Зазірнуць у заўтра

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Вынікі прыёмнай кампаніі — ужо ў нядзелю

/i/content/pi/cult/333/6061/pic_8.jpgЗаўтра сотні абітурыентаў, што паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва, даведаюцца пра тое, ці стануць яны студэнтамі бюджэтнай формы навучання. А пакуль моладзь з заміраннем сэрца чакае абвяшчэння лічбаў прахадных балаў, "К" даведалася ў членаў прыёмных камісій трох творчых ВНУ пра асаблівасці прыёмнай кампаніі ў гэтым годзе.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў быў традыцыйна высокі конкурс. Як паведамілі ў прыёмнай камісіі ўстановы, сярэдні конкурс складаў 4,2 чалавека на месца. А самы вялікі - 9,3 чалавека на месца - на спецыяльнасці "Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя (дызайн інтэр'ера)" факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шмат ахвотных стаць акцёрамі, а вось на мастацкі факультэт конкурс - самы нізкі.

У Акадэмію мастацтваў падалі заявы 617 абітурыентаў, а план прыёму складае 146 чалавек на бюджэтную форму навучання і 189 - на платную. Мы пацікавіліся, колькі маладых людзей выказалі жаданне атрымаць спецыялізацыю "Кінатэледраматургія" (спецыяльнасць "Мастацтвазнаўства" факультэта экранных мастацтваў). Стала вядома, што на 10 месцаў дзённай формы навучання прэтэндуюць 11 чалавек. Экзамены іх чакалі няпростыя: акрамя сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, патрэбна было пісьмова распрацаваць сцэнарную ідэю (стварыць сінопсіс), адказаць на пытанні па гісторыі беларускага і замежнага кіно і пагутарыць з членамі камісіі на тэмы сучаснага кіназнаўства, кінакрытыкі і кінадраматургіі.

Новыя спецыялізацыі з'явіліся і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Сярод іх - "Інфармацыйнае забеспячэнне бізнесу і права" (спецыяльнасць "Бібліятэказнаўства і бібліяграфія"). На яе, як і на новую спецыялізацыю "Рэжысура" (спецыяльнасць "Мастацтва эстрады"), таксама быў попыт. А найбольшы конкурс ва ўстанове - на спецыяльнасці "Менеджмент сацыякультурнай сферы" - 5,4 чалавека. Упадабалі абітурыенты і такія накірункі, як "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", "Менеджмент міжнародных культурных сувязей" і "Эстрадныя спевы". Сярэдні ж конкурс па ўсёй установе складае 1,9 чалавека на месца. Дзённае аддзяленне прыняло 737 заяў, а завочнае - 569.

Як распавялі карэспандэнту "К" у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, на 206 месцаў было пададзена 239 заяў. Сярэдні конкурс для маладых музыкантаў і выканаўцаў невялікі - 1,4 чалавека на месца. У параўнанні з мінулым годам ён зменшыўся на адну дзясятую. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія спецыяльнасці, як "Спевы", "Гітара", "Фартэпіяна". Да слова, усе абітурыенты скончылі музычнае вучылішча і з'яўляюцца гарадскімі жыхарамі.

Абітурыенты, якія абралі платную форму навучання ва ўсіх гэтых ВНУ, будуць залічаны да 28 ліпеня.

Фота Юрыя ІВАНОВА