Беларускі і ўкраінскі міністры сустрэліся для канструктыўнай гутаркі 11 ліпеня і абмеркавалі шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Падобная сустрэча адбылася і летась, таксама пад час "Славянскага базару ў Віцебску". І тады яна надала новы імпульс двухбаковым адносінам у галіне культуры паміж Беларуссю і Украінай.
Як паведамілі карэспандэнту "К" у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, ужо цяпер пачынаецца рэалізацыя некаторых з абмеркаваных праектаў у галіне культуры. Адзін з іх - прэзентацыя магчымасцей ільготных умоў у сферы кінавытворчасці на тэрыторыі нашай краіны. Яна адбудзецца ў Беларусі для спецыялістаў у галіне кіно з Украіны, Расіі ды іншых дзяржаў. Міністры ў час сустрэчы ўнеслі свае прапановы наконт яе арганізацыі і правядзення.
Павел Латушка выказаў вялікую ўдзячнасць Міхаілу Кулыняку за садзейнічанне ва ўсталяванні помніка беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве. Нагадаем, ініцыятарам яго ўсталявання з'яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Як адзначылі ў Міністэрстве, былі абмеркаваны таксама пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, тэатральнага мастацтва, бібліятэчнай справы, што ўжо паспяхова рэалізуецца. Павел Латушка заўважыў у гутарцы з украінскім калегам, што айчынныя ВНУ сферы культуры і мастацтва зацікаўлены і надалей удзельнічаць у арганізацыі замежных стажыровак для выкладчыкаў, студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў. Разгледзелі міністры і пытанне аб абменных гастролях Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага тэатра імя Івана Франко.
13 ліпеня Павел Латушка і Аляксандр Аўдзееў абмеркавалі пытанні беларускарасійскага супрацоўніцтва ў галіне культуры. Аднымі з важных тэм гутаркі сталі стварэнне сумесных кінафільмаў, а таксама - удзел расійскіх кінематаграфістаў у Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад".
Плануецца пашыраць сувязі айчынных і расійскіх вышэйшых навучальных устаноў, часцей арганізоўваць замежныя стажыроўкі, дзяліцца досведам у галіне адукацыі творцаў. Павел Латушка выказаў зацікаўленасць у тым, каб беларускія дырыжоры праходзілі стажыроўкі ў вядучых тэатрах Расійскай Федэрацыі.
Дарэчы, напярэдадні гэтай сустрэчы расійскі міністр азнаёміўся з калекцыямі і выстаўкамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Разам з яго дырэктарам Уладзімірам Пракапцовым ён абмеркаваў перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж музеямі дзвюх краін. Магчыма, у наступным годзе ў сталіцы нашай краіны можна будзе ўбачыць выстаўку слуцкіх паясоў з расійскіх экспазіцый.