Што пабачым на Дваццатым?

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Вялікую ролю кіраўніцтва Беларусі і асабіста Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў падтрымцы Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адзначылі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэсцэнтры.

 

Тэма 20-годдзя "Славянскага базару ў Віцебску" будзе праходзіць праз усе мерапрыемствы фестывалю, падкрэсліў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі.

 - Канцэрт "З юбілеем, фестываль!" аб'яднае многіх удзельнікаў Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні ў рамках форуму, якія выступалі і перамагалі на ім, за ўсе 20 гадоў, - дадае Уладзімір Карачэўскі. - Сёння ўжо вядома дакладная колькасць удзельнікаў конкурсу "Віцебск-2011": гэта 20 выканаўцаў з 20 краін. А журы яго ўзначаліць міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка...

 Дваццаты па ліку форум не абышоўся без навінак: адной з іх стане Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Змены чакаюць таксама і галоўную пляцоўку "Славянскага..." - Летні амфітэатр, на якім адбудзецца больш за дваццаць мерапрыемстваў. Гэтым разам пад час канцэртаў канфігурацыя сцэны будзе змяняцца, тэхнічныя эксперыменты здзівяць публіку. Усяго звыш 70 мерапрыемстваў пройдуць на "Славянскім базары ў Віцебску", а некаторыя з іх выйдуць за межы фестывальных дзён: адбудуцца да і пасля форуму.

 Адной з важных падзей стане закладка на Алеі лаўрэатаў спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" зоркі народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі кампазітара Ігара Лучанка.

Па словах кіраўніка Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргея Забалотца, урачыстай стане сустрэча з намінантамі на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры, літаратуры і мастацтва 10 ліпеня. -

На сёлетні форум з бюджэту Саюзнай дзяржавы было выдаткавана 25 мільёнаў расійскіх рублёў, - паведаміў Сяргей Забалоцец.

Генеральны дырэктар Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Радзівон Бас адзначыў, што юбілейны "Славянскі..." карыстаецца вельмі вялікім попытам у жыхароў Віцебска і ўсёй краіны. Было прададзена больш білетаў на канцэрты, чым у мінулыя гады, а прадстаўнікі турыстычных кампаній арганізоўваюць шмат тураў для ўсіх ахвотных.