Жыў Мінск і жылі мінчукі…

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Беларусі і Мінска, куды ўвайшлі экспанаты, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак. Знаёмячы мяне з апошнімі матэрыяламі, адшуканымі пры раскопках Мінска, гісторык, загадчык аддзела сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі Аляксандр МЯДЗВЕДЗЕЎ зазначыў, што інстытуцкі музейны асяродак пазіцыянуецца як экспазіцыйная прастора, якая мае адукацыйныя функцыі.

 /i/content/pi/cult/128/599/Zhyu Minsk1.jpg
— У Інстытуце гісторыі сабрана значная колькасць матэрыялаў даваенных часоў,— кажа мой суразмоўца, — але пераважна ў нашым архіве захоўваюцца справаздачы археолагаў пасля 1945 года, бо акурат з гэтага часу пачалося актыўнае вывучэнне тэрыторыі Беларусі і Мінска. Музей мусіць адлюстраваць узровень развіцця археалагічнай навукі Беларусі. Ён займае чатыры залы. Першая прысвячаецца гісторыі навукі, выдатнаму навукоўцу і знакамітаму археолагу З.Далэнгу-Хадакоўскаму. У экспазіцыі прадстаўлены таксама іншыя нашы вядомыя навукоўцы, якія вялі даследчыцкую працу ў розныя перыяды.
Перад наведвальнікамі прадстануць каменны век, жалезны, ранняе і позняе Сярэднявечча. Гісторыя Мінска прысутнічае ў трох раздзелах: паказана Менка на Пцічы з экспазіцыяй найцікавых знаходак; паказаны Мінск на Свіслачы з адлюстраваннем раскопак на старажытным вале; Мінск сярэднявечны прадстаўлены матэрыяламі ХІV — ХVІІІ стагоддзяў.
— Вывучэнне Мінска працягваецца і сёння...
— Так. Раскопкі зараз праводзяцца на вуліцы Кірылы і Мефодзія, 6/8, дзе вядуцца земляныя работы. Раскрыты пляц паблізу манастыра бернардынцаў. Вядома, што гэтая тэрыторыя пачала засяляцца з ХІІ стагоддзя. У ХVІІІ стагоддзі тут было манастырскае сховішча. На гэтым месцы знойдзены рэшткі пабудоў ХVІІ стагоддзя, якія належалі манастыру, броварнай вытворчасці, стайні. Усё знойдзенае, бясспрэчна, значная культурная і гістарычная каштоўнасць.
— Гісторыкі сцвярджаюць, што ў Верхнім горадзе раней было мноства сакральных пабудоў...
— Паводле плана Мінска 1793 года, у горадзе знаходзілася 11 манастыроў і 4 царквы. Але ж пры гэтым трэба ўлічваць, што і кожны манастыр меў уласную царкву.
— Вернемся, калі ласка, у глыбейшую гісторыю. Ужо не аспрэчваецца, што першы Мінск знаходзіўся ў раёне ракі Менкі?
— У ХІ стагоддзі, калі на нашай тэрыторыі ўзнікалі многія гарады, назва ім давалася па назвах рэчак, на якіх яны месціліся. За 16 кіламетраў ад мінскага замчышча каля рэчкі Менкі, прытоку Пцічы, знаходзіцца старое гарадзішча. На гэтым месцы знойдзены матэрыялы, якія адносяцца да Х— ХІ стагоддзяў. Першапачаткова, мяркуецца, Мінск і знаходзіўся менавіта там, а потым быў перанесены ў вусце Свіслачы і Нямігі. Існуе яшчэ адна гіпотэза, звязаная з Траецкім прадмесцем: у старажытных пісьмовых крыніцах старое месца Мінска фіксуецца ў ім. На гэтым беразе Свіслачы было пасяленне дрыгавічоў. Полацкія князі займелі ўсю тэрыторыю сучаснага Мінска ў 1021 годзе. Брачыслаў атрымаў гэтую зямлю ад кіеўскага князя Яраслава. Найбольшага росквіту Мінск дасягнуў пры ўладаранні мінскага князя Глеба — сына Усяслава Брачыславіча, ці Усяслава Чарадзея, як пішацца ў летапісах, — асобы яркай і неардынарнай.
— З чаго пачынаўся старажытны Мінск?
