Як “выцягнуць” стыльнасць?

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Баланс спеўных складнікаў і рэпертуару

/i/content/pi/cult/332/6040/pic_12.jpgМіжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" - гэта маладыя спевакі з дваццаці краін, журы - з дзевяці. І чатыры незабыўныя фестывальныя дні, што ўмясцілі першае знаёмства публікі з будучымі кумірамі, два ўласна конкурсныя праслухоўванні, напоўненыя хваляваннямі, нарэшце - узнагароджанне. Такі просты, на першы погляд, сцэнарый на кожным спаборніцтве пішацца наноў.

Сцэнарый лёсавання канкурсантаў разгарнуўся вакол ідэі карнавалу. Але калі цыркачы на хадулях прыйшліся да месца, дык каларытныя, "у целе", дамы ў пер'і асацыіраваліся крыху з іншымі жанрамі, наўрад ці спалучальнымі з такім сур'ёзным спеўным конкурсам, як гэты. Праспяваўшы сваю прэзентацыйную кампазіцыю, якая выбіралася выключна па жаданні ўдзельніка, без аніякіх абмежаванняў, канкурсант выцягваў, у прамым сэнсе слова, "ката ў мяшку". На сцэну выкацілі вялізны мех, і, запусціўшы туды руку, кожны намацваў свайго чорнага ката. На шыі ж у таго кацяняці вісеў маленькі мяшэчак - з нумарам унутры.

З не меншай фантазіяй і тактам былі абстаўлены конкурсныя дні. Усе гэтыя мерапрыемствы вялі Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі - тэлевядучыя, удзельнікі гурта "Да Вінчы". Яны не спаборнічалі паміж сабой, як гэта часам здаралася з іншымі вядучымі ў розныя гады, а склалі гарманічны дуэт, прасякнуты добразычлівасцю да кожнага канкурсанта. Толькі не думайце, што гэта адзіны магчымы для іх дуэта варыянт! У канцэрце Дня Беларусі ў іх хапала і гумару, і жартоўных кпінаў, "прыколаў" ды іншых, куды больш дзёрзкіх сродкаў. У конкурсныя ж дні вядучыя адыгрывалі ролю своеасаблівых "псіхатэрапеўтаў" і шмат у чым дапамагалі прэтэндэнтам на ўзнагароды раскрыцца яшчэ больш ярка і рознабакова.

Так, у першы дзень, чакаючы ацэнак журы, вядучыя распытва/i/content/pi/cult/332/6040/pic_13.jpgлі спевакоў пра тое-сёе, адштурхнуўшыся ад напаўжартоўнай-напаўсур'ёзнай анкеты, якую ўсе ўдзельнікі запаўнялі перад конкурсам. Асабліва ўражвалі музычныя распыты, накшталт: а ці праўда, што вы спяваеце джаз? І калі пасля гэтага канкурсантка, чый конкурсны рэпертуар складаўся адно з песень савецкай эпохі, пачынала выдаваць мудрагелістыя фіярытуры, гэта, пагадзіцеся, пашырала ўяўленне пра яе магчымасці куды больш за пералік ранейшых узнагарод. Гэтак жа і на другі дзень: на просьбу вядучых павіншаваць фестываль з юбілеем на мове сваёй краіны многія пачыналі спяваць. І часам рабілі гэта куды лепш, чым дагэтуль, бо конкурсныя хваляванні для іх ужо скончыліся.

Увогуле, для многіх канкурсантаў менавіта рэпертуар заставаўся "слабым месцам". На лёсаванні, нягледзячы на поўную свабоду выбару, практычна ўсе звярталіся да добра вядомых кампазіцый. Сама па сабе гэтая з'ява - абсалютна нармальная (да прыкладу, тая ж музычная класіка выконваецца многімі пакаленнямі). Аднак далёка не ўсе канкурсанты адпавядалі музычнаму "арыгіналу". У кагосьці атрымалася "капіраванне мадэлі", у кагосьці - штосьці без аніякага дачынення да стылістыкі абранага твора.

