ўдзелу ў фінале неабходна не менш за сем - дзесяць юных артыстаў. Стаць кандыдатам ад Беларусі на міжнародным конкурсе можа і той, хто яшчэ не паспеў накіраваць заяўку, але паспяшаецца і зробіць гэта да вызначанай даты. Фінальны канцэрт чакае лепшых удзельнікаў у верасні.