Дзякуючы падтрымцы спонсараў установы новае жыццё было дадзена двум цэхавым харугвам 1-й пал. ХІХ стагоддзя - вельмі рэдкім і ўнікальным артэфактам. Яны былі перададзены тагачаснаму Беларускаму дзяржаўнаму гісторыка-краязнаўчаму музею ў 1958 г. ад Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчынай вайны. Да гэтага, у 1920 - 1930-я гг., харугвы знаходзіліся ў зборы Беларускага дзяржаўнага музея ў аддзеле мастацтва.
Харугвы нагадваюць пра перыяд самакіравання беларускіх гарадоў XVI- XVIII стст.- часы ўстанаўлення Магдэбургскага права. Як вядома, адным з вынікаў уводу сістэмы гарадскога самакіравання з'явілася стварэнне рамесных і гандлёвых цэхаў. Цэхавыя рамеснікі займаліся не толькі сваёй прафесійнай дзейнасцю, але і бралі ўдзел у грамадскім жыцці, неслі воінскую і іншыя павіннасці. Кожны цэх меў свае сімвалічныя атрыбуты, галоўнымі з якіх з'яўляліся пячатка і сцяг альбо харугва. З аднаго боку харугвы змяшчаліся выявы патронаў - святых заступнікаў цэха, а з другога давалася выява герба, калі такі быў абумоўлены статутам, або эмблема, што адлюстроўвала асноўныя віды прадукцыі ці характэрныя толькі для гэтага цэха інструменты і прылады. Так, на харугве цэхаў музыкаў змешчана выява цара Давіда з лірай у руцэ, а з другога боку - выява дзвюхгаловага арла; на харугве цэхаў ткачоў - абраз святога пакутніка Ануфрыя, а з другога боку - надпіс "Знак ткацкай управы".
Да гэтага часу з-за дрэннага стану захаванасці і наяўных пашкоджанняў экспанаванне харугваў без рэстаўрацыі было немагчымае. Цяпер жа іх можна будзе ўбачыць у рамках выставачнага праекта, які, як адзначылі ў музеі, мае адбыцца ў бліжэйшы час.
На здымках: харугва з выявай святога пакутніка Ануфрыя; так выглядаў цэх краўцоў (з сярэднявечнай гравюры).