“Чарадзейства” ў Амфітэатры

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Канцэрт адкрыцця — візітоўка фестывалю. Прыадкрыць заслону таямніцы мы папрасілі вядомага рэжысёра Аляксандра ВАВІЛАВА, сведку ўсіх дваццаці фэстаў. Сёлета ён выступае не толькі паплечнікам расійскага калегі — рэжысёра Мікалая Андросава з Масквы, — але і аўтарам сцэнарыя канцэрта адкрыцця.

/i/content/pi/cult/329/5993/10-2.jpg- Штораз напярэдадні фестывалю, - распавёў Аляксандр Дзмітрыевіч, - журналісты задаюць адно і тое ж пытанне: маўляў, чым вы сёлета збіраецеся здзіўляць публіку? І прагнуць пачуць самыя зорныя імёны гасцей. Усё гэта, можа, і няблага, але ж ці ўмеем мы, насамрэч, здзіўляцца? Бо для гэтага часам трэба проста па-новаму зірнуць на тое, што здавалася звыклым. Дык вось, сёлета галоўнай "фішкай" канцэрта адкрыцця "Славянскага базару ў Віцебску" стане вакальная сюіта на песні Ігара Лучанка і Аляксандры Пахмутавай. Здавалася б, усе гэтыя песні- вядомыя, кожная за столькі гадоў знайшла ўжо свайго "ідэальнага выканаўцу". Але ж як, насамрэч, дорага, што мы робім гэтую сюіту маладымі сіламі! І, дарэчы, - адно мужчынскімі галасамі. Спяваць будуць хлопцы ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў: пераможцы самых розных конкурсаў ды фестываляў, уключаючы рэгіянальныя. Да іх далучацца майстры - удз/i/content/pi/cult/329/5993/101.jpgельнікі ансамбля "Чысты голас". Бо галоўнае на фестывалі- нават не хто з зорак прыедзе, а што мы самі на гэты форум прынясём, што будзе ў нашай уласнай "справаздачы" такога, каб запомніцца на гады.

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" - гэта нацыянальны набытак рэспублікі, які адначасова з'яўляецца вымяральнікам і рухавіком многіх з'яў у культуры, палітыцы, грамадскім жыцці. Ён вылучае новыя імёны і творчыя калектывы, часам вяртае забытую спадчыну, а часам - наадварот, сімвалізуе канчатковы сыход кагосьці з вышэйшых прыступак мастацтва. Фестываль такога ўзроўню - гэта, калі хочаце, яшчэ і самы высокі артыстычны суд, галоўная пляцоўка для паказу таго, што было зроблена за год. На жаль, не ўсе гэта разумеюць. Здараецца, артыстамі рухае жаданне папросту "засвяціцца". Але гэта - таксама паказчык. І на сцэне "Славянскага базару..." тое становіцца яшчэ больш відавочным, чым дзе. Бо спявак выносіць да гледача не падрыхтаваную песню, не свой голас ці артыстычныя магчымасці, а ўсё сваё жыццё, увесь назапашаны чалавечы вопыт, усе свае думкі і жаданні. Ён, можа, і не ўсведамляе гэтага, але сцэна віцебскага Амфітэатра ў чымсьці "чарадзейная": пры ўсіх вялікіх памерах сцэны і залы, тут не схаваць сваю сутнасць.

Яшчэ пры сваім нараджэнні фестываль адразу вызначыўся ўласнай ідэяй: папулярызаваць мастацтва славян, якія запрашаюць да сябе прадстаўнікоў усіх народаў свету. Памятаеце, як доўга спрачаліся наконт слова "базар"? Але час даказаў, што з назвай не памыліліся: на "Славянскім базары..." месца ёсць усім- і ўсяму самаму лепшаму. Сведчаннем гэтага і стане канцэрт адкрыцця.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"