Дык хто ж ён, пастаноўшчык?

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Рэжысёры просяць растлумачыць. Паміж аўтарскім і сумежнымі правамі ў кантэксце сусветнай практыкі

Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у маі быў прыняты Закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Дакумент уступіць у сілу ў снежні бягучага года. Самі рэжысёры ўжо тэлефануюць у рэдакцыю з просьбай растлумачыць новую юрыдычную рэальнасць, наўпрост датычную іх прафесійнай дзейнасці. 

Закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" - апублікаваны, але пытанняў і сёння па ім узнікае нямала. Так, пад час абмеркавання не адно кап'ё было зламана над праблемай вызначэння юрыдычнага статуса рэжысёра - пастаноўшчыка спектакля. Сёння мы спрабуем разабрацца, да якіх вынікаў прыйшлі заканадаўцы і якім чынам гэта адаб'ецца на будучыні названай прафесіі ў нашай краіне. Што яшчэ можна ўдакладніць? Спектакль без рэжысёра?

Мінулае стагоддзе падарыла мастацтву прафесію рэжысёра. Паступова прыйшло ўсведамленне таго, што саюз таленавітага драматурга, мастака з нетрывіяльным поглядам натхнёнага кампазітара і адоранага акцёра можа спарадзіць па-сапраўднаму выдатны спектакль толькі тады, калі іх задумы і памкненні аб'яднае рэжысёр: менавіта яму ўласціва пэўным чынам вырашыць мізансцэны, распрацаваць характары герояў, расставіць акцэнты ў сучаснай ці класічнай п'есе, каб усхваляваць гледача. Тым самым рэжысёр уздзейнічае на яго думкі і дае магчымасць перагледзець сваё светаадчуванне, стаўленне да іншых людзей і да сябе. Цягам ХХ стагоддзя назва папраўдзе любога паспяховага тэатра асацыіравалася з канкрэтным імем рэжысёра.

Новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы ўнеслі значныя змены ў многія сферы жыцця, і тэатральнае мастацтва таксама не засталося ў баку ад радыкальных змен. Пакрысе тэатр рэжысёрскі стаў змяняцца тэатрам дырэктарскім, а замест паняцця "спектакль" ва ўжытак трывала ўвайшлі словы "прадукт" і "праект". Тэатры ўсё часцей кажуць аб працэнтах запаўняльнасці залы, касавых зборах. Таму і дырэктарам больш выгадна бачыць у рэжысёры перш за ўсё кіраўніка, які ўзначальвае адно з творчых падраздзяленняў установы пад час працы над чарговай пастаноўкай.

Унутры тэатраў усё часцей гучаць пытанні пра тое, хто ж такі рэжысёр, кім ён з'яўляецца і навошта ўвогуле патрэбны. Унутраныя ваганні ў вызначэнні прафесіі прывялі да вельмі сур'ёзных знешніх наступстваў. Прынамсі, у новым Законе "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" рэжысёра прызналі ўладальнікам сумежных правоў на пастаноўку, пазбавіўшы яго права на аўтарства.

 

 Безліч вызначэнняў адной прафесіі

- Напрыканцы 1998 года на ўзроўні пастановы Урада было прынята рашэнне, што тэатральным рэжысёрам за рэгулярнае выкарыстанне іх пастановак належыць аўтарскае ўзнагароджанне ў пэўным памеры, - патлумачыў карэспандэнту "К" колішнюю сітуацыю кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Беларусі Аляксей Бічурын. - У творчым асяроддзі лагічна выказалі думку, што калі ўзнагароджанне - аўтарскае, то асоба, якая яго атрымлівае, з'яўляецца аўтарам...

Аднак у Законе "Аб аўтарскім праве..." ад 1998 года ні слова не было сказана пра рэжысёраў - пастаноўшчыкаў спектакляў.

