Страчаная сядзіба ў “Адваротным адліку”

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

“Паглыбленне” ў “тэлематэрыял” з Уладзімірам БОКУНАМ

/i/content/pi/cult/332/6039/pic_11.jpgТэлевізійны сезон толькі скончыўся, а беларускія дакументалісты ўжо рыхтуюць наступныя выпускі сваіх стужак, якія гледачы ўбачаць гэтай восенню. Карэспандэнт "К" вырашыў пагутарыць з аўтарам і кіраўніком аднаго з самых паспяховых дакументальных цыклаў, што выходзіць на канале АНТ, пераможцам нацыянальнага конкурсу "Тэлевяршыня" ў намінацыі "Лепшы телевізійны прадзюсар", кінарэжысёрам па сваёй прафесіі і прызванні Уладзімірам БОКУНАМ. Айчынны і замежны глядач убачыў блізу 110 выпускаў "Адваротнага адліку", таму гаворка адразу пайшла аб тым, як падбіраюцца тэмы для гэтага дакументальнага серыяла.

 

Гісторыя і ўмоўны лад

- Дэфіцыту тэм для новых выпускаў "Адваротнага адліку" не адчуваем, - адразу зазначыў Уладзімір Віктаравіч.- Працуем на новы сезон - яго пачаткам павінны стаць выпускі, прысвечаныя гісторыі беларускіх сядзіб і маёнткаў ХІХ стагоддзя. Як і многія іншыя тэмы, за якія браліся нашы аўтары, гэтая пры распрацоўцы аказалася куды больш маштабнай, чым можа падацца напачатку. Сёння мы назбіралі матэрыялу на дзве серыі, і пошукі розных цікавых фактаў з жыцця нашых продкаў працягваюцца далей. Справа ў тым, што сядзіба на Беларусі была не толькі культурным і эканамічным асяродкам - яна была сапраўднай асновай тагачаснага існавання. Таму працоўная назва нашай стужкі - "Страчаны Сусвет". Менавіта гаспадары сядзіб, такія, як Храптовічы, Булгакі ды іншыя, вырашалі лад жыцця на нашых землях. Цікавых, не вядомых шырокай аўдыторыі фактаў шмат, але як зрабіць іх прывабнымі для сучаснага гледача? Адна справа, калі размова ідзе аб нейкім крымінальным сюжэце. Гістарычны ж аповед - зусім іншае. Дакументальная стужка будуецца па гэткіх самых правілах, што і ігравое кіно, патрабуе ўсяго набору неабходных элементаў: канфлікту, экспазіцыі, завязкі, развіцця дзеі, кульмінацыі. Толькі такі падыход гарантуе ўвагу аўдыторыі, што становіцца ўсё больш патрабавальнай.

- Дык што ж цікавіць гледача?

 - Адкрыццё, новая інфармацыя. ХІХ стагоддзе на Беларусі ў гэтых адносінах вельмі багатае на падзеі, практычна невядомыя нашаму сучасніку. А шмат з тых фактаў, знаёмых па школьных падручніках, патрабуе новага асэнсавання. Напрыклад, герой нашай будучай стужкі - вядомы мастак Напалеон Орда пасля ўдзелу ў паўстанні 1830 года быў вымушаны з'ехаць у Францыю, адкуль вярнуўся толькі пасля амністыі 1856-га. Увогуле, усё пакаленне гэтага выбітнага дзеяча вярнулася на Беларусь са здабыткамі еўрапейскай культуры, якія яно хацела прынесці на карысць свайму народу. Так і адбывалася: беларускія сядзібы былі сапраўднымі "куткамі Еўропы" з выдатнымі палацамі, змястоўнымі бібліятэкамі, карціннымі галерэямі, у якіх былі творы з Эрмітажа, Луўра... Гэта цалкам не адпавядае таму вобразу Беларусі, які гадамі фарміраваўся ў масавай свядомасці, і тут ёсць шырокае поле для нашай дзейнасці.

 - Вядома, чым "глыбей" у гісторыю, тым больш складана знайсці матэрыялы для здымак...