— Будаўніцтва Мінска распачалося напрыканцы ХІ стагоддзя з фармавання замчышча, якое зараз разрэзана праспектам Пераможцаў. Пры будаўніцтве ў 1984 — 1986 гадах станцыі метро “Няміга” археолагі раскапалі ўваходную замкавую браму. Гэта вельмі каштоўная знаходка. Тэрыторыя замка не вельмі вялікая. Мінск быў памежным горадам Полацкага княства, меў стратэгічнае значэнне. Пры першым згадванні Мінска ў летапісе, якое датуецца 1067 годам, паведамляецца, што пасля паходаў на Ноўгарад і Пскоў Усяслаў Полацкі з войскам у лютым — сакавіку па лёдзе ракі Свіслач прыйшоў да Менска і Нямігі і змагаўся тут з войскам кіеўскіх князёў.
— У еўрапейскіх хроніках Мінск нібыта ўзгадваецца раней за 1067 год...
— Часцей за ўсё запісы ў еўрапейскіх і скандынаўскіх хроніках рабіліся пазней, пасля падзей. Таму казаць пра тое, што яны дакладныя, не выпадае.
— А калі славянскія плямёны прыйшлі на тэрыторыю, дзе зараз знаходзіцца Мінск?
— Вывучаючы Банцэраўскае гарадзішча, якое месціцца ў Заслаўскім раёне, даследчыкі вызначылі, што банцэраўская культура зарадзілася да ІХ стагоддзя. Гісторыкі дасюль спрачаюцца: альбо яна — чыста балцкая, альбо — балта-славянская, з элементамі славянства. Калі казаць аб славянскіх плямёнах, у прыватнасці, дрыгавічах, дык яны вядомы на дадзенай тэрыторыі з Х— ХІ стагоддзяў.
Карыстаючыся летапіснымі звесткамі, даволі цяжка вызначыць, дзе жыло тое альбо іншае насельніцтва, бо летапісы не так дакладна ўказваюць рассяленне, як гэта рабілі, скажам, нямецкія храністы. Дрыгавічы прыйшлі на мінскія землі з Палесся. Вядома, што з V стагоддзя на Палессі жылі славяне пражскай культуры. Потым, да ІХ стагоддзя, тут фармуецца культура Лукі Ракавецкай. Дрыгавічы — нашчадкі гэтай культуры. Яны рассяляліся з поўдня на поўнач, пачынаючы з раёна Мазыра, ішлі ўверх па Бярэзіне і па Свіслачы, дайшлі да возера Нарач. У мінскім рэгіёне дрыгавічы былі, так бы мовіць, асноўным кампанентам. Калі ўзнікаў горад, дык ён пачынаў усё насельніцтва злучаць у адзіны кангламерат.
— Якія цікавыя адкрыцці зроблены ў старым Мінску апошнім часам?
— Напачатку 90-х навукоўцы распачалі вывучаць Верхні горад. Да атрымання Мінскам магдэбургскага права на месцы Верхняга рынку знаходзілася слабада. У 1499 годзе там з’яўляецца ратуша, і гарадскі цэнтр перамяшчаецца сюды. У гістарычных матэрыялах, якія сведчаць аб захопе ў ХVІІ стагоддзі Мінска расійскімі войскамі, апісваецца замчышча, адкуль мы даведваемся, што яно было не вельмі зручным для абароны.
— Мінчукі не чакалі нападу?
— Горад жыў сваім жыццём, а замак мог належаць каралеўскай уладзе, хоць гараджане маглі мець і пэўныя павіннасці: скажам, плаціць падаткі на замак, будаваць вежы. Мяжа Мінска ад сутоку Свіслачы і Нямігі на той час даходзіла да сённяшняга Палаца Рэспублікі. Усе мінскія цэрквы і касцёлы ўваходзілі ў сістэму абароны і выкарыстоўваліся як абарончыя ўмацаванні. На месцы Палаца Рэспублікі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя стаяў велічны і прыгожы Дамініканскі сабор. Там археолагі знайшлі шмат старажытнай зброі і прадметаў вайсковага рыштунку.
Летась гарвыканкам прыняў Праграму па рэгенерацыі і рэканструкцыі Верхняга горада. У ім знаходзіцца каля 40 аб’ектаў, на якіх вядуцца работы. На 12 аб’ектах Верхняга горада працуюць археолагі.
— А на Нямізе праводзяцца археалагічныя раскопкі?
