Зорка і песня

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Сёлета грамадскасць Гродзеншчыны святкуе 100-годдзе з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры БССР, кампазітара, ганаровага грамадзяніна Гродна Аляксандра Шыдлоўскага.

 

 Днямі адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, дзе Аляксандр Канстанцінавіч у свой час працаваў дырэктарам. Тут жа, па вуліцы Савецкай, 8, адбылася прэзентацыя сборніка песень кампазітара "Колькі ў небе зор...", куды ўвайшлі самыя знакамітыя творы аўтара.

Ушанаваць памяць Аляксандра Шыдлоўскага прыйшлі яго былыя родныя і блізкія, калегі і сябры, а таксама землякі са Смаргоншчыны. Удзельнікі ўрачыстасцей аднадушна адзначылі, што яго песні даўно сталі народнымі. А самая знакамітая - "Колькі ў небе зор..." - гімн не толькі каханню і пяшчоце, але, сёння ўжо, і жыццю аўтара, бо ён сам - адна з найяскравейшых зорак у культуры Гродзеншчыны.

 У сваю чаргу, песні Шыдлоўскага прагучалі ў выкананні народных ансамбляў песні і танца "Нёман" Гродзенскага ГДК, "Ніва" Верцялішкаўскага ЦКіВЧ Гродзенскага раёна, народных ансамбляў песні "Гармонія" Гродзенскага АМЦНТ, "Багатуха" Глядавіцкага СДК Мастоўскага раёна, "Весялуха" Зэльвенскага РДК, народнага мужчынскага вакальнага ансамбля "Памяць" Путрышкаўскага ЦДК Гродзенскага раёна. Нельга не адзначыць, што заснавальнікам некаторых з іх быў сам кампазітар, а іншыя шануюць і пераймаюць лепшае ў творчасці майстра.

Вольга БАГДАНОВІЧ

Гродна

На здымку: ля дошкі А.Шыдлоўскаму