Інвестыцыйны падыход

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Як паведамляе “К” начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, на Гродзеншчыне цяпер знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі ці падпісання шэраг важных культурных праектаў.

Фінансаванне пад іх рэалізацыю прадугледжваецца самае разнастайнае.

Наша газета неаднаразова пісала пра намер аднаўлення сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага на Смаргоншчыне. Еўрапейская камісія адобрыла праект для фінансавання: гэта больш за 200 тысяч еўра. Пытанне ўзгадняецца цяпер у Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

За еўрасаюзаўскія сродкі мяркуецца аднавіць дзіцячы філіял абласной бібліятэкі. У стадыі распрацоўкі - давядзенне да ладу Старога замка ў Гродне. На дапамогу беларускім музейшчыкам збіраюцца прыехаць іхнія калегі з Беластока. Увогуле, на рэалізацыю задуманага спатрэбіцца два мільёны еўра.

Сабраны немалыя грошы для аднаўлення Каложскай царквы. Адзін з галоўных спонсараў - ААТ "Белаграпрамбанк".

Грант міжгранічнага супрацоўніцтва Польшчы, Украіны і Беларусі выйграў Гудзевіцкі музей, што на Мастоўшчыне. Больш за 200 тысяч еўра будзе выкарыстана на рамонт, рэканструкцыю музейнага будынка, а таксама на развіццё этнатурызму.