Інвестпраекты на Першым

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Суайчыннікі: прастора свету

/i/content/pi/cult/332/6041/pic_15.jpgШто ні кажыце, а галоўнай адметнасцю юбілейнага "Славянскага базару ў Віцебску" стаўся "форум у форуме" - Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Чатырохдзённая праграма гэтага фестывалю была надзвычай шырокай і ахоплівала шэраг мерапрыемстваў не адно ў Віцебску, але і ў Мінску. Ды ўсё ж, паводле прызнання не толькі арганізатараў, але і саміх удзельнікаў, менавіта віцебскія імпрэзы сталі сапраўднай кульмінацыяй як яго дзелавога, так і святочнага складнікаў. Беларусы замежжа ўдзельнічалі ў прэс-канферэнцыі Дня Беларусі, скіраваўшы на сябе большасць журналісцкіх пытанняў. У Віцебскім аблвыканкаме прайшло пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры нашай краіны. Увечары ж адбыліся афіцыйнае адкрыццё Фестывалю беларусаў свету і гала-канцэрт аматарскіх калектываў нашых суайчыннікаў з розных краін. 

Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету адбыўся як вынік леташняга Першага пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры краіны. Цяперашняе, Другое, было не менш канструктыўным. На ім было вырашана, што фестываль павінен стаць пастаянным, праводзіцца раз на два гады. Закраналіся і многія іншыя пытанні ды праблемы - тым больш, што акрамя звыш 20і кіраўнікоў замежных беларускіх суполак, на Савеце прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, замежных спраў, спорту і турызму, Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур...

Пасяджэнне пачалося прамовай міністра культуры краіны Паўла Латушкі. Ён акрэсліў галоўныя вектары развіцця сферы на Беларусі, зарыентаваў гасцей у нашых здабытках, распавёў пра нядаўна створаны Інстытут культуры Беларусі, які будзе таксама займацца і развіццём сувязей з беларусамі замежжа, скіраваў увагу прысутных на неабходнасць пашырэння сумесных праектаў, агульнае святкаванне юбілейных дат (сёлета - 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, у 2012-м - 130-й гадавіны Янкі Купалы і Якуба Коласа).

- Беларуская культура, - падкрэсліў Павел Латушка, - ствараецца не толькі ўласна ў Беларусі. І мы разлічваем на вашу падтрымку ў галіне наладжвання кантактаў, распаўсюджвання ў замежжы беларускай мовы і культуры, плённага працягу гандлёвага супрацоўніцтва, фарміраванн/i/content/pi/cult/332/6041/pic_16.jpgя пазітыўнага іміджа Радзімы ў іншых краінах...

Не менш зацікаўленымі былі і прамовы іншых выступоўцаў. Прадстаўнікі практычна ўсіх дыяспар казалі пра неабходнасць прыняцця Закону аб беларусах замежжа, які рэгуляваў бы многія пытанні, што ўзнікаюць. Насамрэч, такі Закон ужо распрацаваны, унесены на разгляд Савета Міністраў.

Ішла размова і пра стварэнне ўстановы, куды беларусы замежжа змогуць звяртацца з любымі пытаннямі. Усе, уключаючы міністра культуры, закраналі пытанне пашырэння сеткі культурных цэнтраў Беларусі за мяжой. Але, як было заўважана, патрэбен інтэнсіўны шлях іх развіцця. Вядома, немагчыма адразу выдзеліць пад гэтыя цэнтры вялікія памяшканні, а больш мэтазгодна на дадзеным этапе - падтрымліваць асобныя праекты. Гучала і прапанова аднавіць у сталіцы Літвы Беларускі музей, які ствараў Іван Луцкевіч. Адначасова там мог бы змясціцца і Культурны цэнтр Беларусі. Магчыма, такія цэнтры маглі б адкрывацца пры ВНУ, на кафедрах, дзе займаюцца беларусістыкай.

Міністэрствамі культуры і адукацыі робіцца шмат захадаў па перадачы землякам кніг, падручнікаў, іншай літаратуры пра Беларусь. І попыт на нашы выданні расце. Беларускі бок гатовы таксама набыць і перадаць у суполкі дакументальныя стужкі, прысвечаныя айчыннай гісторыі і культуры.

Вялася гаворка і пра пашыранае выкарыстанне электронных рэсурсаў, стварэнне сайта "Беларусы ў свеце" ці нават інтэрнэтпартала з інфармацыяй пра нашу краіну. Далейшай прапацоўкі з боку саміх беларусаў замежжа патрабуе і тэлевяшчанне. Не залішнім было б і ўдасканаленне сувязей між навучальнымі ўстановамі: беларусы замежжа, скончыўшы ў сваёй краіне беларускія школы і ліцэі, хочуць вучыцца далей у нас. Закраналіся і пытанні бязвізавага абмену на прыгранічных тэрыторыях: увядзенне гэтай меры, да ўсяго, паспрыяла б больш плённым выступленням тых жа аматарскіх калектываў.

Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага, паведаміў, што ў іх рэгіёне шмат людзей, гатовых укладаць грошы ў развіццё беларускай эканомікі, і прапанаваў стварыць клуб беларускіх інвестараў. У сваю чаргу, міністр культуры нашай краіны выказаў ідэю правядзення эканамічнага форуму беларусаў замежжа і абяцаў прапанаваць яе Ураду Беларусі.

Трэба пашыраць і такую форму супрацоўніцтва, як ганаровыя консульствы. У гэтым упэўнены стараста Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці Сяргей Кулікоў, прадстаўнікі расійскага бізнесу. На іх думку, ганаровым (а па сутнасці - "працоўным") консулам можа стаць той, хто ўкладае свае ўласныя грошы ў правядзенне мерапрыемстваў, скіраваных на папулярызацыю беларускай культуры.

/i/content/pi/cult/332/6041/pic_17.jpgВельмі змястоўным было выступленне знакамітага навукоўца, доктара філалогіі Адама Мальдзіса. У камп'ютарнай версіі ўжо існуце падрыхтаваны ім слоўнік "Беларусы свету" ў 4-х тамах, матэрыялы да якога збіраліся цягам 40 гадоў. Падрыхтавана і кніга "Беларусы ў замежжы", што змяшчае каля 1800 персаналій, а таксама абагульняючыя артыкулы (беларусы ў Расіі, у Малдове і г. д.) і матэрыялы пра грамадскія арганізацыі ды выданні. Але, паводле папярэдніх падлікаў, каштаваць такое выданне будзе нятанна - не кожны нават з тых, пра каго там напісана, зможа яго набыць. Таму трэба шукаць больш танны варыянт, як давесці сабраную інфармацыю да чытачоў.

Працягам стасункаў з інтэлігенцыяй беларускага замежжа, як запэўніла першы намеснік міністра інфармацыі краіны Лілія Ананіч, стане запрашэнне літаратараў-суайчыннікаў на Дзень беларускага пісьменства, які сёлета будзе праведзены ў Ганцавічах.

Увогуле, усе прысутныя пацвердзілі плённасць стварэння Кансультатыўнага савета і выказалі надзеі на далейшыя, не менш шчыльныя, сувязі.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"