Інтэр’ер — па плане

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Фестывальныя праекты сядзібы Рэпіна

 

У гэтыя "валошкавыя" фестывальныя дні Музей-сядзіба Ільі Рэпіна "Здраўнёва", па традыцыі, надзвычай актыўна працуе з айчыннымі і замежнымі турыстамі, прапаноўваючы заўсёды новы выставачны прадукт.

Гэтым разам у дзень адкрыцця "Славянскага базару ў Віцебску" ў "Здраўнёве" адбудзецца вернісаж акварэльных работ мясцовага мастака Аляксандра Шыёнка. Акрамя таго, у гэты час у музеі, які, дарэчы, будзе працаваць пад час фестывалю да 20.00, без выхадных, будуць дэманстравацца і творы мастакоў Наталлі Самсонавай і Сяргея Сотнікава.

Але "Здраўнёва", што ў свой час аднаўлялася пры актыўным удзеле рэдакцыі "К", збірае вакол сябе не толькі цікаўных турыстаў, але і нашчадкаў знакамітага мастака, а таксама знаўцаў яго творчасці. У прыватнасці, у ліпені бягучага года музей, які знаходзіцца за 16 кіламетраў на поўнач ад Віцебска, на беразе Заходняй Дзвіны, збіраюцца наведаць спадкаемцы мастака Ільі Рэпіна ў складзе 19 чалавек, якія сёння жывуць у Францыі. Яны таксама завітаюць на малую радзіму мастака - горад Чугуеў на Украіне, дзе ёсць мемарыяльны музей знакамітага майстра, а таксама ў Музей-сядзібу Рэпіна "Пенаты", што знаходзіцца непадалёк ад Санкт-Пецярбурга, Траццякоўскую галерэю ў Маскве, у якіх захоўваюцца шэдэўры жывапісца.

Нельга не адзначыць і яшчэ адзін важны факт: у Санкт-Пецярбургу ўтварыўся клуб прыхільнікаў "Здраўнёва". Ім кіруе мастацтвазнаўца і гісторык Наталля Баклан. Госці з берагоў Нявы ўжо прывезлі ў падарунак музею "Здраўнёва" сотні рэчаў XIX - пачатку XX стст. У планах музея, па словах яго дырэктара Аляксея Сухарукава, - з дапамогай клуба прыхільнікаў аднавіць інтэр'еры майстэрні мастака, а таксама спальных пакояў яго дачок.

Нагадаем, што з 1992 г. у Здраўнёве праводзяцца рэпінскія пленэры. У ліпені 2009-га ў музеі была адкрыта Школа юнага мастака краін СНД.

І вельмі важна, што з кожным годам з'яўляецца ўсё больш наведвальнікаў музея і прыхільнікаў бессмяротнага таленту Рэпіна. Нават у час вяселля многія маладыя пасля ЗАГСа робяць падарожжа ў Здраўнёва, каб сфатаграфавацца на ўлонні рэпінскай прыроды. Упэўнены: на такой прыгожай зямлі проста не можа не нарадзіцца шчаслівай новая беларуская сям'я!

Канстанцін КАРНЯЛЮК, краязнаўца

Віцебск

На здымку: музей-сядзіба Ільі Рэпіна "Здраўнёва".

 Фота Юрыя ІВАНОВА