"Маладзечна" пад адкрытым небам

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

26 — 28 жніўня пройдзе ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Канчатковы план правядзення мерапрыемстваў гэтага буйнога форуму будзе вызначаны Аргамітэтам фестывалю, чый склад зацверджаны Прэзідэнтам краіны, на бліжэйшым пасяджэнні, якое запланавана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь на наступны тыдзень.

Асноўнымі падзеямі маладзечанскага песенна-паэтычнага фестывалю стануць, паводле традыцыі, праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам і конкурс маладых выканаўцаў.

Падрыхтоўка фестывалю ідзе поўным ходам. Як паведамлялася ўжо, асноўныя канцэрты пройдуць у амфітэатры, які цяпер будуецца. А вось Музычны падворак, што разгарнуўся ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага, ужо быў апрабаваны - у Дзень горада, які святкаваўся 2 ліпеня.

- Мы даўно марылі, - распавёў дырэктар вучылішча Рыгор Сарока, - каб у нашым горадзе адкрылася такая сцэнічная пляцоўка і "зала" пад адкрытым небам. Упершыню я пабачыў падобныя "дваравыя канцэрты" ў еўрапейскім гарадскім асяродку - у Іспаніі і Германіі. Аказалася, архітэктура вучылішчнага будынка вельмі спрыяе гэтаму: не патрабуецца ніякай "падгучкі", бо акустыка ўнутранага дворыка не проста добрая - выдатная! Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, было праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі: з'явіліся тратуарная плітка, азеляненне, нават фантан. У новай "глядзельнай зале" адначасова можа змясціцца каля 700 чалавек. Так што з цягам часу новая пляцоўка можа стаць добрым сезонным дадаткам да існуючых канцэртных пляцовак: выступленні тут можна ладзіць з вясны да восені...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"