“Славянскі базар…” сусветнага значэння

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2011” распачынаецца літаральна праз некалькі дзён пасля ўрачыстага святкавання 20-годдзя беларускай Незалежнасці. І, падаецца, гэта — невыпадкова. Тое ж на пачатку нашай “перадфестывальнай” гутаркі адзначыў і першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ.

 

- Уся гісторыя "Славянскага базару ў Віцебску", нібы лакмусавая паперка, адлюстроўвае станаўленне нашай маладой дзяржавы з яе глыбокімі гістарычнымі каранямі. З года ў год праграма фестывалю рабілася ўсё больш багатай на яскравыя падзеі, няўхільна расла і геаграфія яго ўдзельнікаў. За тыя 20 гадоў у віцебскім форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі амаль 70 краін! Пагадзіцеся, гэта красамоўнае сведчанне таго, што "Славянскі базар у Віцебску" набраўся моцы, стаў культурнай падзеяй папраўдзе сусветнага значэння.

Таму сёння мы ўжо не маем асаблівай патрэбы завабліваць на свой "кірмаш" гасцей з розных куткоў свету. Многія вядомыя выканаўцы і прадзюсары з замежжа самі праяўляюць ініцыятыву, імкнучыся туды трапіць. Фестываль стаў міжнародным брэндам нашай краіны, ён моцна паспрыяў таму, што Беларусь сёння ўспрымаецца як важны культурны цэнтр славянскага свету.

Адзначым і яшчэ адну вельмі маляўнічую дынаміку. Удзельнікі фестывалю, якія штогод прыязджаюць у Віцебск з розных краін, заўсёды шчыра здзіўляюцца тым пераўвасабленням, якія горад спазнаў за гэты непрацяглы час. Прыгажэюць яго вуліцы ды плошчы - згадайма хаця б нядаўнюю рэканструкцыю плошчы Перамогі, - адраджаюцца з нябыту выбітныя помнікі беларускай архітэктуры...

Таму пастаянныя наведвальнікі фестывалю змаглі стаць сведкамі тых паслядоўных працэсаў маштабнага развіцця, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве. А ўбачыць на ўласныя вочы - гэта лепш, чым сто разоў пачуць. Таму, так бы мовіць, канцэнтрацыя дзвюх падзей у часе - глыбока сімвалічная. Без перабольшвання можна сказаць, што "Славянскі базар" стаў адным з брэндаў нашай незалежнай краіны. Але, у той самы, час, форум ніколі не здолеў бы дасягнуць сваіх вяршыняў без заўсёднай увагі і падтрымкі дзяржавы. Сама яго насычаная на падзеі гісторыя - гэта сведчанне паслядоўнай і мэтанакіраванай культурнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

- Юбілей фестывалю - добрая нагода для падвядзення пэўных вынікаў. Як можна акрэсліць месца "Славянскага базару ў Віцебску" ў культурнай прасторы Беларусі і Еўропы ў цэлым? На вашу думку, якія своеасаблівыя акцэнты перадусім характарызуюць гэтую падзею?

 - У 2005 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь заснаваў спецыяльны прыз "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", які ўручаецца пад час урачыстага адкрыцця "Славянскага базару ў Віцебску". Сутнасць прыза Кіраўніка дзяржавы лаканічна ўвабрала галоўны дэвіз самога фестывалю, які, зрэшты, быў уласцівы яму ад самага пачатку. Форум быў створаны для таго, каб засведчыць, што Беларусь з'яўляецца сталым правадніком ідэй гуманізму і духоўнасці. І менавіта гэтая высакародная місія прыцягвае ўвагу да фестывалю людзей добрай волі з усяго свету.

Фестываль ствараўся, перадусім, як форум славянскай песні, мэта якога- засяродзіць асаблівую ўвагу менавіта на гэтай адметнай з'яве сусветнай культуры, з яе непаўторнай мелодыкай і эмацыйнасцю. Традыцыі славянскай песні развіваліся і ў эстрадным мастацтве, таму ў тыя пераломныя гады, калі зараджаўся "Славянскі базар у Віцебску", было вельмі важным захаваць іх і надаць ім новае дыханне. Без сумневу, тая задача была выканана надзвычай паспяхова. А разам з ёю - і місія фестывалю: кансалідацыя славянскай супольнасці, захаванне адметных культурных традыцый і менталітэту.

Дарэчы, і сама назва фестывалю- надзвычай красамоўная: па сутнасці, яна акрэсліла яго генеральную канцэпцыю. Расшыфруем паслоўна. "Славянскі"- сведчанне той самай адметнай культурнай ідэнтыфікацыі нашых народаў. "Базар" - рэмінісцэнцыя шчырай і добразычлівай атмасферы нашых старадаўніх кірмашоў і выяўленне таго, што згаданая вышэй важная сацыяльная місія выконваецца менавіта ў фармаце сяброўскага свята. І, урэшце, Віцебск: пагадзіцеся, гэта - вельмі своеасаблівае месца на культурнай карце Беларусі і свету. Горад Шагала, горад многіх іншых вялікіх творцаў... Прысутнасць у назве фэсту гэтага геаграфічнага складніка сведчыць пра даўнасць і значнасць культурных традыцый як Віцебска, так, урэшце, і Беларусі ў цэлым.

Не выпадае сумнявацца ў тым, што за сваё 20-годдзе фестываль дасягнуў значных поспехаў ва ўсіх трох зададзеных ад пачатку напрамках.

