Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету пакліканы шырока прэзентаваць дасягненні мастацкай творчасці нашых суайчыннікаў за мяжой і актывізаваць з імі культурнае супрацоўніцтва, падтрымаць з боку Бацькаўшчыны зацікаўленасць беларусаў замежжа ў захаванні нацыянальнакультурнай самабытнасці, беларускай культуры, традыцый і мовы.
Праграмай знакавага форуму прадугледжана арганізацыя канцэртаў беларускай фальклорнай і сучаснай музыкі, выставак жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотаэкспазіцый, творчых сустрэч з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі замежжа, а таксама шэрагу іншых мерапрыемстваў. У час правядзення фестывалю ўзнагародамі Міністэрства культуры будуць адзначаны прадстаўнікі беларускіх аб'яднанняў замежжа за ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускай культуры і мовы ў краінах пражывання.
Таксама плануецца прымеркаваць да фестывалю правядзенне другога пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь для абмеркавання актуальных пытанняў супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з суайчыннікамі за мяжой, а таксама "круглага стала" "Рэаліі і перспектывы нацыянальных меншасцей у краінах Усходняй Еўропы".
На здымку: Канцэртная зала "Віцебск" прыме гасцей форуму.