Іншымі словамі, не з'яўляючыся нідзе юрыдычна прапісанымі, фактычна рэжысёры ў Беларусі лічыліся аўтарамі. Гэтая сістэма існавала цягам амаль дванаццаці гадоў. Аднак тое палажэнне не адпавядала іншымі заканадаўчым актам. Прынамсі, у Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь, дзе закладваюцца асновы правоў, у тым ліку на ахову інтэлектуальнай маёмасці і выкарыстанне аўтарскага права і сумежных правоў, у той жа рэдакцыі 1998-га змяшчаўся пункт, паводле якога самі тэатральныя пастаноўкі былі аднесены да аб'ектаў сумежных правоў. Атрымлівалася, што ў Кодэксе значылася адно, а практыка існавала іншая: асобы, якія ажыццяўлялі пастаноўку спектакля, мелі права на аўтарскае ўзнагароджанне і аўтаматычна прылічваліся да аўтараў.

 

Кім жа назваць цябе?

Пад час працы над новым юрыдычным дакументам спецыялісты імкнуліся ўніфікаваць унутраную структуру ўсіх адпаведных заканадаўчых актаў. Міністэрства культуры таксама ўдзельнічала ў гэтым працэсе. Неаднойчы ўзнімалася пытанне: ці не лепш будзе перанесці практыку, што склалася, у існуючае прававое поле і прызнаць тэатральных рэжысёраў аўтарамі спецыфічнага віду мастацтва? Зразумела, гэта прывяло б да прызнання творцаў суб'ектамі аўтарскага права. Але пасля шырокага абмеркавання было вырашана пайсці іншым шляхам.

- Мы зыходзілі з сусветнай практыкі, дзе тэатральны рэжысёр здавён лічыцца суб'ектам сумежных правоў,- распавяла намеснік Старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Святлана Сухавей. - Да таго ж, мы павінны былі ўніфікаваць дакументы ў межах Мытнага саюза. Зыходзячы з усіх прынятых да ўвагі аспектаў у апублікаваным ў маі Законе "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" удасканалена прававое палажэнне пэўных катэгорый выканаўцаў: са снежня бягучага года рэжысёры - пастаноўшчыкі спектакляў, якія цяпер аднесены менавіта да гэтай катэгорыі, будуць з'яўляцца суб'ектамі сумежных правоў...

Такім чынам, заканадаўцы фактычна прыраўнялі рэжысёраў да выканаўцаў, якія з'яўляюцца пасрэднікамі пры распаўсюджванні твора паміж публікай, з аднаго боку, і аўтарамі- драматургам, кампазітарам, мастаком-пастаноўшчыкам, харэографам - з другога...

 

 А як у замежжы?

Для галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксея Ляляўскага замацаванне ў новым заканадаўстве яго прафесійнага статуса як уладальніка сумежных правоў не сталася вялікім узрушэннем. Аляксей Анатольевіч шмат ставіць у тэатрах замежжа, дзе рэжысёры даўно не лічацца аўтарамі.

- Сапраўды, падобны юрыдычны аспект - агульнапрынятая практыка, - сцвярджае суразмоўца "К". - У Еўропе здавён рэжысёру за зробленую работу ганарар выплачваецца аднаразова. Звыклых жа для Беларусі аўтарскіх адлічэнняў за выкарыстанне пастаноўкі не прадугледжана. Праўда, неабходна прыняць да ўвагі, што ў першапачатковы кантракт закладваецца сума, зыходзячы з мяркуемага пракату, прыкладам, на бліжэйшыя пяць гадоў. Калі ж спектакль мае поспех і яго хочуць паказваць гледачам і надалей, то на новы тэрмін заключаецца чарговы дакумент, што прадугледжвае адпаведны ганарар...

Ды ўсё ж, па меркаванні Аляксея Бічурына, словы недаўмення, якія, аднак, гучаць у рэжысёрскай грамадзе, прадыктаваны тым, што многія не гатовы адысці ад старой савецкай практыкі ўспрымання тэатральнага спектакля як "дзецішча" рэжысёрскай творчасці і, адпаведна, прэтэндаваць на аўтарскія правы ў яго дачыненні.