Няма чаго здзіўляцца, што ў першы конкурсны дзень практычна ўсе ўдзельнікі выступілі на парадак вышэй, бо выконвалі песні сваёй краіны. А вось у песнях славянскіх аўтараў сарыентавацца змаглі не ўсе. Хаця, у параўнанні з першымі мінскімі аркестравымі рэпетыцыямі, было добра заўважна, наколькі ўзрасла за гэты час спрактыкаванасць спевакоў.

На такім фоне Алена Ланская, безумоўна, выйгравала. Хаця на лёсаванні ў яе таксама была песня "з чужога пляча" - "Малады ды нежанаты" В.Раінчыка. Яна праспявала яе інакш за першую выканаўцу - Ажаліку Агурбаш, закцэнтаваўшы, у адпаведнасці з конкурсам, не толькі сваю рухавасць і артыстызм, але і добры вакал. Дый гераіня Алены Ланской - зусім не сучасная Кармэн, а какетліва-грацыёзная дзяўчына, якая ўмее "страляць вачыма" і прывабна ўсміхацца. Уласна конкурсныя песні Алены ("Неба ведае" Л.Шырына і "Белая ластаўка" У.Кандрусевіча) былі, што немалаважна, кантраснымі, але абедзве вылучаліся глыбокім зместам, і спявачка змагла данесці яго праз свае спевы нават да тых, хто не разумеў мовы. У адрозненне ад многіх і многіх іншых, Алена прадэманстравала валоданне ўсёй палітрай найтонкіх дынамічных і эмацыйна-сэнсавых адценняў, а не толькі "надта гучных пакут". І, дарэчы, не сфальшывіла ніводнай ноты! Іншыя ж літаральна на кожным кроку дазвалялі сабе недакладнасці ў інтанаванні.

Калі многія спявалі настолькі старанна, што на першы план выходзіла тэхналогія, дык Алена Ланская папросту жыла песняй - ад свайго з'яўлення на сцэне да імгнення цішыні, якое папярэднічае апладысментам. І што самае важнае - сэнс і пачуцці выяўляла не толькі праз акцёрскія прыёмы, але і менавіта праз голас, разнастайнасць гуказдабывання, што і рабіла яе выкананне такім выразным. Калі б гэта быў конкурс на адметнасць і прыгажосць адно голасу, дык Алена, пэўна, у ім папросту не ўдзельнічала б, разумеючы, што гэта не яе "разыначка". Ну няма ў ейным голасе ні той знішчальнай моцы, што часам называюць "сценабітнасцю", ні тых асаблівых фарбаў, што ўжо самі па сабе вымушаюць забыцца пра ўсё на свеце. Пры ўсім гэтым, сваім гарачым жаданнем працаваць, пунктуальна ставячыся да кожнай дробязі, яна, пакуль афіцыйна не атрымаўшы спецыялізаванай музычнай адукацыі, акумулявала ў сабе лепшыя рысы беларускай вакальніцкай школы. Бо ў цэнтры выканання - не адно голас, а музычны твор. Замест "буйнога памолу" - увага да кожнай не проста фразы і нават не да ноты, а да слова і яго музычнага ўвасаблення. І ўсё гэта- у гармоніі са знешнім абліччам, сцэнічнымі строямі і пластыкай, пра што паклапаціліся ў ейным прадзюсарскім цэнтры.

