Агонь — не жарты!

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Летась у Беларусі адбыліся 1770 пажараў, якія зніштожылі 882 гектары лясоў.

 

Як вядома, спальванне смецця, лістоты, сухой травы паблізу ад пабудоў - нярэдкая прычына пажараў. Таму ў ППБ 2.13.-2002 "Правілы пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь для жылых будынкаў, інтэрнатаў, індывідуальных гаражоў і садаводскіх таварыстваў" унесены змяненні, згодна з якімі, на тэрыторыі, прылеглай да названых пабудоў, не дапускаецца выпальванне сухой расліннасці, развядзенне вогнішчаў, спальванне смецця, прымяненне факелаў і іншых крыніц адкрытага агню. Прыгатаваць ежу можна толькі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў: мангала, барбекю, грыля і да т. п. (п.33ППБ 2.13.-2002).

У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за парушэнне патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках, выпальванне сухой расліннасці, распальванне вогнішчаў у забароненых месцах. Так, паводле артыкула 15.29, парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў гэтых месцах або забароны на іх наведванне, што не нанесла шкоды, прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь. Калі былі парушаны правілы пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках, і гэта стала вынікам таго, што быў зніштожаны або пашкоджаны лес ці тарфянікі, прадугледжаны штраф у памеры ад 25 да 50 базавых велічынь. Паводле артыкула 15.57, незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на карэнні, а таксама ржэўніку і пажніўных астаткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі пажару прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Паводле артыкула 15.58, распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.

Да таго ж, кожнаму чалавеку абавязкова трэба ведаць правілы паводзін пры пажары ў лесе. Пажар, што толькі пачаўся, можна патушыць сваімі сіламі. Для гэтага дастаткова пучка галінак ліставых дрэваў даўжынёй 1,5 - 2 метры. Наносьце ўдары па краі арэалу агню збоку ў накірунку ачагу пажару і збівайце асноўнае полымя. Пры кожным наступным удары пучок галінак затрымайце, прыціскаючы яго да краю, што гарыць, і адначасова яго выварочвайце.

Калі ў вас ёсць лапата, дык уздоўж кромкі агню выкапайце ямкі або невялікія ровы, зямлю з якіх закідвайце ў ніжні бок полымя. Спачатку збіце агонь, затым, спыніўшы пажар, на кромку зноў насыпце зямлю суцэльнай паласой вышынёй 6- 8 сантыметраў і шырынёй 0,5 метра. Распаўсюджванне ляснога пажару можна спыніць, зграбаючы па шляху руху агню гаручыя матэрыялы. Шырыня ачышчанай паласы павінна быць не менш за 0,5 метра.

Калі побач з месцам загарання ёсць вадаём, то вада - найбольш эфектыўны сродак тушэння агню. Калі ўзгаранне не ўдаецца патушыць самастойна, то, не губляючы часу, тэлефануйце ў службу выратавання 101.

 Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска