Палёт над Віцебскам: працэнты і акцэнты фестывальнага горада

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Перадфестывальны праменад у кірунку “Славянскага базару…”

 

Памятаеце шагалаўскую карціну "Палёт над горадам"? Усё правільна, над Віцебскам трэба ўзнёсла лунаць, каб заўважыць да драбніц усё ягонае валошкавае хараство. Валошка, шагалаўская, фестывальная, - сімвал Віцебска. Яна - як пранізлівая фарба на мастакоўскім мальберце, як выразны дамінуючы акорд гарадской "клумбавай сімфоніі". Дык вось, валошкі мне сустракаліся на кожным кроку, дакладней - на кожным узмаху крыла: на афішных тумбах, білетных мабільных касах, шматлікіх рэкламных налепках, на газонах і кветніках... Звычайны перадфестывальны антураж, які ніколі не назаляе і заўжды стварае настрой чакання свята. Менавіта валошкі і паказвалі шлях для шпацыру ў накірунку ад аўтавакзала да Амфітэатра. Маім гідам па горадзе ў дзень камандзіроўкі стаў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Тое натуральна, бо ўпраўленне, ягоныя структуры - як гарадскія, так і раённыя - працавалі ў традыцыйным напружаным перадфестывальным рэжыме, але час для гаворкі быў абумоўлены загадзя, таму і праменад па Віцебску будзе з ягонымі каментарыямі. Такім чынам, горад над Дзвіной і яго перліна - "Славянскі базар..."! І маё першае пытанне - пра канцэпцыйную дамінанту форуму, на якое суразмоўца адказаў лаканічна: - Паўтару словы гендырэктара форуму Радзівона Баса, які ўчора на гэткае ж пытанне адказаў: "У нас цяпер рыхтуецца да паказу фільм пра гісторыю "Славянскага базару...". Дык там спявак Валерый Ляонцьеў разважае над тым, што няма ніякай патрэбы штосьці змяняць у фестывалі: ён - традыцыйны і тым цікавы". Ад сябе зазначу толькі адно: калі б форум быў аднастайны, дык не раскупілі б на сёння 92 працэнты білетаў.

Дзвіна да "Дзвіны" давядзе

 Маршрутка з Мінска прыйшла у Віцебск апоўдні, калі паўсюль панавала спёка. Цягнула да рачной прахалоды. Было вялікае падазрэнне, што пасля абеду лёгкія аблокі ператворацца ў пагрозлівыя хмары, якія пральюцца шматгадзіннай залевай. Як аказалася, і гэтая віцебская летняя "традыцыя" засталася нязменнай. А што ж зменіцца-пераўтворыцца-абновіцца?

- Пачну непасрэдна з горада, - кажа Уладзімір Цярэнцьеў. - З'явіліся абсалютна новыя аб'екты. Да прыкладу, пешаходная вуліца Суворава - наш "віцебскі Арбат". Цяпер працуем над гасцініцамі. У "Віцебску" да адкрыцця фэсту будзе здадзена дзесяць новых апартаментаў, у "Лучосе" з'явяцца кандыцыянеры. Значна павялічылася колькасць гандлёвых кропак і прадпрыемстваў грамадскага харчавання. І ўсё - для таго, каб і госці "Славянскага базару...", і яго ўдзельнікі маглі пачуваць сябе камфортна... Мы заўжды імкнёмся здзіўляць, але сёлета многія Віцебск проста не пазнаюць. І гэта - вынік намаганняў і гарадскіх, і абласных улад. Зроблена і магчымае, і немагчымае...

Перад Кіраўскім мостам праз Дзвіну давялося сустрэцца з гендырэктарам "Славянскага базару..." Радзівонам Басам, фотавыява якога глядзела ў зарэчную перспектыву з высокага вулічнага бігборда пад назвай "Чалавек года Віцебшчыны".

Пытаюся ва Уладзіміра Цярэнцьева пра апошнія штрыхі, што засталося ўнесці да агульнай маштабнай карціны сёлетняга форуму.

