Сапраўды, аказалася, што пасля вырашэння аднаго прынцыповага пытання ўзнік шэраг новых. І ў першую чаргу - у галіне практычнай рэалізацыі рэжысёрскіх правоў. Якім чынам у рэаліях, што стануць явай ужо праз некалькі месяцаў, забяспечыць прававыя гарантыі рэжысёрскай працы і яе адпаведнага фінансавага ўзнагароджання? Пра гэта мы вырашылі пагутарыць з тымі, хто неўзабаве акажацца на "фарпосце" новай сітуацыі, - дырэктарамі тэатраў.
Эдуард ГЕРАСІМОВІЧ, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, адгукнуўся на нашу просьбу аб каментарыі даволі горача:
- Мне не падаецца, што рэжысёра трэба будзе выкрэсліваць з ліку аўтараў. Хто як не ён стварае спектакль? Менавіта згодна з яго асабістым, мастакоўскім бачаннем таго або іншага драматургічнага матэрыялу працуюць сцэнограф, кампазітар, харэограф, ды і акцёры. Таму для мяне асабіста ён заўсёды быў і застаецца аўтарам спектакля.
- Але ж, з юрыдычнага пункта гледжання, якім чынам ён можа пацвердзіць уласнае аўтарства? У адрозненне ад кінарэжысёраў або балетмайстраў, чый творчы плён паддаецца фіксацыі, што і дае ім права заставацца ў шэрагах аўтараў, рэжысёр спектакля (прычым не важна, драматычнага або музычнага) не ў стане "спыніць імгненне"...
- Я сказаў бы, гэта - нязручна, аднак - не немагчыма. Дастаткова пад час прэм'ернага паказу зрабіць відэазапіс спектакля - вось вам і фіксацыя, і магчымасць пацвердзіць уласнае аўтарства. Спектакль - прадукт творчай дзейнасці рэжысёра, той самы тавар, які ён выдае. І ў такой сітуацыі відэазапіс становіцца пацвярджэннем і фіксацыяй наяўнасці гэтага самага тавару, яго якасці і ўзроўню.
- У выпадку з запісам аўтарскія правы рэжысёра распаўсюджваюцца толькі на відэаверсію, у той час як з правамі на сам спектакль усё застаецца па-ранейшаму. І потым, ці рэдкія выпадкі, калі рэжысёр ці то пасля пасяджэння мастацкага савета, ці то па ўласным бачанні пасля некалькіх прэм'ерных паказаў тое-сёе дапрацоўвае ў пастаноўцы, змяняе некаторыя сцэны, нюансы? Як у такім выпадку быць: з якой версіяй відэазапісу звярацца?
- Карэкціроўка спектакля - гэта права рэжысёра. І змены зменам не роўныя. Існуе ж паняцце сцэнічнай рэдакцыі, якое прадугледжвае дадзены аспект.
- Ды ўсё ж наша з вамі размова пакуль што адбываецца ў плоскасці тэорыі. А на практыцы Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці кажа, што выканаўцы - не іх сфера дзейнасці. І цяпер вам давядзецца вырашаць юрыдычныя пытанні супрацоўніцтва з пастаноўшчыкамі напрамую, заключаючы дагаворы непасрэдна паміж тэатрам і рэжысёрамі...
- Няхай не падасца вам мая пазіцыя занадта жорсткай, аднак я лічу, што ў дадзеным выпадку Цэнтр проста спрабуе перакласці на плечы тэатра яшчэ адну са сваіх функцый. Гэтак сама, як тое сталася і з пытаннем аб заключэнні аўтарскіх дамоў з замежнымі драматургамі - мы атрымлівалі ад Цэнтра паперы, сутнасць якіх - у наступным: гэта не іх кампетэнцыя, маўляў, вядзіце перамовы самастойна. Але ж тут паўстае шэраг пытанняў нават адміністрацыйнага характару. Дык што, для таго, каб тэатр вёў яшчэ перамовы і працу па заключэнні аўтарскіх дагавораў, неабходна дадаць у штат кожнага з калектываў адпаведныя міжнародныя юрыдычныя аддзелы, якія, фактычна, будуць дубліраваць структуру і дзейнасць Цэнтра? А дзе ж гаспадарскі падыход да дзяржаўных грошай? Ужо чую ў адказ, што рэжысёрскія працэнты - гэта не тыя сумы, дзеля якіх неабходна ўзнімаць вэрхал, ды толькі не пагаджуся з такой пастаноўкай пытання, бо размова ідзе не пра сумы і іх памеры, а- пра неабходнасць прынцыповага прававога падыходу да пытанняў аплаты творчай працы...