- Шчыра скажу, НЦІУ занепакоены, каб юрыдычныя змены не прынеслі дыскамфорту айчынным рэжысёрам, - выказаў заклапочанасць прадстаўнік установы. - Мы гатовы дапамагчы пастаноўшчыкам разабрацца ў новых абставінах, гатовы прыняць удзел у перазаключэнні кантрактаў з тэатрамі. Хочацца, каб нашы творцы як мага лягчэй перажылі змяненні свайго юрыдычнага статуса. Нас перш за ўсё турбавала, каб гэтая катэгорыя творцаў наогул не выпала з сістэмы атрымання ўзнагроджання за творчую працу. На сёння галоўны аспект застаецца без змяненняў: парламентарыі пакуль захавалі права на атрыманне грашовых пералічэнняў за публічнае выкананне вынікаў працы рэжысёраў. Тарыфныя стаўкі і працэнтныя лічбы пакуль таксама не пераглядаюцца...

 Заканадаўцы мяркуюць: у новых умовах з'явіцца больш дакладнасці ў тым, за што, уласна, рэжысёры атрымліваюць узнагароджанне, і што яно з сябе ўяўляе. Праўда, пакуль ніхто не ведае, якім чынам гэта ажыццявіцца на практыцы. Зразумела, тэатры ўжо маюць устойлівую фінансавую мадэль, і наўрад ці хто паспрабуе паквапіцца на перагляд маёмасных правоў рэжысёраў.

Хачу падкрэсліць, што выканаўцам як уласнікам сумежных правоў пры былым аб'ёме аўтарскіх ганарараў належыць больш вузкі, чым аўтару, спектр маёмасных правоў. І ці не ўзнікне ў хуткім часе лагічнае пытанне: чаму тэатральныя рэжысёры-пастаноўшчыкі, якія юрыдычна прызнаны ўладальнікамі сумежных правоў, атрымліваюць пералічэнні за публічнае выкарыстанне спектакля, як і законныя аўтары: драматург, сцэнограф, кампазітар? Ды, хто ведае, ці не адбудзецца неўзабаве прэцэдэнт, калі хтосьці з дырэктараў пажадае выкарыстаць паніжэнне статуса рэжысёра для перагляду фінансавых узаемаадносін?

 

У чым розніца кіно і тэатра?

Заканадаўства аб аўтарскім праве- спецыфічнае і не такое просталінейнае, як тое бывае ў іншых сферах. Парламентарыі ніколі не ставілі перад сабой задачы ўніфікаваць усіх творчых работнікаў. Таму ў дачыненні да канкрэтнай прафесіі праблема абмяркоўвалася асобна і прымалася адпаведнае рашэнне. Так, далучэнне да выканаўцаў датычыцца толькі рэжысёраў - пастаноўшчыкаў спектакляў. А вось, скажам, харэографы засталіся ў спісе аўтараў.

І рэжысёр - пастаноўшчык аўдыявізуальнага твора ў новым Законе прызнаны яго аўтарам. Як бачым, нездарма кінарэжысёр, член Беларускага саюза кінематаграфістаў Валерый Панамароў разам з калегамі ладзіў шматлікія дыскусіі (у тым ліку дзяліўся сваім меркаваннем і на старонках "Культуры"), перыядычна прысутнічаў на слуханнях пад час падрыхтоўкі новага заканадаўства. Да практыкаў прыслухаліся, вярнулі ў заканадаўчы акт пункт, па якім кінарэжысёраў ізноў пачалі лічыць аўтарамі. Кінематаграфісты адстаялі свае маёмасныя і немаёмасныя правы.

 І тут паўстае пытанне: наколькі, калі пакінуць убаку тэхнічныя тонкасці, праца рэжысёра тэатральнага адрозніваецца ад працы ягонага калегі з кінематаграфічнага цэха? У заканадаўцаў на гэта маецца сваё меркаванне.

- Фільм фіксуецца на аб'ектыўным носьбіце. Унесці змяненні ў карціну без пераапрацоўкі ўсёй стужкі немагчыма. І дастаткова запусціць на пэўным тэхнічным прыстасаванні той носьбіт, каб аднавіць карціну ў тым выглядзе, як яе ўяўляў сабе рэжысёр,- патлумачыла Святлана Сухавей.- Праводзіліся шматлікія дыскусіі, і ў выніку спыніліся на тым, што кінарэжысёр застаецца аднаасобным аўтарам фільма. Тэатральны ж рэжысёр стварае жывы спектакль, які кожны дзень можа змяняцца...