- На 95 працэнтаў ўжо гатова Канцэртная зала "Віцебск". Зранку там быў: на сцены пачалі наносіць венецыянскую тынкоўку, манціруюцца крэслы... Словам, зала набыла больш багатае аблічча. Пад час XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў тут традыцыйна будзе праходзіць дзіцячы конкурс. Менавіта ў канцэртнай зале ЦК "Віцебск" адбудзецца і Фестываль мастацтваў беларусаў свету... Учора нас наведалі віцэ-прэм'ер беларускага Урада Анатоль Тозік і міністр культуры краіны Павел Латушка: яны цікавіліся ходам падрыхтоўкі да "Славянскага базару...", гаворка ішла і пра Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Гэта абсалютна новы праект у межах "Славянскага...", і ён будзе надзвычай цікавы і для нашых замежных суайчыннікаў, і для жыхароў Віцебска, і для ўсёй рэспублікі. Хаця б з той нагоды, што на яго збяруцца прадстаўнікі ды мастацкія калектывы з 11 краін свету, прадэманструюць сваю этнічную творчасць...

Крыху воддаль, на ўзбярэжжы, указальнік прапаноўваў наведаць Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна". Ва ўтульным дворыку - зноў валошкі: гэтым разам - жалезныя, са скульптурнай каванай кампазіцыі мясцовага каваля Ігара Дарошкі "Планета кветак". Як аказалася, пад час леташняга фестывальнага "Горада майстроў" любы ахвотны мог паўдзельнічаць у іх вырабе. Сапраўды, людзей аб'ядноўвае мастацтва...

Намеснік дырэктара ўстановы Раман Баярынцаў патлумачыў, што "Дзвіна" на сёння - гэта культурна-гістарычны комплекс, своеасаблівае "Залатое кольца" Віцебска, адна са структур якога - Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў. А ў "Залатое кольца" ўваходзяць два масты, Кірава і Блахіна, а таксама два рачныя берагі паміж імі.

Цэнтр рыхтуецца да чарговага "Горада майстроў". Дзея гэтая, як тлумачыць Раман Баярынцаў,- самастойная, фінансава ад "Славянскага базару..." не залежыць, бо ладзіцца па прынцыпе самаакупнасці. План платных паслуг на ліпень - 60 мільёнаў рублёў, удвая большы, чым у мінулым годзе. Справа ў тым, што з леташнім ліпеньскім планам Цэнтр справіўся паспяхова, таму заданне яму і падвоілі. Лішне казаць, што сёлетні кірмаш-продаж пройдзе ў напружаным камерцыйным, так бы мовіць, рэжыме.

Як зазначае ў працяг тэмы Уладзімір Цярэнцьеў, сёння варта казаць і пра камерцыйны поспех ды самаакупнасць фестывалю наогул. Калі пачыналіся першыя "Славянскія базары", прыгадвае ён, іх самаакупнасць ледзь перавышала 20-працэнтны рубеж. На леташнім жа фэсце гэты паказчык склаў 68 працэнтаў. "Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец паставіў канкрэтную задачу: самаакупнасць мерапрыемства павінна быць максімальнай. Таму сёлетнія фестывальныя праекты маюць камерцыйную скіраванасць",- зазначае наш суразмоўца.

Але вернемся да Цэнтра. У ім - тры майстры па ткацтве і кераміцы. А ў перспектыве, пры пашырэнні магчымасцей, тут з'явіцца кузня, прыступяць і да дрэваапрацоўкі, а праз дарогу ад "Дзвіны" паўстане аматарскі Дом рамёстваў, дзе рэй будуць весці народныя калектывы, самадзейныя мастакі... На сёння ў Цэнтры працуюць сем кіраўнікоў гурткоў, у кожным з якіх займаецца па 15 чалавек - дзяцей і дарослых. Ёсць дзве платныя выставачныя залы і філіял - салон-крама "Фэст" па вуліцы Суворава, што таксама існуе за кошт пазабюджэтных сродкаў.

З 1 ліпеня "Дзвіна" стала самастойнай гарадской структурай са сваім разліковым рахункам.