- Адна з інавацый форуму - канцэрт нашых землякоў з замежжа, які адбудзецца ў рамках "Славянскага...".

 - Варта адзначыць, што гэты канцэрт стане ўрачыстым адкрыццём Першага Фестывалю мастацтваў беларусаў замежжа. Безумоўна, такая падзея мае асаблівую важнасць для ўсяго нашага народа, і каб надаць дадзенаму мерапрыемству больш паважны статус ды прыцягнуць да яго дадатковую ўвагу грамадскасці, мы вырашылі даць пачатак новаму фестывалю ў рамках праслаўленага міжнароднага форуму. Спадзяюся, наведвальнікі апошняга належным чынам ацэняць гэты новы пункт у яго насычанай праграме.

 - Культурныя мерапрыемствы ва ўсім свеце прыцягваюць мноства турыстаў. Ці стаў запатрабаваным турівэнтам "Славянскі базар у Віцебску"?

 - Вы закранулі яшчэ адну вельмі важную адметнасць гэтага фестывалю. Бо інтарэс да яго з боку турфірм сёлета спазнаў папраўдзе ўнушальны скачок у параўнанні з мінулымі гадамі. Заявак было столькі, што часам попыт рызыкаваў перавысіць нашы магчымасці. Адсюль робім заканамерную выснову: фестываль цікавы не толькі віцебскай публіцы. Гэта - па-першае. А па-другое - цікавасць да яго з года ў год толькі ўзрастае. Адпаведна, горад мае належны стымул для далейшага развіцця сваёй турінфраструктуры - каб яна магла задаволіць усе размаітыя патрабаванні гасцей з розных краёў. У тым, што іх колькасць з года ў год будзе адно павялічвацца, я абсалютна перакананы.

 - Раней пад час сваіх "перадфестывальных" камандзіровак у Віцебск я заўсёды атрымліваў просьбы ад знаёмых набыць білеты на тую або іншую імпрэзу "Славянскага...". Сёлета купіць іх можна было не толькі ў мясцовых касах, але і не выходзячы з дому - праз Інтэрнэт. Ці апраўдала сябе гэтая інавацыя?

 - Без сумневу, яна спрычынілася да таго, што продажы білетаў на фестываль сёлета сталі папраўдзе рэкорднымі: ужо за тыдзень да яго адкрыцця яны перавысілі 90% ад агульнай іх колькасці. Прычым, як паведаміў дырэктар форуму Радзівон Бас, тыя білеты, якія рэалізоўваліся менавіта праз Інтэрнэт, раскуплены амаль што ўсе! І гэта заканамерна. Дзякуючы сістэме продажу праз Інтэрнэт чалавек, які знаходзіцца ў любым кутку Беларусі, можа забраніраваць сабе месца ў Амфітэатры са сваёй уласнай кватэры. І такой магчымасцю скарысталіся многія. Што характэрна, заяўкі паступалі не толькі са сталіцы ды іншых буйных гарадоў, але нават і з невялікіх мястэчак. Сучасныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў жыццё беларусаў, і людзі ўжо паспелі ацаніць той камфорт, які яны здатныя забяспечыць. Лішне нават казаць, што досвед продажу электронных білетаў, які быў апрабаваны ў такіх маштабах менавіта пад час сёлетняга "Славянскага базару...", можна ацаніць толькі станоўча. Адпаведна, мы і надалей будзем актыўна пашыраць такія формы камунікацыі са спажыўцом.

 - У звязку з юбілеем фестывалю, лагічна задаць і яшчэ адно пытанне: у якім стратэгічным напрамку ён будзе развівацца ў наступныя гады?

- Натуральна, што той асноўны пасыл форуму, пра які я казаў раней, ні ў якім выпадку не зменіцца. Можна гаварыць толькі пра далейшае яго развіццё. Таму мы імкнёмся і надалей пашыраць геаграфію ўдзельнікаў форуму, а таксама павялічыць колькасць аўдыторыі - не толькі непасрэднай, але і дыстанцыйнай, тых людзей, якія назіраюць за ходам фестывальных падзей у сябе дома, ля экранаў тэлевізараў. Хацелася б, каб "сігнал з Віцебска" прымалі як мага ў большай колькасці краін. У той самы час, павелічэнне аўдыторыі немінуча пашырыць і кола ўдзельнікаў - тых яркіх творчых асоб, якія "запаліліся" памкненнем прыехаць на фестываль. Безумоўна, удасканальвацца будзе і відовішчны складнік праграм форуму. Ужо сёлета ён набліжаецца да ўзроўню шоу сусветных суперзорак, але... У гэтай сферы мяжы дасканаласці, як вядома, быць не можа. Урэшце, нельга абмінуць увагай і пашырэнне турыстычнага складніка фестывалю - балазе гэты фактар мае і эканамічную, і іміджавую ролю для ўсёй нашай краіны. Наўрад ці можна папракаць Віцебск у браку належнай турінфраструктуры, але, у той самы час, варта адзначыць, што патэнцыял тут пакуль далёка не вычарпаны. На самым пачатку "Славянскі базар у Віцебску" быў сціплай "сустрэчай сяброў" з трох славянскіх народаў. Не страціўшы сваёй адпачатковай ролі, ён вырас у маштабны культурны форум, што мае агульнаеўрапейскае і нават сусветнае значэнне. Вось напрамак, у якім фестываль будзе і надалей развівацца, захоўваючы, у той самы час, свае традыцыі.

 І.С.

 Фота Юрыя ІВАНОВА