Але не ўсе тэатральныя рэжысёры пагаджаюцца з такімі высновамі заканадаўцаў. У прыватнасці, дырэктар - мастацкі кіраўнік, галоўны рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка мяркуе:

 - Мая праца нічым не адрозніваецца ад дзейнасці кінематаграфіста: я таксама збіраю часткі ў адзінае цэлае, укладваю душу ў пастаноўку, каб праз прызму майго погляду на свет гледачы змаглі б адкрыць для сябе новыя бакі светабудовы, глыбіні чалавечых стасункаў. Дык чаму мяне не прызнаюць за аўтара?..

 

Такім чынам...

Цяпер жа тэатральным рэжысёрам патрэбна рыхтавацца да пераацэнкі поглядаў на сваю творчасць і да перагляду чаканняў ад працы. Да снежня бягучага года ўсім ім неабходна будзе з прычыны юрыдычных фармальнасцей перазаключыць кантракты з тэатрамі і з НЦІУ: справа ў тым, што Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці працуе толькі з аўтарамі, сумежнымі правамі ён на бягучы момант не займаецца.

- Новы Закон "Аб аўтарскім праве..." змяшчае больш дэталёвыя палажэнні па дзейнасці кіравання калектыўнымі аўтарскімі правамі, у прыватнасці, узаемазвязвае магчымасці атрымання акрэдытацыі на ажыццяўленне дзейнасці ў адпаведнай сферы. На сёння ў НЦІУ зарэгістравана каля сотні рэжысёраў. Не выключана, што, калі мы адчуем настойлівую запатрабаванасць гэтай катэгорыі творчых работнікаў выконваць кіраванне сумежнымі правамі, магчыма, пашырым абсягі сваёй працы, - дадае Аляксей Бічурын.- Зразумела, прымяненне інструментаў калектыўнага кіравання ў любым выпадку звязана з дадатковымі выдаткамі, неабходнымі для ажыццяўлення такога роду дзейнасці. Калектыўнае кіраванне заснавана на вялікай колькасці ўдзельнікаў, таму, калі да нас звернецца два - тры чалавекі, логіка займацца гэтым не будзе. Але мы, безумоўна, паставімся з разуменнем, калі рэжысёры вырашаць займацца сваімі правамі на індывідуальнай аснове...

Пад час падрыхтоўкі матэрыялу чула не ад аднаго творцы, што ў тэатральнай сферы не тыя грошы, каб дабівацца перагляду асобных пунктаў заканадаўства. Ізноў жа, у гэтым плане неабходна дбаць і пра будучыню айчыннага тэатра. Праз пэўны тэрмін могуць з'явіцца зусім іншыя лічбы ў кантрактах аўтараў, можа актыўна развіцца камерцыйная ніша. Што будзем казаць тады?

Дарэчы, са зменай статуса рэжысёра паўстае пытанне пра вылучэнне на дзяржаўныя прэміі і ўзнагароды. Ці магчыма будзе разлічваць на заслужанае заахвочванне, калі ў Палажэнні на права прэтэндаваць на яго ўказаны толькі аўтары?

Каму будуць належаць спектаклі, калі рэжысёр юрыдычна з'яўляецца выканаўцам і валодае толькі сумежнымі правамі? Ці зможа тэатральны рэжысёр абараніць свае правы на пастаноўку, калі тэатр вырашыць, прыкладам, змяніць у працэсе рэпетыцый рэжысёра? Вядомыя і такія прэцэдэнты, калі адзін рэжысёр выкарыстоўвае творчую задуму другога (прынамсі, агульнае сцэнаграфічнае рашэнне або адной толькі лялькі, якія калега вынайшаў разам з мастаком). Як можа той, другі, рэжысёр даказаць уласнае аўтарства?

Пры ўсім гэтым, бясспрэчнай застаецца аксіёма: толькі рэжысёру ўласціва аб'яднаць у адзінай задуме намаганні асобных занятых у пастаноўцы творцаў і напоўніць спектакль атмасферай, у якой адбываецца пераўтварэнне чалавечай душы. Ці можам мы дазволіць сабе раскошу раскідвацца такімі адзінкавымі творцамі, элітай нацыянальнага мастацтва, пераводзячы іх у шэраг выканаўцаў? Навошта адымаць у рэжысёра самае каштоўнае, дзеля чаго ён працуе: права называцца аўтарам свайго твора?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"