“Тут мая душа. Тут і шукайце мяне…”

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Валошкавы Віцебск Марка Шагала

 

6 ліпеня - Дзень нараджэння нашага вялікага земляка - Марка Шагала, імя якога мы сапраўды адкрылі для сябе менавіта за апошнія два дзесяцігоддзі - дзесяцігоддзі Незалежнасці Беларусі... 20 гадоў таму, на пачатку 1991-га, адбылося, можна сказаць, другое нараджэнне Марка Шагала ў нашай краіне, калі ў Віцебску ўпершыню былі арганізаваны Усесаюзныя Шагалаўскія дні з удзелам вядомых савецкіх дзеячаў культуры. Была праведзена і выстаўка, на якой экспанаваліся творы Шагала, рэдкія дакументы аб ягоным жыцці з прыватных збораў, а таксама, калі не памыляюся, з Пскоўскага архітэктурна-мастацкага музея і маскоўскага Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна. Праз год у Віцебску была адкрыта першая экспазіцыя ў доме на вуліцы Пакроўскай, дзе жыла сям'я Шагалаў. У свой час я падарыў гэтаму музею з уласнага архіва невялічкі фрагмент рукапіснага ліста Ю.Пэна, дзе ён згадваў свайго вучня. Потым з'явіўся помнік майстру разца віцебскага скульптара Аляксандра Гвоздзікава, а таксама - мемарыяльная дошка. У 1997 годзе, там жа, у Віцебску, адкрыўся Арт-цэнтр Марка Шагала. Пачынаючы з 1997-га, у Беларусі праводзяцца рэгулярныя Міжнародныя Шагалаўскія пленэры, Шагалаўскія дні, Шагалаўскія чытанні, выстаўкі твораў мастака (пакуль, у асноўным, - графікі, гуашы і акварэлі) з прыватных і дзяржаўных калекцый.

Сёння ягонае імя ў нашай краіне "раскручана", як кажуць, "па поўнай праграме". Вось так бы "раскручваць" імёны іншых яркіх і таленавітых айчынных мастакоў або выхадцаў з Беларусі, якім з розных прычын давялося жыць, працаваць і здабываць славу ды гонар іншым дзяржавам...

Летам 1973-га Марк Шагал пасля пяцідзесяці гадоў прабывання ў эміграцыі разам з жонкай Валянцінай Бродскай па запрашэнні міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай здзейсніў тыднёвую паездку ў Маскву і Ленінград. У Маскве, у Траццякоўскай галерэі, адкрылася яго выстаўка графікі, і мастак падарыў Музею выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна 75 аўтарскіх літаграфій. У Ленінградзе сустрэўся з дзвюма сваімі сёстрамі, якіх ён не бачыў з пачатку 20-х гадоў.

За дзень да ад'езду ў Парыж, 20 чэрвеня 1973-га, ён сказаў у інтэрв'ю "Литературной газете": "Я хацеў бы перадаць сардэчнае прывітанне, маю любоў і самыя добрыя пажаданні Віцебску і маім зямлякам. Я вырашыў адмовіцца ад паездкі ў Віцебск толькі таму, што, як кажуць, моцнае эмацыйнае хваляванне небяспечнае для людзей майго ўзросту. Але ўсё роўна памятаю пра Віцебск і вельмі люблю яго: у мяне няма ніводнай карціны, на якой вы не ўбачыце фрагменты маёй Пакроўскай вуліцы. Гэта, можа, і недахоп, але зусім не з майго пункта гледжання..." І ў сваіх вершах: "Отечество моё- в моей душе./ Вы поняли?/ Вхожу в неё без визы..."

У Маскве Шагал сустрэўся з удавой свайго колішняга сябра, акцёра Саламона Міхаэлса - Анастасіяй Патоцкай, якая яго папрасіла: "Марк Захаравіч, калі вы паедзеце ў Віцебск, вазьміце мяне з сабою..." На што мастак адказаў: "Майго Віцебска ўжо даўно няма на зямлі. Яго цалкам зруйнаваў Гітлер. Па загадзе Гебельса мае карціны спальвалі ў Мангейме, знішчалі іх і ў іншых гарадах Германіі. Але, на шчасце, зніштожылі не ўсе творы. Мой Віцебск застаўся на маіх палотнах, у маім сэрцы..."

А вось што ён казаў маскоўскаму мастацтвазнаўцу Аляксандру Каменскаму: "Я бязмежна люблю свой родны Віцебск: не проста таму, што там нарадзіўся, але перадусім за тое, што там я на ўсё жыццё набыў колер свайго мастацтва... Я пасля доўгіх ваганняў адмовіўся ехаць у Віцебск, хаця ўзгадваю аб ім усё жыццё. Таму і адмовіўся, што ўзгадваю. Бо там, напэўна, я ўбачыў бы іншую абстаноўку, чым тая, якую памятаю, іншае жыццё. Гэта было б для мяне моцным узрушэннем. Як цяжка назаўсёды развітвацца са сваім мінулым!.."