/i/content/pi/cult/332/6040/pic_14.jpgТакой збалансаванасці спеўных складнікаў і самога рэпертуару, роўнасці выступленняў ва ўсе тры дні не было больш ні ў каго. Уладзімір Квасніца (І прэмія, Украіна) запомніўся шыкоўным акадэмічным вакалам і рамансавай лірыкай. Дайніс Скутэліс (Латвія) - зваротам да "Зачарованай" І.Лучанка, што прынесла яму спецыяльную прэмію імя У.Мулявіна. Алішэр Карымаў (ІІІ прэмія, Казахстан) - надзвычай нацыянальным тэнарам, асабліва яркім у верхнім рэгістры. Крысціна Скарлат (таксама ІІІ прэмія, Малдова) - зноў-такі, моцным голасам, асабліва прыдатным для ўвасаблення пакут. Уладальнікі ІІ прэміі- Дэвід Дэйл (Чэхія) і Рута (Літва) - еўрапейскай стрыманасцю, знешняй "прастатой" выканання і, асабліва, еўрапейскай стылістыкай саміх твораў. "Аркестравая" песня Дэвіда Дэйла ўвогуле здавалася больш прыдатнай для "Еўрабачання", а не "Славянскага базару...": яна вельмі запамінальная, але пабудаваная літаральна на некалькіх нотах, без аніякага баладнага развіцця, дзе можна прадэманстраваць магчымасці вакалу. Яшчэ колькі гадоў таму такая інтанацыйная прастата і спеўны "мінімалізм" аказаліся б для спевака ракавымі: на віцебскім конкурсе яго не выратавала б ніякая стыльнасць, калі б у песні не было магутнага сімфанічнага разгорту і дыяпазону ў тры актавы. Таму сёлетняе рашэнне журы сталася яшчэ і знакам стылёвага павароту спаборніцтва ў бок Еўропы.

Увогуле, конкурс-2011 вызначаўся вельмі высокім узроўнем. Калі на першых рэпетыцыях яшчэ здавалася, што, як заўсёды, ёсць і "выпадковыя" ўдзельнікі, дык кожны наступны іх выхад быццам аспрэчваў ранейшы вердыкт. Запомніліся многія, нават тыя, хто атрымаў усяго дыплом (не ўганараваных на "Славянскім базары..." не бывае). Шмат было і спецыяльных прызоў. Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД уручыў сертыфікат на права запісу сольнага альбома расіянцы Мары Карнэ і Нарэку Макарану з Арменіі (ён больш за ўсё ўразіў на лёсаванні і ў спевах з аркестрам). Тэлеканал "Мір" падарыў дзве тысячы долараў Звіаду Абашыдзэ з Грузіі, які спяваў "Суліко" пабеларуску. Высокі ўзровень выканальніцтва падкрэсліў на цырымоніі ўзнагароджання і старшыня журы, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка:

- Гэты конкурс - запатрабаваны, папулярны, ён мае свой статус і прэстыж. Канешне, могуць быць супярэчлівыя думкі, але ўсе мы адзначылі, што цяперашні конкурс меў вельмі высокі ўзровень удзельнікаў. Як членам журы нам было даволі складана, але мы ўсё ж такі лічым, што рашэнне прынялі аб'ектыўна, абгрунтавана, і ўзнагароды атрымаюць лепшыя з лепшых. Я, вядома, хацеў бы звярнуцца да канкурсантаў. Гэты конкурс азначае толькі адно: вам трэба ісці далей у сваёй прафесійнай кар'еры, развівацца, удзельнічаць у іншых спаборніцтвах - і перамога абавязкова прыйдзе. Спадзяюся, дадзены конкурс застанецца яркай старонкай як для пераможцаў, так і для тых, хто, магчыма, пакуль яшчэ не атрымаў узнагарод. Трэба працаваць над сабой, ісці наперад - і ўзнагароды прыдуць: перш за ўсё- апладысменты публікі...

Цягам гадоў змяніўся сам імідж фестывалю: "Славянскі базар у Віцебску" гуртуе не толькі славян, але і ўсе народы свету. Адпаведна, пачынаюць змяняцца і конкурсныя прыярытэты. Наш форум не абмяжоўваецца песнямі савецкай эпохі, якія хтосьці, можа, лічыць адзіным сімвалам "славянскасці". Не абмяжоўваецца ён і "славянскай баладнасцю", поўнай жарсцяў і трагічнага напалу. Ён адкрыты свету і найноўшым еўрапейскім тэндэнцыям, дзе цэняцца стыльнасць, інтэлігентнасць спеваў, а не толькі шырыня дыяпазону.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"