“Скарбніца” і скарбонкі

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Розыгрыш чарговага тыражу рэспубліканскай латарэі “Скарбніца” адбудзецца 28 ліпеня. Усе, хто набыў білет, зрабіў такім чынам свой унёсак у захаванне і рэстаўрацыю Навагрудскага замка, а таксама займеў магчымасць выйграць прыз.

/i/content/pi/cult/333/6062/pic_9.jpg- Вынікі гэтага тыражу латарэі мы падвядзём днямі, - адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лянкоў. - Усяго ў рамках рэспубліканскай акцыі "Захаваем Навагрудскі замак разам!" цягам 2011 года праводзіцца рэалізацыя чатырох тыражоў "Скарбніцы". Білеты распаўсюджваюцца ў прадпрыемствах і арганізацыях Міністэрства культуры, аддзяленнях АСБ "Беларусбанк" і пунктах продажу латарэй...

Неабыякавыя да замка і жыхары Навагрудчыны. "Ва УП "Праектрэстаўрацыя" былі створаны спецыяльныя скарбонкі, у якія ці не кожны тыдзень на гарадскіх мерапрыемствах навагрудчане пакідаюць сродкі,- распавядае начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан. - Неўзабаве дзесяць такіх скарбонак з'явіцца ў розных гарадах краіны. Варта дадаць, што сума дабрачынных ахвяраванняў на рахунку аддзялення "Беларусбанка", што быў створаны спецыяльна для падтрымкі помніка, складае сёння 32 мільёны рублёў..."

Прыкладна месяц таму дабрачынны канцэрт даваў у Навагрудку Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", і прыбытак ад продажу білетаў - а гэта каля 7 мільёнаў рублёў - таксама накіраваны на захаванне і рэканструкцыю. Па словах Аляксандра Карачана, у хуткім часе з дабрачыннымі канцэртамі на карысць помніка спадчыны выступяць і іншыя вядомыя калектывы.

Сродкі на аднаўленне Навагрудскага замка можна пералічыць на разліковы рахунак 3642521000622 у АСБ "Беларусбанк", ЦБУ № 416 філіяла № 413 горада Ліды, код (МФО) 152101696. УНП 500031377. Прызначэнне плацяжа: "На рэстаўрацыю Навагрудскага замка". Атрымальнік: "Аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама".