Да Дня пісьменства

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

21 ліпеня ў Ганцавічах прайшло чарговае пасяджэнне абласнога камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства (раённыя штабы ладзяцца штотыднёва).

/i/content/pi/cult/333/6055/pic_4.jpgНачальнік аддзела культуры Ганцавіцкага райвыканкама Ірына Марцінкевіч паведаміла "К", што гэтым разам у пасяджэнні бралі ўдзел першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч, спецыялісты абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

Мерапрыемстваў чакаецца, як заўжды, шмат. 30 жніўня райцэнтр прыме навукова-творчую экспедыцыю "Дарога да святыняў" з Дабрадатным агнём ад Труны Гасподняй. 3-га верасня адбудзецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Ганцавіцкія чытанні-2011", пад час якой плануецца абмеркаваць неабходнасць прыняцця Нацыянальнай праграмы развіцця чытання. 4-га - распачнуцца самі святкаванні Дня беларускага пісьменства.

У цэнтры Ганцавічаў адкрыецца Алея пісьменства, якую завершыць помнік Якубу Коласу: Пясняр, як вядома, распачаў сваю настаўніцкую дзейнасць у вёсцы Люсіна, што на Ганцавіччыне...

Горад рыхтуецца да свята. На наступным тыдні мяркуецца завяршыць рамонт дзіцячай і раённай бібліятэк. Да ладу даводзіцца ГДК. Дарэчы, па словах Ірыны Марцінкевіч, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ужо забяспечыла гэтую ўстанову камплектам гукаўзмацняльнай апаратуры...

У стадыі рэканструкцыі знаходзіцца кінатэатр. Неўзабаве ён ператворыцца ў Маладзёжны цэнтр з дысказалай, кавярняй і інтэрнэт-клубам. Капітальна рамантуецца раённы краязнаўчы музей. У раённых метадцэнтры і Доме рамёстваў вядуцца бягучыя рамонты.