Канструкцыя канструктыўнасці

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

А літаральна напярэдадні бальных урачыстасцей у Нацыянальным мастацкім музеі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка сустрэўся з лепшымі выпускнікамі творчых ВНУ краіны.

/i/content/pi/cult/329/5985/2-5.jpg

 Прывітаўшы прысутных багдановічаўскімі ж радкамі: "Маладыя гады - маладыя жаданні...", ён зазначыў, што заканчэнне ВНУ - гэта, на самой справе, толькі пачатак таго далейшага творчага шляху, які кожны абраў для сябе. І галоўнае на ім - заставацца верным сваёй мэце, не збочваючы і не ідучы на кампрамісы ў справе служэння сваёй прафесіі і сваёй Радзіме, народу.

 У шчырай размове з выпускнікамі, якія літаральна "засыпалі" міністра культуры пытаннямі пра будучае - уласнае і нацыянальнай культуры, - Павел Паўлавіч не стаў будаваць "паветраных замкаў", а прапанаваў маладым паглядзець на сітуацыю канструктыўным чынам, засяродзіцца на тым, што кожны на сваім месцы можа даць краіне, народу, сваёй прафесіі, а не чакаць, пакуль дзяржава створыць "цяплічныя" ўмовы для таго, каб атрымаць усё "на талерачцы". Сённяшняя дзяржаўная палітыка ў галіне культуры, як, зрэшты, і ў іншых сферах грамадскага жыцця, скіравана, у першую чаргу, на актывізацыю творчай ініцыятывы, пошукі новых, сучасных механізмаў творчай самарэалізацыі. "Безумоўна, - зазначыў ён, - дзяржава будзе падтрымліваць цікавыя творчыя праекты. Але падтрымліваць - не значыць фінансаваць на сто працэнтаў".

 Аб тых новых спрыяльных умовах, якія сёння складваюцца ў галіне, Павел Латушка распавёў, у прыватнасці, адказваючы на пытанне аб перспектывах стварэння ў нашай краіне маладзёжнага фестывалю. Ён зазначыў, што тыя падатковыя льготы, якія з 1 ліпеня будуць дзейнічаць у галіне кінавытворчасці, даюць падставы разлічваць на тое, што ініцыятыва ў гэтай сферы стане больш актыўнай. А яна плюс пошук спонсараў, зацікаўленых у сумеснай працы ў дадзенай галіне, здольныя даць у рукі козыры ўсім тым, хто на самой справе зацікаўлены ў развіцці айчыннага кіно.

Ад імя кіраўнікоў творчых ВНУ выпускнікоў прывітаў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыс Святлоў. Ён пажадаў былым студэнтам не развітвацца са сваімі alma mater, бо ўсе яны былі і застаюцца "дзецьмі", што могуць кожную хвіліну звярнуцца да сваіх "бацькоў"-выкладчыкаў па дапамогу. А народны артыст Беларусі Віктар Манаеў пажадаў прысутным галоўнага, на яго погляд: баяцца і пазбягаць цынізму ў любых яго праявах і трымаць уласныя сэрцы незамутненымі, каб тое святло духоўнасці, якім кожнаму творцу наканавана дзяліцца з іншымі, заўсёды магло прабіцца да людзей.