- Так, таму даводзіцца шукаць выйсце. Шмат працуем з камп'ютарнай графікай, здымаем мясціны, дзе адбываліся падзеі. Распаўсюджаны прыём гістарычнай рэканструкцыі, калі акцёры разыгрываюць эпізоды з жыцця нашых герояў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца розныя дэталі рэквізіту, касцюмы, інтэр'еры, якія дапамагаюць стварыць у кадры патрэбную атмасферу. Рэканструкцыя - вельмі рэсурсаёмісты, складаны шлях стварэння стужкі, але без яе працаваць над гістарычнымі сюжэтамі немагчыма. Ёсць, зразумела, тэмы, што можна раскрыць з дапамогай кінахронікі, але яе заўжды не хапае, ды і разгарнуць сюжэт з яе дапамогай не заўжды магчыма.

 

Патрабуюцца аўтары!

- Кім з'яўляюцца аўтары "Адваротнага адліку"? Гэта прафесійныя кінематаграфісты або "глыбінныя" спецыялісты-гісторыкі?

- Аўтар дакументальнай тэлевізійнай стужкі - вельмі важная прафесія. Галоўная яго задача - цікава расказаць гісторыю, а для гэтага яе трэба добра ведаць, а таксама ўмець трымаць увагу аўдыторыі. У часы існавання аб'яднання "Тэлефільм", на якім я працаваў, такіх людзей было шмат. На жаль, адбыўся пэўны разрыў паміж тымі часамі, калі на тэлебачанні працавалі вельмі моцныя гісторыкі, пісьменнікі, сцэнарысты, і нашымі днямі, калі знайсці якаснага аўтара для стужкі - вялікая ўдача. У 1990-я школа тэлевізійнага аўтарства, у адрозненне ад аператарскай і рэжысёрскай, была амаль страчана. Цяпер мы спрабуем яе адрадзіць, але працэс ідзе вельмі марудна. Выпускнікі факультэта экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў дзякуючы сумленнай працы сваіх настаўнікаў - у прыватнасці, хочацца назваць Уладзіміра Забэлу і Настассю Суханаву - з'яўляюцца добрымі рэжысёрамі і аператарамі, але аўтараў стужак адтуль мы не атрымліваем. Інстытут журналістыкі БДУ рыхтуе, хутчэй, рэпарцёраў з адпаведным вобразам мыслення. Наогул, аўтара тэлевізійнай дакументальнай стужкі сёння немагчыма "вывучыць". Дарэчы, сам сцэнарый для стужкі працягласцю 26 хвілін займае не так шмат месца: тэкст, які агучвае Александр Суцкавер, - не перавышае пяць старонак. Але працуюць над ім, бывае, па некалькі месяцаў, а то і больш. Прафесійны аўтар павінен валодаць законамі драматургіі не толькі ў тэорыі.

- З чым звязаны недахоп аўтараў на сучасным тэлебачанні?

- На жаль, сёння ў прафесійным асяродку існуе пэўнае неўсведамленне важнасці прафесіі аўтара дакументальнай стужкі. Між тым, асоба аўтара на тэлебачанні, на мой погляд, - асноўная, бо аб'ядноўвае ўсе астатнія, таму такая нізкая ўвага тэлевізійнай супольнасці да яе- нонсэнс! Цікава: што да аплаты, то аўтары цэняцца вельмі сур'ёзна і атрымліваюць неблагія ганарары. Тым не менш, многія папросту не бачаць розніцы паміж прафесіямі тэлевізійнага журналіста і аўтара. Між тым, яна - відавочная. Апошняя вымагае асобага складу характару: даводзіцца надоўга "пагружацца" ў матэрыял, "жыць" колькі месяцаў адной тэмай, што не кожнаму даецца лёгка. Асабіста да нас прыходзіць шмат ахвотных стаць аўтарамі, але ў выніку застаюцца адзінкі.

- Ці можна назваць імёны тых прафесіяналаў, якім беларускія тэлегледачы абавязаны адным з самых цікавых праектаў нашага тэлебачання?