Па вялікім рахунку, Шагал з гэтым сваім мінулым ніколі і не развітваўся. Гэтае мінулае, якое ўвабрала ў сябе біблейскія мудрасць і паданні, матывы "народнай яўрэйскай культуры, народнай беларускай культуры і рускага лубка" (Д.Ліхачоў), вобразы цырка і казкі, тэмы любові і творчасці, нараджэння і смерці, хараства і шчасця быцця, засталося ў ім да апошняга ў жыцці вечара 28 сакавіка 1985 года.

Ён пранёс сваё мінулае праз усю сваю доўгую біяграфію, увасобіў у сотнях палотнаў, гуашаў, акварэлей, эстампаў і малюнкаў уласны, ні на каго не падобны Космас пад назвай "Віцебск". І ў гэтым сэнсе яму ў свеце як патрыёту сваёй Бацькаўшчыны, якую ён назаўсёды страціў у 35-гадовым узросце, няма роўных. Шмат гадоў шагалазнаўцы вядуць дыскусіі: якому народу належыць творчасць мастака? Вось што на гэты конт казаў сам Марк Захаравіч: "Хаця мяне ва ўсім свеце лічаць і "інтэрнацыяналістам", і французы рады ўстаўляць мае творы ў свае аддзелы, я сябе вызначаю рускім мастаком, і мне гэта прыемна". Але іншым разам мог сказаць: "Я - французскі мастак". Або: "Я - вандроўны яўрэй". Аднак аб'ектыўна ўсе падобныя словы Шагала не трэба разглядаць так катэгарычна. Шагал мог і пакакетнічаць, і казаць сур'ёзна, ставячы ў тупік прафесіяналаў-мастацтвазнаўцаў сваімі складанымі размовамі пра ўласную творчасць. Можна сімвалічна лічыць, што па нацыянальнасці Шагал быў... віцябчанін. Сам мастак такі пасаж, мяркую, мог бы ацаніць па заслугах.

А калі сур'ёзна, дык, як бы там ні было, ён па праве сёння належыць французскаму мастацтву гэтак жа, як беларускаму, рускаму, яўрэйскаму. І, безумоўна, спрэчка, каму належыць Шагал - Расіі, Беларусі ці Францыі,- бессэнсоўная. Сапраўды, ён мастак інтэрнацыянальны ў поўным сэнсе гэтага слова. Але яго этнічная Радзіма - усё ж такі наша Беларусь, тая, што з прычыны гістарычных абставін у XIX ст. і пачатку XX-га ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. І трэба шчыра сказаць: без Віцебска, горада яго дзяцінства і маладосці, не было б таго ўнікальнага Шагала, якога сёння мае сусветная гісторыя выяўленчай культуры.

Не магу не прывесці думку пісьменніка Юрыя Нагібіна: "Нельга разумець Шагала, калі выключыць Віцебск з яго жыцця. Ні Пецярбург, дзе ён вучыўся жывапісу, ні Масква, дзе ён працаваў, ні Францыя, дзе ён пражыў пераважную частку жыцця, ні ўсе іншыя землі, што ён наведваў, не далі яму і малой долі тых абпальваючых душу ўражанняў, якімі ўзнагародзіў яго Віцебск".

 А вось што пісаў Ілья Эрэнбург: "Здаецца, уся гісторыя сусветнага жывапісу не ведала мастака, настолькі прывязанага да свайго роднага горада, як Шагал. Жадаючы сказаць нешта добрае пра Парыж, Шагал называў яго "мой другі Віцебск". Я яго сустракаў некалькі разоў у Парыжы. Малады Шагал паўтараў: "У нас дома". Я яго пабачыў праз доўгі час у майстэрні на авеню Арлеан, і там ён маляваў хаткі Віцебска. У 1946 годзе мы сустрэліся ў НьюЁрку; ён пастарэў, гаварыў пра лёс Віцебска, аб тым, як яго цягне дадому..."