— У 2002 — 2004 гадах на месцы, дзе зараз будуецца паркінг, яны праводзіліся. У старажытнасці там быў Ніжні рынак. Знаходак выяўлена няшмат — Няміга месціцца ў нізкім месцы, яна раней пастаянна затаплялася. Тым не менш, там археолагамі былі знойдзены рэшткі замка. Пад зямлёй, дзе і сёння стаіць пасляваенны спартыўны комплекс, знаходзіцца старажытны драўляны Мінск. Яго можна раскапаць, закансерваваць векавую драўніну. Зараз існуе шмат спосабаў гэта зрабіць і паказваць, як гэта робіцца, да прыкладу, у Бярэсці, старадаўніх гарадах іншых краін. У Польшчы, Італіі, Францыі, Германіі, іншых еўрапейскіх краінах назапашаны багаты вопыт рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, які б стаўся карысным і для нас.Тэрыторыю Верхняга горада, дзе знаходзіцца Кафедральны сабор — узор Віленскага барока пачатку ХVІІ стагоддзя, тую, што спускаецца да ракі, займалі манастырскія карпусы. Зараз там будуецца духоўная семінарыя. Гэта новая па архітэктуры пабудова, якая вырашана ў іншым стылі, які меў калісьці гэты куточак горада. Беларускае праваслаўнае дойлідства фармавалася стагоддзямі і мае свой, толькі яму ўласны, непаўторны стыль. Сынкавіцкая царква, царква Пятра і Паўла ў Мінску — яркія сведчанні таго, што ў Беларусі сфармавалася за шматлікія стагоддзіі выдатная архітэктурная школа, якую трэба глыбей вывучаць і захоўваць.

 /i/content/pi/cult/128/599/Zhyu Minsk2.jpg
Нашу размову працягвае кандыдат гістарычных навук Вадзім КОШМАН, які праводзіць археалагічны нагляд у зоне будаўнічых і зямельных работ у раёне старога Мінска.
— Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, — адзначае ён, — земляныя работы павінны праводзіцца ў гістарычных цэнтрах гарадоў, дзе ёсць культурны пласт, дзе захавалася мноства артэфактаў, пад наглядам археолагаў. У выніку работ па вуліцах Герцэна і Гандлёвай — у сэрцы гістарычнага цэнтра Мінска — даследчыкі знайшлі шмат матэрыялаў, якія адносяцца да ХІІ — ХІІІ стагоддзяў. Выяўлена таксама вялікая колькасць археалагічных артэфактаў позняга Сярэднявечча. Знойдзена вялізная колькасць глінянага кухоннага посуду: рознага роду глечыкі ХVІІІ, ХІХ стагоддзяў, міскі, арнаментаваны посуд. Цікавасць уяўляюць розныя элементы печаў, шматлікія рэшткі кафлі— аддзелачнай пліткі, кажучы па-сучаснаму. Па вуліцы Гандлёвай адшуканы элементы печы ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму — гэта тэракотавая печ, пакрытая палівай. Захавалася дастаткова элементаў, каб адрадзіць печ у першапачатковым выглядзе. Шмат знойдзена вялікіх фрагментаў кафлі з расліннымі матывамі, геаметрычнымі, мноства шклянога посуду — аптэкарскія бутэлькі разнастайнай ёмістасці і формы. Знойдзены фрагменты патэльняў, так званых рынкаў — пасудзін на трох ножках. На такіх патэльнях раней гатавалася ежа.
— І ўсё гэта выраблялася ў Мінску?
— У большасці ўсё — мясцовай вытворчасці. Але штосьці і прывозілася. Адшуканы парфумныя сасуды, у якіх модніцы ХІХ стагоддзя трымалі араматычны алей, парфуму. Цікавая знаходка — пафарбаваная свістулька з гліны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, прычым, малюнак на ёй мае каўказскі матыў. Будаўнікі знайшлі цэлы тульскі самавар з клеймамі, з медалямі, якія ён заваяваў на розных выстаўках, з датаю: 1883 год.
— Знойдзенае будзе ў экспазіцыі музея Інстытута гісторыі?
— Знаходкі будуць перададзены або ў будучы Музей Мінска, або тым арганізацыям, якія рэстаўравалі будынкі, а штосьці, канешне, увойдзе і ў экспазіцыю музея Інстытута гісторыі.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА