Як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка ДыясНуньес, калектывы выступілі 4 ліпеня на сустрэчы з Уга Чавесам, дзе іх творчасць убачылі таксама тысячы гледачоў, што сабраліся перад прэзідэнцкім палацам у Каракасе. Акрамя гэтага, артысты двух ансамбляў удзельнічалі ў запісе дзвюх тэлепраграм, што трансліруюцца на нацыянальных каналах Венесуэлы.
- Калектывы праехалі ўсю Венесуэлу ад краю да краю. Яны далі дзевяць канцэртаў у сталіцы краіны, штатах Арагуа, Барынас, Ансоатэгі і Варгас, - адзначыў Амерыка Дыяс-Нуньес. - Выступілі яшчэ і ў міжнародным аэрапорце Каракаса, і нават у самалёце, па просьбах пасажыраў, што ляцелі ў Еўропу! Артысты ўдзельнічалі ў двух майстар-класах, дзяліліся з публікай не толькі сваім выкананнем фальклорных венесуэльскіх танцаў і музыкі, але і прадэманстравалі беларускія нацыянальныя танцы...
Каардынатар Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра Херарда Эстрада распавёў, што ў складзе двух калектываў знаходзяцца 37 беларускіх дзяўчат і хлопцаў, якім цікавая лацінаамерыканская культура. З захапленнем прымалі іх у далёкай краіне, і некаторыя з артыстаў былі ўзнагароджаны медалямі за папулярызацыю культурных каштоўнасцей краін Лацінскай Амерыкі і, у прыватнасці, Венесуэлы, дыпломамі, усе атрымалі прызы, а таксама магчымасць незабыўнага адпачынку на марскім узбярэжжы. Пазнаёміліся яны і з удзельнікамі Нацыянальнай групы фальклорнага танца Венесуэлы і выступілі з імі на адной сцэне.
Амерыка Дыяс-Нуньес дадаў, што калі паміж Мінскам і Каракасам будзе існаваць прамы авіярэйс, то далейшыя гастролі магчымыя не радзей як раз на год, бо канцэрты атрымалі водгук у сэрцах венесуэльцаў.
На здымку: пад час выступлення ў Венесуэле ансамбля "Іяланда Марэна".