 - Дзякуючы намаганням губернатара Цэнтр атрымаў дадатковы будынак, побач узводзіцца яшчэ адзін, - каменціруе ўбачанае Уладзімір Цярэнцьеў. - Сюды перабярэцца пэўная колькасць гурткоў, будуць пашыраны плошчы пад рамесніцкія майстэрні. Дарэчы, тры гурткі гістарычнай рэканструкцыі, якія пачалі дзейнічаць напоўніцу менавіта пад дахам "Дзвіны", сёлета ўпершыню пакажуць на "Славянскім базары ў Віцебску" ўласную творчую праграму. У нас ёсць задумкі і па значным пашырэнні магчымасцей "Фэсту". Побач, на вуліцы Суворава, знаходзіцца майстэрня скульптара Валерыя Магучага - адзін з вялікіх пакояў яе плануем выкарыстаць як выставачную залу і залу для продажу твораў мастакоў ды майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дапамогай тут - і сістэма дамоў рамёстваў. База сапраўды магутная. Але няма мяжы дасканаласці: мы гэтую сетку пастаянна пашыраем. Напрыклад, у пасёлку Копысь Аршанскага раёна адкрылася новая ўстанова, дзе мы правялі абласную выстаўку з прэзентацыяй лепшых рамесніцкіх твораў. Усе нашы майстры запрошаны на "Славянскі базар у Віцебску".

Дзе "пульсуе" Вернісаж

 За Кіраўскім мостам направа- вельмі гасцінная і ўтульная гасцініца "Віцебск", а налева - знакамітыя Коласаўскі і Лялечны тэатры, Уваскрэсенскі саборудалечыні, вуліцы Замкавая, Пушкінская, Суворава, што замыкаюць у кольца Стары горад, - шыкоўная, насычаная ўстановамі культуры і кавярнямі пешаходная зона, дзе па ініцыятыве старшыні Віцебскага гарвыканакама Віктара Нікалайкіна і адбываецца Віцебскі вернісаж - месца суботняга і нядзельнага "паломніцтва" жывапісцаў, гараджан, турыстаў. Па пешаходнай зоне там-сям будаўнікі завяршаюць укладку новай пліткі, а дворнікі шчыруюць над чысцінёй літаральна кожнай лесвічнай прыступкі да Дзвіны.

У раёне Старога горада, на кольцы Пушкінская - Суворава, жыве і дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. Ён і пераканаў мяне, што Стары горад па суботах ды нядзелях пачаў творча "пульсаваць". Справа ў тым, што мэр, доўга прыглядаючыся да старадаўніх віцебскіх вуліц, вырашыў іх якасна аднавіць, надаць ім гэткую еўрапейскасць, насыціць мастацкімі і артыстычнымі акцыямі. Менавіта ён паспрыяў беспадатковаму, бясплатнаму продажу карцін віцебскіх мастакоў. Праект рэалізуецца пры ўдзеле Цэнтра сучаснага мастацтва. Менавіта гэтую "пульсацыю" і назвалі Віцебскім вернісажам. У абласным аддзяленні Беларускага саюза мастакоў - больш за сотню членаў, але на вуліцы Суворава збіраюцца не толькі яны, але і аматары, студэнты, якія з сакавіка па выхадных прапаноўваюць свае творы. Замежныя турысты, уласна кажучы, таргуюцца не надта. А вучні з мастацкай школы № 1 ладзяць тут пленэры. У выніку атрымліваецца непаўторны мастакоўскі, менавіта віцебскі асяродак.

 Пра "інтэлектуальны" Амфітэатр і не толькі

 Паміж Ратушай і Амфітэатрам - аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама. Аблокі паступова пераўтвараюцца ў хмары. Бронзавыя клоўн і сабачка перад уваходам у аддзел, падаецца, нават крыху спахмурнелі...

 Начальнік аддзела Наталля Шыянок распавядае пра тое, што ўсе вядучыя ўстановы культуры будуць цалкам задзейнічаны пад час "Славянскага базару...", але вялізнае значэнне, на яе погляд, мае святочны настрой, які павінен, як і заўжды, запанаваць у фестывальныя дні на вуліцах і плошчах Віцебска. Маюцца на ўвазе не толькі акцыі Вернісажу, але і новыя праекты - "Беларускія падворкі", "Віцебшчына гасцінная", - а таксама работа гандлю і грамадскага харчавання. Задача №1: любы аб'ект, любое мерапрыемства павінны быць максімальна акупнымі.

Сярод гарадскіх устаноў культуры - 21 бібліятэка, чатыры ўстановы клубнага тыпу, тры - музейнага, восем музычных і мастацкіх школ. Усе актыўна ўключаюцца ў працэс "агучвання" вуліц і плошчаў. Музыканты, мастакі, выкладчыкі і іх вучні, ініцыятыўныя творчыя групы будуць ствараць адпаведны мастацкі антураж, тое, што дырэктар ЦСМ назваў "вулічнай пульсацыяй".