Дырэктар Б р э с ц к а г а акадэмічнага абласнога тэатра драмы і практыкуючы р э ж ы с ё р Аляксандр КОЗАК, за плячыма якога паў т у з і н а с п е к т а к л я ў , успрыняў навіну спакойна:
- Што ж, як паказвае жыццё, незалежна ад канчатковага выніку, напачатку любыя рэформы адштурхоўваюцца ад жадання зрабіць сітуацыю лепей і лягчэй. І калі ад нас запатрабуюць заключаць дамовы на выплату аўтарскіх працэнтаў ад пракату спектакляў непасрэдна з рэжысёрамі- будзем заключаць. Іншая справа, што пры такой сітуацыі цалкам рэальна ў таго або іншага дырэктара можа ўзнікнуць спакуса "мінімалізаваць" выдаткі, сказаўшы рэжысёру: прабач, зараз у мяне няма грошай... І што тады рабіць тым рэжысёрам, якія, як я, не бяруць за працу аўтарскі ганарар, а разлічваюць адно толькі на працэнты ад збораў? А такіх у нас, я ведаю, не адзінкі...
Як галоўны "ахоўнік" карпаратыўных інтарэсаў сваё меркаванне на гэты конт выказаў і старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей ДУДАРАЎ:
- Я- драматург, а не рэжысёр, рэжысёраў лічыў не аўтарамі, а прадстаўнікамі сумежнай прафесіі. Але цаніў іх і цаню вышэй за некаторых аўтараў. Таму што яны, сапраўды, - стваральнікі спектакляў. Ну як можна ўявіць сабе знакамітыя песні без іх выканаўцаў? Або аркестравае выкананне таго ці іншага музычнага твора - без дырыжора? Так і я не магу сёння ўявіць сваіх п'ес без тых таленавітых рэжысёраў, хто ў розныя часы ставіў іх на сцэне. Драматургія - база, а рэжысура - тое творчае ўвасабленне, дзякуючы якому нашы творы і набываюць сваё сцэнічнае жыццё. Вось чаму я лічу прынцыповым той факт, што рэжысёр, няхай і не з'яўляючыся юрыдычным аўтарам спектакля, павінен за сваю работу атрымліваць аўтарскае ўзнагароджанне...
- Ведаю, на этапе падрыхтоўкі Закону вы актыўна кантактавалі з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Як ішла гэтая работа?
- Так, я не адну гадзіну на пасяджэннях, дзе, да слова, ішла грунтоўная размова, выказваў свае пажаданні, многія з якіх улічаны. Мушу зазначыць, што дэпутаты ў часе працы над гэтым законам уважліва і ўдумліва выслухоўвалі прапановы і заўвагі практыкаў, мы шукалі паразуменне па ўсіх узнікаючых пытаннях. Так што ў выніку ніхто не скажа, што, маўляў, чыноўнікі, седзячы ў сваіх кабінетах, "прыдумалі" Закон, не ўлічваючы аб'ектыўных рэалій. Наадварот, сумесная праца якраз і дала магчымасць вырашыць многія спрэчныя і "слізкія" моманты яшчэ на этапе распрацоўкі законапраекта. На сённяшні ж дзень Закон - прыняты, уступае ў дзеянне ў снежні бягучага года, і ў ім дакладна прапісана, што публічнае выкананне пастановак рэжысёраў павінна аплачвацца, што я падтрымліваю.