- Сярод нашых рэжысёраў хочацца вылучыць Людмілу Клінцову, Аляксея Раковіча, Уладзіміра Арлова, Андрэя Лескіна, якія стала працуюць ці працавалі на "Адваротным адліку". Сярод аўтараў найперш назаву легенду нашага тэлебачання Барыса Герстэна - з ім мы зрабілі шмат цікавых стужак, у тым ліку з серыі "Прыгажосць па-савецку". Цяпер ён працуе над вельмі цікавай тэмай з гісторыі яўрэйскіх мястэчак на Беларусі. Мы вельмі задаволены супрацоўніцтвам з Таццянай Сухоцкай, аўтарам выпускаў на надта складаныя тэмы - кшталту стужак пра Армію Краёву на Беларусі, вайну 1939 года, двух выпускаў аб Грунвальдскай бітве. Таццяна запатрабавана не толькі ў нашай краіне: яна - лаўрэат расійскай прэміі "ТЭФИ" ў дзвюх намінацыях, стварае праграму "Цывілізацыя", што курыраваў Леў Нікалаеў, які нядаўна пайшоў з жыцця. Але з Беларусі Таццяна з'язджаць не плануе, бо вельмі любіць Радзіму і шануе нашу гісторыю. Менавіта яна сёння працуе над выпускамі аб беларускіх сядзібах. Са сталых аўтараў можна назваць таксама Наталлю Вільтоўскую- аўтара "Іспанскага дэбюту" пра земляка, які меў дачыненне да вывазу золата з Іспаніі ў Савецкі Саюз у 1930-я. Гэтыя трое - тыя, хто супрацоўнічае з намі часцей за ўсё, ёсць і шэраг аўтараў, якія працуюць час ад часу.

 

Упэўнены ў сваім гледачы

- Праект "Адваротны адлік" мае вялікую колькасць прыхільнікаў у Беларусі, што цалкам зразумела. А што да замежных гледачоў?

- "Адваротны адлік" выходзіць таксама на "Беларусь-ТБ", яго асобныя выпускі можна знайсці ў Інтэрнэце, таму водгукі, збольшага - станоўчыя, прыходзяць з самых розных краін. У асноўным замежнікі цікавяцца тымі серыямі, што так або інакш закранаюць іх краіны або суайчыннікаў. Так назіралася вялікая цікавасць палякаў да фільма "Катынь. Беларускі спіс", цяпер перакладаем на французскую мову стужку "Яны змагаліся за Францыю" пра беларусаў, якія ўдзельнічалі ў Супраціўленні. Лічу, карціна будзе добра ўспрынята французамі.

- Вашы стужкі прызначаны, у першую чаргу, для суайчыннікаў, прынамсі, тых, хто яшчэ заспеў колішнюю праграму "Время", са стылізаваных "выпускаў" якой з Аляксандрам Суцкаверам у якасці вядучага пачынаецца кожная серыя. А як можа выглядаць цыкл, адрасаваны тым, хто менш абазнаны ў гісторыі нашай краіны, гледачам з замежжа?

- Замежных гледачоў, паўтаруся, збольшага можа зацікавіць толькі тэма, непасрэдна звязаная з іх родным краем. Мяркую, палякам могуць быць цікавыя моманты нашай агульнай гісторыі, французам - вайна 1812-га, 200-годдзе якой мы будзем хутка адзначаць. Дарэчы, да апошняй даты трэба сур'ёзна рыхтавацца ўжо сёння, і мы маем адпаведныя планы. Тое ж самае датычыцца Першай сусветнай вайны, 100-годдзе з дня пачатку якой таксама не за гарамі. Гэтыя тэмы могуць быць запатрабаваныя не толькі ў нашай краіне, таму трэба, і гэта цалкам магчыма, шукаць партнёраў для іх вытворчасці за мяжой. Што да якасці нашай прадукцыі, то і ў творчым, і ў тэхнічным плане яна цалкам адпавядае агульнаеўрапейскай.

- Нават за тыя тры гады, цягам якіх выходзіць у эфір "Адваротны адлік", тэлебачанне моцна прасунулася ў развіцці. З'явіліся новыя тэхналогіі, павялічылася колькасць каналаў і, адпаведна, канкурэнцыя. Як жа прывабліваць увагу гледача?

- Тэлебачанне сёння знаходзіцца ў прынцыпова іншых умовах, чым дзесяць-дваццаць гадоў таму. З'явілася вялікая колькасць спецыялізаваных каналаў, у тым ліку па гісторыі, кабельнае, спадарожнікавае ТБ. Ужо нават не ўзгадваю Інтэрнэт, з дапамогай якога можна паглядзець любы канал у любы час. Цяпер сам глядач выбірае, што і калі ён будзе глядзець. У гэтай сітуацыі вытворцам тэлепрадукцыі трэба добра разумець і ведаць "свайго" гледача і працаваць адмыслова для яго. У "Адваротнага адліку" "свой" глядач існуе. Упэўнены, ён не будзе расчараваны нашай працай і ў новым сезоне.