“Вам пад сілу любыя вышыні...”

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Штогадовы традыцыйны Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, які адбыўся ў мінулы аўторак у Палацы Рэспублікі, чарговы раз сабраў у цэнтры беларускай сталіцы лепшых з тых, хто, пакінуўшы студэнцкія аўдыторыі, літаральна праз месяц з невялікім пачне свой працоўны шлях. І пачнецца ён на высокай ноце, падкрэсліў у сваім звароце да выпускнікоў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, зазначыўшы, што беларускія дыпломы каціруюцца ва ўсім свеце, а папулярнасць нашых ВНУ за мяжой расце год ад года.

/i/content/pi/cult/329/5982/2-1.jpgАдзначаючы, што ў гэтыя хвіліны маладыя людзі стаяць перад адным з самых важных этапаў - жыццёвым выбарам далейшага шляху,- Лідар краіны падкрэсліў: "Лепш з першых крокаў будаваць свой лёс так, каб потым ніколі не пашкадаваць ні аб адным марна пражытым дні. А калі вы спытаеце, што неабходна чалавеку, каб дабіцца поспеху, я адказаў бы: для гэтага абавязкова трэба мець мару, якая акрыляе". І дадаў: "У кожнага з нас - свае жаданні. Але, думаю, усіх нас аб'ядноўвае адна вялікая агульная мара: зрабіць нашу краіну ўтульным, квітнеючым домам для кожнай сям'і. Галоўныя мэты і шырокія гарызонты, да якіх трэба імкнуцца, яшчэ наперадзе. Сучаснай Беларусі крыху больш як 20 гадоў- гэта ўзрост кіпучых сіл і надзей".

 Звяртаючыся да выпускнікоў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Менавіта цяпер наша краіна мае патрэбу ў такіх людзях, як вы, - разумных, энергічных, мэтанакіраваных. Вам пад сілу любыя вышыні, бо вы атрымалі выдатную адукацыю на роднай зямлі". Але, разам з тым, Кіраўнік дзяржавы перасцярог маладых людзей, папрасіўшы "як дарослых, паспяховых людзей не паддавацца ні на якія правакацыі і авантуры, - а спакусы ў жыцці будзе дастаткова, - быць сапраўднымі патрыётамі, сумленнымі і адказнымі грамадзянамі сваёй краіны".

Беларускі Лідар падзякаваў кіраўнікам айчынных ВНУ і выкладчыкам за высокі ўзровень падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. А дзесяці лепшым выпускнікам, якія праявілі выдатныя поспехі ў навучанні, прыкладныя паводзіны і прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, Аляксандр Лукашэнка ўручыў Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Разам з Лідарам краіны свае словы ў далейшае жыццё "адрасаваў" выпускнікам і класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета: у выкананні акцёра Купалаўскага тэатра Ігара Пятрова, ён пажадаў кожнаму з тых, хто сабраўся ў гэты дзень у Палацы Рэспублікі, знайсці сваю Зорку шчасця, якая і будзе асвячаць далейшае жыццё і стане Зоркай пуцяводнай. Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук прачытаў выпускнікам, бадай, адзін з самых вядомых вершаў класіка "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...", а Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца выканаў ягоную, не менш знакамітую, "Зорку Венеру".

І, канешне ж, урачыстая атмасфера балю прадоўжылася прыёмам у гонар выпускнікоў, сапраўднымі бальнымі турамі і- завязваннем лісточкаў-мар на сімвалічным Дрэве здзяйснення жаданняў.

Фота Мікалая ПЯТРОВА,

 БелТА