- У свой час, калі ў нашай краіне яшчэ не існавала асобнай установы па ахове аўтарскіх правоў, гэтую функцыю ўзяў на сябе Саюз тэатральных дзеячаў. Ці ёсць падставы разлічваць, што і сёння, калі рэжысёры застануцца сам-насам са сваім новым статусам, творчае брацтва падставіць ім сваё плячо?
- Закон прадугледжвае магчымасць стварэння такой арганізацыі, і, калі гэткая сітуацыя надарыцца, мы, пасля вырашэння шэрагу заканадаўчаюрыдычных фармальнасцей, сапраўды на аснове членства ў Саюзе, будзем ахоўваць і абараняць нашых рэжысёраў. На сённяшні дзень у гэтай прафесіі і так засталіся лічаныя адзінкі, так што мы не адмовімся ад абароны іхніх правоў. Працэнты адлічэнняў у рэжысёраў, у параўнанні з тымі ж драматургамі, невялікія, так што клопатаў у выніку атрымаецца больш, чым "навару". Для нас жа на першым месцы стаіць, як вы правільна заўважылі, не фінансавая прыбытковасць, а прынцыповая падтрымка карпаратыўных інтарэсаў. Тым больш, што "Закон аб аўтарскім і сумежных правах" - адзін, і абараняе ён творцаў незалежна ад іх статуса.
- Як вы пракаменціруеце той факт, што да снежня бягучага года ўсе рэжысёры павінны будуць перазаключыць дамовы непасрэдна з тэатрамі, дзе паставілі свае спектаклі, і цяпер самастойна абавязаны вырашаць свае прававыя пытанні?
- Справа ў тым, што ўступае ў дзеянне такі псіхалагічны і этычны нюанс...
- Чалавечы фактар?
- Менавіта так. Адна справа, калі рэжысёр едзе на пастаноўку ў іншы тэатр: там ён на самым пачатку можа агаварыць з дырэктарам свае аўтарскія працэнты. А калі спектакль выходзіць у тым тэатры, дзе рэжысёр працуе, якім чынам ён можа дамаўляцца? Іншая справа, калі дадзеныя пытанні вырашае і рэгулюе старонняя дзяржаўная структура, якая прызначае працэнты на падставе адпаведных афіцыйных дакументаў, рэгламентуючых усе тыя моманты. Адразу ж знікае гэты самы "чалавечы фактар".
- І ўжо дырэктар не зможа сказаць: прабач, братка, цяпер так туга з грашыма...
- Правільна, бо структура адкажа: скарыстаўся рэжысёрскай працай - плаці, прычым у адпаведнасці з законам. А не хочаш - пытанне будзе вырашацца ў судовым парадку, і ўсё роўна давядзецца заплаціць за шэсць месяцаў плюс судовыя выдаткі.
- Дарэчы, якраз менавіта дырэктары першымі выступаюць за такую форму працы...
- Ды таму што яны зацікаўлены ў тым, каб з самага пачатку зняць усе тыя пытанні, якія абавязкова ў іх з'явяцца на практыцы.
- Вы маеце на ўвазе тое, што для ажыццяўлення гэтай дзейнасці ім давядзецца ўводзіць новыя штатныя адзінкі?
- Абсалютна дакладна. І - не толькі іх. Аднак я хачу засяродзіць увагу на іншым: Закон - ёсць, і, незалежна ад таго, падабаецца ён камусьці або не, гэта - Закон, і выконваць яго неабходна. Хто б што ні казаў, але ў нас шмат добрых законаў. Іншая справа - добрых выканаўцаў гэтых законаў часам бракуе. І на сённяшні дзень, у дачыненні да правоў рэжысёраў, мне падаецца, што і грамадства ў цэлым, і кожны з нас паасобку мусіць зразумець: творчая праца - гэта такая ж праца, як і фізічная. Яе таксама неабходна ахоўваць і за выкарыстанне яе патрэбна плаціць. А ў Законе дакладна прапісана, што выкарыстаннем з'яўляецца публічнае выкананне. Вось і ўсё: гэта - тая "печ", ад якой і трэба танчыць.