- Алена Віктараўна, з моманту прэм'еры "Рыжыка ў Залюстэраччы" мінула колькі месяцаў. За гэты час са стужкай мелі магчымасць азнаёміцца замежныя гледачы і спецыялісты. Якая рэакцыя кінасупольнасці на беларускую карціну для дзяцей?
- Вельмі станоўчая. Зацікаўленыя водгукі прыходзяць з мноства краін, з поспехам прайшла прэзентацыя пад час Канскага фестывалю. Вельмі спадзяюся, што тыя, хто адказвае за продажы правоў на паказ фільмаў на нашай кінастудыі, удала скарыстаюцца момантам, бо "Рыжык" зрабіў уражанне на прадстаўнікоў самых розных замежных тэлеканалаў і пракатных кампаній.
- Зразумела, што рэжысёр павінен займацца не толькі лёсам сваёй новай карціны, але і задумвацца аб наступнай рабоце. На чым вы сёння працуеце?
- Так, я рыхтую наступны праект па матывах казкі Аскара Уайльда "Кентэрвільскі прывід", але дзеянне стужкі будзе разгортвацца ў нашай краіне, з удзелам беларускіх персанажаў. Пакуль праект знаходзіцца на стадыі сінопсісу, цяпер пішацца сцэнарый, а бліжэй да канца года, спадзяюся, распачнецца непасрэдна праца над карцінай. Як і "Рыжык", гэта будзе спалучэнне розных тэхнік, але найперш плануецца зняць цікавую казку з мноствам персанажаў, сярод якіх будуць і анімацыйныя. Не абыдзецца і без спецэфектаў: камп'ютарная графіка і звычайныя здымкі будуць існаваць у стужцы на роўных. Здымак у фармаце "стэрэа 3D" пакуль не плануем: у нас няма адпаведнай апаратуры. Нават без стэрэа наш будучы праект даволі складаны з пункта гледжання пастаноўкі, але сучасны і цікавы.
С.А.
На здымках: замак, створаны пры дапамозе камп'ютарнай графікі; Алену Тураву ў ролі Каралевы хутка пабачаць у Віцебску.