Але родны "дом" (да 1937 года, калі Шагал стаў паўнапраўным грамадзянінам Францыі, ён лічыўся грамадзянінам Расіі) яго ўжо даўно не ўзгадваў, да самай хрушчоўскай адлігі. А калі і ўзгадваў шырока прызнанага ў свеце мастака, дык вельмі арыгінальным чынам. Напрыклад, у першым выданні Вялікай савецкай энцыклапедыі пра Шагала сказана: "...Сучасны рускі жывапісец і графік, паходзіць з дробнабуржуазнага яўрэйскага асяроддзя г. Віцебска". У самога ж Шагала яго "буржуазнае паходжанне" выклікала поўнае неўразуменне: "Я ж выйшаў з беднага народу! Я вельмі добра памятаю мазалі майго таты і безнадзейнасць яго жыцця і працы". У кнізе "Маё жыццё" майстра ўдакладняе: бацька быў рассыльным у гандляра селядцом. У энцыклапедычных выданнях 70 - 80-х гадоў ён значыўся ўжо не рускім, а чыста французскім мастаком. Хаця ягонае мастацтва немагчыма ўявіць без Віцебска, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе засталіся магілы яго родных і блізкіх: "Тут - мая душа. Тут і шукайце мяне, вось я, мае карціны, мае вытокі..."

Але цягам доўгага часу і мы на яго забыліся. Ён быў для нас авангардыстам"леваком" і перш за ўсё - эмігрантам. Вядома, што да эмігрантаў у савецкі перыяд ставіліся, мякка кажучы, вельмі насцярожана. А што да арыгіналаў Шагала, то яны былі даўно змешчаны ў сховішчах РСФСР і чакалі свайго лёсу разам са шматпакутнымі карцінамі Малевіча і Кандзінскага. У Беларусі ж іх зусім не было, нават літаграфскіх эстампаў. Ды і ў кнігах па беларускім мастацтве, калі і згадвалася імя Шагала, то толькі ў негатыўным сэнсе: як "фармаліста", "мадэрніста", які "паказваў жыццё яўрэйскага мястэчка ў хваравіта-суб'ектыўным і містычным праламленні".

 І нічога дзіўнага не было ў тым, што нават 100-годдзе з дня нараджэння вялікага мастака на ягонай радзіме ніяк не адзначалася. Прычыны? Розныя. Вось, казалі, Шагал - антыкамуніст, бо аздабляў роспісамі сінагогі ў Іерусаліме; вось, памёр мільянерам, але ж так і не перадаў Віцебску аніводнай карціны. А хто б іх тады, у савецкія часы, прыняў? Унучка Шагала - Мерэт-Грабер Мейер, будучы ў Мінску, ужо ў незалежнай Беларусі, расказвала мне, што яшчэ ў 1972 годзе ейны дзед выказаў жаданне пабудаваць за ўласны кошт у Віцебску карцінную галерэю і перадаць туды свае работы, але, кажуць, "шэры кардынал" Міхаіл Суслаў, галоўны ідэолаг Палітбюро ЦК КПСС, асабіста забараніў гэтую акцыю.

 Так гэта ці не - дакладна не ведаю, такіх дакументаў не бачыў. Але ведаю тое, што эстэтычныя, прафесійныя катэгорыі ў ацэнках уласна творчасці Шагала практычна не існавалі. Ды і цяпер рэдка хто з мастацтвазнаўцаў можа прафесійна аналітычна і па-сапраўднаму "пранікнуць" у сутнасць шагалаўскага духоўнага візуальна-віртуальнага "космасу" - без агульных прыгожых слоў-пацерак, без празмернага піетэту і іншых салодкіх да прыкрасці вохканняў. Але так бывае: з нябыту (для нас, сучаснікаў) - адразу на "раскрытую" вяршыню сусветнага мастацкага Алімпа! Тут можна і разгубіцца ў аб'ектыўных ацэнках. Хаця, па праўдзе кажучы, паняцце "аб'ектыўнасці" ў ацэнках мастацтва вельмі сумніўнае. Аналагічны шлях "забыцця", а потым касмічнага "ўзлёту" прайшлі ў свой час творы Рублёва, Босха, Эль Грэка, Ліотара, Хогарта... Што тут зробіш? Затое хтосьці з зямлян, смею спадзявацца, дзякуючы Шагалу даведаўся, што ёсць у цэнтры Еўропы такая таленавітая, цудоўная і жывапісная краіна пад назвай "Беларусь".

Тым не менш, пакуль у нас па-ранейшаму няма ніводнай жывапіснай карціны майстра, хаця, па вялікім рахунку, вельмі хацелася б, каб унучкі Шагала - Мерэт і Бэла, якія неаднойчы наведвалі Мінск і Віцебск, акрамя падоранай імі тыражнай графікі, зрабілі б сюрпрыз дзедаваму гораду ў выглядзе арыгінальнага жывапісу. Хаця тры карціны і каля 60 малюнкаў Шагала ўдава і дачка мастака падарылі ўвесну 1992 г. маскоўскаму Пушкінскаму музею...

(Працяг будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"