 Традыцыйная экспазіцыя, па словах Наталлі Шыянок, чакае гасцей фестывалю ў Доме-музеі Марка Шагала, рыхтуецца да "Славянскага базару...", натуральна, і шагалаўскі Арт-цэнтр...

 Пад дахам Амфітэатра, на ягонай сцэне, у той дзень вяліся мантажныя работы. Пабываць у Амфітэатры і не сустрэцца з загадчыкам філіяла Цэнтра культуры "Віцебск" пад назвай "Летні амфітэатр" Анатолем Васендам было проста немагчыма. Але нам гэта ўдалося.

- Цяпер у нас надзвычай напружаны час, - распавёў ён, - бо да "Славянскага базару..." лічаныя дні засталіся... Так, сцэна будзе ўнікальнай. З інжынерна-тэхнічных навінак выкарыстаем "інтэлектуальныя" лябёдкі, работа якіх падпарадкоўваецца пульту кіравання. У выніку сцэна зробіцца, так бы мовіць, надзвычай дынамічнай. Адмысловая сцэнаграфія - адзін з нашых падарункаў да 20-годдзя фестывалю. Апаратура, што цяпер устанаўліваецца, - імпартная, мантажом займаюцца расійскія спецыялісты. А гук мы сёлета не змянялі, ён па-ранейшаму якасны. Усё праверана, усё дзейнічае. За тэхнічны стан Амфітэатра адказвае дзесьці 250 - 270 высокапрафесійных спецыялістаў...

 - Не хачу раскрываць усіх сакрэтаў, але зазначу, што калі летась мы здолелі ўразіць усіх сцэнай Амфітэатра, дык сёлета яна стане яшчэ больш незвычайнай,- працягвае тэму Уладзімір Цярэнцьеў.- Апошнія дзевятнаццаць гадоў казырок над сцэнай меў адну функцыю: утрымліваў надпіс са словам "Віцебск" і пазнакай года. Сёлета ён ператвараецца ў гэткае электронна-інфармацыйнае поле для самых разнастайных назваў (у залежнасці ад канкрэтнай дзеі, што будзе адбывацца на сцэне) і графічных, тэлевізійных заставак.

Фестываль адкрылі Дідзье Маруані і гурт "Спэйс", якія музыкай і лазерным шоу падкрэслілі нязменную "зоркавасць" "Славянскага базару..." Цяпер - пра тое, што адбудзецца па-за межамі Амфітэатра... На плошчы Перамогі пройдуць канцэрты для моладзі. Плануецца акцыя Цэнтральнага Камітэта БРСМ. Адметныя мерапрыемствы запланавалі філармонія, Дом кіно, згаданыя вышэй Тэатр Якуба Коласа, Цэнтр сучаснага мастацтва...

 ■ ■ ■

- Ведаеце, - кажа напрыканцы сустрэчы Уладзімір Цярэнцьеў,- днямі адсочвалі змест фільма "Віцебск учора і сёння", які прысвечаны юбілею "Славянскага базару...", і я згадаў, што два гады таму губернатар Аляксандр Косінец, выступаючы перад журналістамі, агучыў надзённыя кірункі дзейнасці: вуліца Суворава, набярэжная, цеплаходы, плошча Перамогі, Успенскі храм... На сёння гэтыя задачы з поспехам вырашаны. Літаральна ў Дзень горада на ваду Дзвіны спушчаны другі цеплаход "Паўночная сталіца". Першы, як вы ведаеце, называецца "Віцебск". Рачныя вандроўкі турыстычных груп распісаны далёка наперад.

14 ліпеня "Славянскі базар..." закрываецца, а 15 ліпеня да нас, у Здраўнёва, прыязджаюць з-за мяжы нашчадкі мастака Ільі Яфімавіча Рэпіна. Для нас гэта цудоўная магчымасць надаць новы штуршок цікавасці да постаці мастака, чарговы раз прыцягнуць грамадскую увагу да нашай самабытнай, шчодрай на праявы таленту зямлі...

...Шматгадзінная залева заспела мяне надвячоркам на вуліцы Суворава, ля крамы "Фэст". Бурлівыя вадаспады беглі па бруку да Ратушы, ляскалі маланкі, лямантаваў гром. Людзі хаваліся ў шматлікія кавярні, а я канчаткова "высушыў крылы" толькі ў гасцініцы "Віцебск". А па вялікім рахунку - "палёт" прайшоў нармальна. І гэтак - не першы год!..

  Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"