Уласная рэальнасць

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Мікалай Казлоў. Тварыў толькі тое, што падабалася…

/i/content/pi/cult/328/5967/7-4.jpgГэта была апошняя, красавіцкая, выстаўка Мікалая Казлова, якая паспяхова прайшла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Было ўжо вядома, што Мікалай цяжка хворы, але хто мог паверыць у найгоршае? Калі працуе, выстаўляецца - значыць, не так ужо ўсё дрэнна. Нават на вернісажы, калі мастака, нязвыкла бледнага і схуднелага, незаўважна падтрымліваў сын Раман, усё яшчэ цеплілася надзея. Але ёй не наканавана было спраўдзіцца...

 Адной з самых важных спраў у жыцці для Мікалая Казлова было афармленне кніг. Выхаванец Маскоўскага паліграфічнага інстытута, ён вельмі высока цаніў мастацтва кніжнай графікі і стараўся ўнесці ў яго свой асабісты ўклад. Вынікам стала цэлая бібліятэка - звыш 150 кніг, якія Мікалай Раманавіч аформіў самастойна ці разам з жонкай Наталляй Суставай. І якія гэта кнігі! Класічныя "Рабінзон Круза" Д.Дэфо, "Казкі" Э.-Т.-А. Гофмана, "Прыгоды барона Мюнхаўзэна" Э.Распэ, "Аліса ў Краіне цудаў" Л.Кэрала, "Рубаі" А.Хаяма, "Пунсовая кветачка" С.Аксакава, а таксама - сучасных беларускіх аўтараў. На ўсё хапала энергіі, фантазіі і майстэрства. А колькі кніг М.Казлова было адзначана вышэйшымі дыпломамі і ўзнагародамі ў Беларусі і на многіх міжнародны/i/content/pi/cult/328/5967/7-5.jpgх конкурсах кнігі!

Мікалай Раманавіч больш за 15 гадоў працаваў галоўным мастаком выдавецтваў "Мастацкая літаратура" ды "Юнацтва", і дзякуючы, у тым ліку, яму яны сталі своеасаблівай творчай лабараторыяй па распрацоўцы вобраза сучаснай дзіцячай кнігі. Менавіта тут адточваліся наватарскія ідэі макетавання і паспяхова ўвасабляліся смелыя праекты ілюстравання. А якія цудоўныя школьныя падручнікі ад Казлова і Суставай! Яркія, жывыя, інфарматыўныя, па іх цікава вучыцца, іх вельмі прыемна нават проста гартаць. Кожная старонка мае сваіх герояў - вясёлых і адважных, смелых і добрых. Каштоўнасць гэтых ілюстрацый яшчэ і ў тым, што яны выконваюць сэнсавую нагрузку нароўні з вучэбнымі параграфамі. Узнікае прамая пераемнасць пакаленняў, калі культура адлюстравання з рук мастакоў перадаецца ў рукі юнага гледача і чытача.

Не менш важкі ўклад Казлоў унёс у станковую графіку. Тут трэба перш за ўсё згадаць яго шыкоўныя серыі "Вігілія", "Фантазус" і самую апошнюю - "Тонда": гэта высокая культура адлюстравання, дасканалае пачуццё кампазіцыі, высакародныя стрыманыя тоны з нячастымі яркімі ўкрапваннямі, з выразна прарысаванымі лініямі...

Немагчыма пісаць пра Мікалая Казлова: "быў", "працаваў". Розумам усведамляем, а сэрцам - не. Сышоў Майстар, але засталіся ягоныя творы, яго вобразна-пластычныя светы як спосаб выражэння таленавітага і яркага мастака, які стварыў сваю ўласную рэальнасць...

 Кацярына КЕНІСБЕРГ