Сустрэне ля дома...

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Госці сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" маглі пабачыць мемарыяльную дошку народнаму артысту СССР і БССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ганароваму грамадзяніну Віцебска Фёдару Іванавічу Шмакаву, што з'явілася ў горадзе колькі тыдняў таму.

/i/content/pi/cult/332/6048/pic_30.jpgЯк паведамілі ў літаратурна-драматычнай частцы тэатра, знакаміты артыст "вярнуўся дадому" - на вуліцу Урыцкага, 10, дзе пражыў разам з сям'ёй 40 гадоў. І адбылася гэтая знамянальная падзея дзякуючы Віцебскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і Савету дэпутатаў. Аўтар дошкі - віцебскі скульптар Аляксандр Гвоздзікаў. Фёдар Шмакаў "сустрэў" гасцей музычнай уверцюрай да спектакля "Несцерка" і маналогам з ролі, якую ён іграў на Коласаўскай сцэне цягам 45 гадоў... Белае палотнішча з мемарыяльнай дошкі ва ўрачыстай атмасферы знялі мэр горада Віктар Нікалайкін, дырэктар тэатра Рыгор Шыцько, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная і самы малодшы нашчадак артыста - ягоны ўнук Андрэйка. Дарэчы, пад час адкрыцця дошкі з вуснаў прысутных прагучала прапанова аб перайменаванні вуліцы Урыцкага ў вуліцу Тэатральную, паколькі менавіта тут жылі знакамітыя і любімыя гледачамі артысты-коласаўцы.

Святлана ДАШКЕВІЧ, загадчык літчасткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа