Нараджэнне рэжысёра

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Погляд кінакрытыка

Прафесіяналамі не нараджаюцца - імі становяцца. Але кароткаметражны "Дом", здаецца, даказвае адваротнае.

Арцём Лобач стаў рэжысёрам вось так, адразу, пасля здымак сваёй першай ігравой кароткаметражкі. Нягледзячы на свой малады ўзрост і ўзрост усіх членаў яго здымачнай каманды, Лобач зняў яркае і вобразнае відовішча з глыбокім унутраным сэнсам. "Дом" - аўтарскае прысвячэнне свайму роднаму краю, сваёй краіне, яе гісторыі і караням. Прыгожая, містычная драма пра Радзіму, з якой немагчыма развітацца, выканана ў свежым і яркім сучасным стылі. А галоўнае, "Дом", як і зняты ў тым палацы ў мястэчку Жалудок трылер Андрэя Кудзіненкі "Масакра", - гэта наша, нацыянальнае, зразумелае толькі нам, беларусам, як той верш Уладзіміра Караткевіча, які чытае напрыканцы стужкі галоўны герой "Дома" Алесь.

 Малады герой карціны Арцёма Лобача стаў непасрэдным працягам вобраза патрыёта з раманаў Караткевіча, стужак Турава і Рубінчыка. У позірку выканаўцы ролі Алеся Мікалая Зіміча - шчымлівая туга Міцкевіча, Купалы, Быкава... Такі культурны падмурак робіць гонар маладым кінамастакам, што, спадзяюся, раз і назаўсёды прыйшлі ў прафесію. Як тое часта і адбываецца, Арцём Лобач прыйшоў у кіно з сумежнай прафесіі, і гэта вельмі добра адбілася на мастацкім складніку "Дома". Знятая "за пяць капеек" на сучасны лічбавы фотаапарат, а не на дарагую кінакамеру, стужка Лобача, тым не менш, глядзіцца куды цікавей за іншыя, "высокабюджэтныя", дзякуючы майстэрскай працы аператара Ягора Яфімава, мантажора Сяргея Каласоўскага ды іншых, крэатыўных і энергічных.

Кожная сцэна кароткай, 19-хвіліннай стужкі добра прапрацавана, а, галоўнае - добра прадумана. Пэўныя хібы сцэнарыя, штучнасць дыялогаў выбачаеш аўтарам не ў сілу іх узросту, а таго, што "Дом" - цэласнае, напоўненае вобразамі і пачуццямі відовішча. Уменне мысліць вобразамі - галоўнае для рэжысёра, і Арцём Лобач ім яўна валодае. А разам з тым уменнем збіраць таленавітую каманду і даводзіць свету, што будучыня нацыянальнага кіно на Беларусі - ёсць, бо ёсць маладыя таленты, якія яго, спадзяёмся, забяспечаць.