Прынцып геральдыкі

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Архітэпальная прастора Тудара Збырні

/i/content/pi/cult/332/6044/pic_23.jpgУ Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка малдаўскага жывапісца, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Малдовы Тудара Збырні пад назвай "Архітэпальная прастора". У дзень вернісажу быў заключаны і рамачны дагавор аб супрацоўніцтве дзвюх галоўных мастацкіх устаноў Беларусі і Малдовы.

 Яго падпісалі Уладзімір Пракапцоў і наш госць, які сказаў, што цяпер творчыя сувязі беларусаў і малдаван будуць развівацца больш актыўна: "Нам трэба захаваць агульную культурную прастору, бо гэта пойдзе на карысць не толькі музеям, але і краінам у цэлым". І ў якасці прыкладу ідэальных творчых узаемаадносін між рознымі краінамі свету прывёў менавіта "Славянскі базар у Віцебску". Уладзімір Пракапцоў таксама падкрэсліў важнасць гэтага акта: "Мы будзем актыўна арганізоўваць не толькі сумесныя выставачныя праекты, але і семінары, пленэры, абменьвацца дэлегацыямі і г. д.".

Пасля прэс-канферэнцыі адбылося адкрыццё выстаўкі Тудара Збырні. Усе выступоўцы - Уладзімір Пракапцоў, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры краіны Міхаіл Казловіч, першы сакратар Пасольства Малдоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марчэл Батнару, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка, - падкрэслілі важнасць гэтай падзеі ў справе развіцця і ўмацавання культурных сувязей між іншымі народамі. А я ўзгадаў вялікую сумесную выстаўку беларускіх і малдаўскіх мастакоў у маскоўскім Манежы ў 1972 г. Так што сяброўскія творчыя ўзаемаадносіны між намі існуюць даўно.

А зараз уласна пра выстаўку. Тудар Збырні- вядомы жывапісец, член саюзаў мастакоў Малдовы і Румыніі, выхаванец Кішынёўскага мастацкага вучылішча і Акадэміі мастацтваў г. Ясы. З 1984 г. удзельнічае ў розных выстаўках краін Еўропы. У Беларусі - упершыню. Як ён адзначыў, для яго гэта было вельмі прыемна, і творца лічыць, што арганізацыя экспазіцыі ў нас - на самым высокім узроўні.

Пра што выстаўка? Пра месца чалавека ў сучасным складаным свеце. Пра маральны сэнс тых архетыпаў, тых старажытных каранёў, якія сёння могуць знікнуць у калейдаскопе глабальнай цывілізацыі. Як піша румынскі мастак Марын Герасім, "Тудар Збырні з'яўляецца маралістам, які медытуе над сэнсам быцця, але робіць гэта ён строга праз мастацтва, знутры, не дадаючы адлюстраванню празмерны вонкавы дыскурс".

Сапраўды, яскравы "дэкаратыўны" каларыт, які часам /i/content/pi/cult/332/6044/pic_24.jpgнабывае рысы гратэску, дакладны падзел прасторавых зон, інтэнсіўнасць і дакладнасць колеравых характарыстык - усе гэтыя асаблівасці жывапісу Збырні пакліканы ўвасобіць настальгію аўтара па "страчаным раі" гістарычнай памяці народа. Некаторыя творы вызваляюць мастака ад звычных акадэмічных канонаў, "скопваюць" знутры традыцыі, "школу" і дапамагаюць пераадолець прымхі. Іншым разам творца скарыстае наўмысны прымітывізм - і ў кампазіцыі, і ў пластычнай манеры. Тудар Збырні любіць абсалютную сіметрыю, у якую ідэальна змяшчае рытмічныя плоскасці, сілуэты фігур, аб'ёмы прадметаў. Гэтую, так бы мовіць, "прымітыўную" арганізацыю палатна ён насычае артыстызмам і элементамі своеасаблівай гульні. І робіць тое бліскуча, з неаслабным націскам і энергіяй.

Яго "архітэпальная прастора" арганізавана з падтрымкай стылізаваных квадратаў, прамавугольнікаў, авалаў, ромбаў, розных па колеравай якасці - ружовых, жоўтых, аранжавых, зялёных, шэрых, блакітных, рудых, - але набліжаных адзін да аднаго. Часам кампазіцыя будуецца амаль па нейкіх геральдычных прынцыпах, дзе рытмы набываюць арнаментальны характар, звязаны з народнымі крыніцамі фальклору. Творы мастака ў межах гэтых тэндэнцый блізкія па характары да "жывапісных экзерсісаў", дзе аўтар узнімаецца ад фіксацыі канкрэтнага эмацыйнага перажывання да раскрыцця свайго, асабістага, светаадчування, у шырокім філасофскім сэнсе слова.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"