Надзвычай паэтычную атмасферу цырымоніі прадоўжыла прамова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі:
- Ігар Міхайлавіч! Вы з'яўляецеся стваральнікам адметнага іміджа нашага беларускага музычнага мастацтва за мяжой. Тое, што вы зрабілі для культуры нашага народа, цяжка пераацаніць. Вы ўзнялі ўнікальны пласт нашых класікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, іншых паэтаў, творчасць якіх прызнана залатым скарбам нашай літаратуры. Многія вершы мы фактычна вывучылі на памяць, дзякуючы вашым песням, таму што спяваем іх разам з артыстамі. Ніколі не забуду асаблівага пачуцця, калі я чуў гэтыя песні за межамі Беларусі, працуючы дыпламатам. Гэта тое, што ідзе ад сэрца. Музыка не патрабуе перакладу. Ці ж можна "перакласці" стук сэрца? Ці тое, што адчувае душа? Сваімі песнямі вы дакранаецеся да сэрцаў не толькі беларусаў, але і ўсіх, хто чуў вашы песні. Вельмі важна, што Прэзідэнт нашай краіны заснаваў гэтую ўзнагароду - "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Бо што можа быць лепш, калі культура дапамагае зразумець адно аднаго і жыць у міры і згодзе?..
- Гэта не проста зорачка, - адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Віктар Нікалайкін, - а- сапраўдная зорка, якая асвятляе не толькі Беларусь, але і ўвесь свет...
На ўрачыстасць прыехалі і даўнія творчыя сябры Ігара Лучанка - кампазітар Аляксандра Пахмутава і паэт Мікалай Дабранраваў. Госці падкрэслілі высокі прафесіяналізм і духоўны складнік песень зорнага творцы. -
Гэтаму кампазітару падуладныя любыя жанры, - заўважыла А.Пахмутава,- але душа яго прыйшла да песні. А самой песні пашанцавала, што да яе прыйшоў такі высокаадукаваны, высокапрафесійны музыкант. Дзякуючы песням Лучанка ўсе будуць памятаць, што Беларусь - краіна сумленных, добразычлівых і працавітых людзей.
"Словам у адказ" стала новая песня кампазітара - "Споведзь", напісаная паводле яго вядомай інструментальнай кампазіцыі "Мелодыя кахання". Выканаў яе Алег Сямёнаў - дакладна даносячы сэнсавы змест тэксту Андрэя Скарынкіна.
- У гады Вялікай Айчыннай вайны,- дадаў Ігар Лучанок, - я жыў у эвакуацыі ў Растоўскай вобласці, і тамтэйшыя людзі, можна сказаць, выратавалі мяне. Толькі ў сяброўстве - наша сіла. На "Славянскім базары..." гэта выяўляецца асабліва ярка.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА