КНІГА СТАІЦЬ на трох “кітах”

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Кантэнт, мастак, выдавец

/i/content/pi/cult/328/5961/6-1.jpg З 28 чэрвеня па 3 ліпеня ў Маскве мае адбыцца Міжнародная выстаўка. Правядзенне яе прысвечана 20-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Зрэшты, сёлета кантэкстам гэтай значнай падзеі ў рэчышчы міжнародных стасункаў напоўнены многія мерапрыемствы. Увогуле ж, у рамках СНД багата ўвагі надаецца менавіта культурнаму складніку супрацоўніцтва, многія з праяў якога цягам двух дзясяткаў гадоў станавіліся добрай традыцыяй. Чарговы доказ гэтаму - VІІІ Міжнародны конкурс "Мастацтва кнігі дзяржаў - удзельніц СНД". Ён чарговы раз пераканаў, што нашы выдаўцы па-ранейшаму ўмеюць здзіўляць і зачароўваць чытацкія сэрцы.

На конкурсе прадстаўлялася больш за сотню выданняў з Арменіі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны, Эстоніі... Айчынныя кнігавыдаўцы "адзначыліся" па ўсіх сямі намінацыях: "Гранпры", "Арткніга", "Мая краіна", "Кніга для дзяцей і юнацтва", "Аддрукавана ў Садружнасці", "Садружнасць", "Культура. Навука. Адукацыя". Гран-пры атрымала выданне "Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVІІІ - ХІХ стагоддзяў" "Беларускай энцыклапедыі" імя П.Броўкі. Апрача вышэйшай узнагароды на нашым рахунку яшчэ - шэсць дыпломаў...

Пра тое, якім быў сёлетні конкурс, якую ўвогуле ён мае перадгісторыю і тэндэнцыю развіцця, распавядае "К" намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар ЛАПЦЁНАК: - Не магу не згадаць, што спярша, за савецкім часам, гэта быў конкурс "Мастацтва кнігі" СССР. Знік Саюз - знік конкурс. Мы вельмі хацелі вярнуць традыцыю і нагоду для перыядычнай сустрэчы з калегамі, канкурэнтамі і параўнаць нашы кнігавыдавецкія намаганні... Словам, Беларусь заўжды была ініцыятарам аднаўлення такога спаборніцтва. Урэшце, у Мінскай штаб-кватэры СНД прапанову падтрымалі, і восем гадоў таму "Мастацтва кнігі стартавала, гэтым разам - на абсягах СНД. Мы тады атрымалі Гран-пры за альбом "Чарнобыль".

- Ігар Мікалаевіч, падаецца, Беларусь заўжды была "рэкардсменкай" па колькасці атрыманых на "Мастацтве кнігі" дыпломаў? Сёлета іх, да прыкладу, ажно сем...

- Так, хоць канкурэнцыя расла з кожным конкурсам. Чатыры Гранпры за восем гадоў - факт паказальны. А сёлета лаўрэацкія дыпломы атрымалі кнігі "Брэсцкая крэпасць. Вайна і мір", "Маленькі анёл. Хрысціянская азбука". Дыпломамі ўганараваны выданні "Архітэктура Беларусі. Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце. ІХ - ХХ стст.", "Сучасны беларускі жывапіс. ХХІ стагоддзе", "IN NOMINE DOMINI. У Імя Бога". А таксама спецыяльны дыплом журы прысуджаны новаму выданню твора Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха", прэзентацыя якога адбылася ўжо ў дзесяці краінах свету.

- У чым, на ваш погляд, перадумовы стварэння добрай кнігі?

- Гэта тры добра вядомыя ўсім "кіты": моцны аўтарскі калектыў, што выдае на-гара якасны тэкст, кантэнт; цікавыя кніжныя мастакі-графікі кшталту Шаранговіча, Паплаўскага, Славука, Савіча, якія стварылі айчынную сучасную школу ілюстратараў (іншая справа, што традыцыі яе развіваюцца сёння не так актыўна, як нам хацелася б); годная паліграфічная база. Гэтыя тры складнікі заўжды вызначалі і вызначаюць Беларусь у ліку лепшых кнігавыдавецкіх краін... Словам, над кнігай працуюць людзі апантаныя. Не магу не згадаць Міхаіла Іванавіча Дзяльца, які доўгі час узначальваў Дзяржкамвыд і развіваў як мае быць дзесяць нашых выдавецтваў... А Мінская фабрыка каляровага друку і па сёння адна з самых "прасунутых" на прасторах СНД.

- І, натуральна, якасць нашай кніжнай прадукцыі адсочваецца светам не толькі на маскоўскім конкурсе?

- Пачынаем "каляндар" выставак з лютаўскага Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Потым - сакавіцкія і вераснёўскія прэзентацыі ў Маскве. А яшчэ - кірмашы ў Пецярбургу, Кіеве, Варшаве. Нашых кнігавыдаўцоў рэгулярна запрашаюць у Туркменію, Казахстан. А вынікі таго, што робіцца ў кніжным свеце, падводзім на кастрычніцкім франкфурцкім Міжнародным кірмашы. Вы ведаеце, што там штогод выбіраецца 100- 200 лепшых кніг. У іх лік пастаянна трапляюць і беларускія выданні. Я быў вельмі ўражаны ў 2002 годзе, калі ў названую сотню ўвайшлі чатыры нашы падручнікі і толькі два - амерыканскія. Ці ж не паказчык?

- Колькі слоў пра перспектывы айчыннага кнігавыдання.

- Безумоўна, мы цяпер знаходзімся ў больш складаных умовах. Афсетная папера, што каштавала ў студзені тры мільёны рублёў цяпер сягае ў рыначнай цане да 20 мільёнаў... Тым не менш, вынікі конкурсу ў Маскве засведчылі: мы здолелі падрыхтаваць цікавыя кнігі, яны атрымалі годную ацэнку сярод міжнародных калег. У гэтым кірунку будзем рухацца і надалей. А чытацкі попыт сцвярджае: усё большую папулярнасць набываюць элітарная кніга, падарункавае выданне кшталту "Дзікага палявання караля Стаха" ці альбома "Радзівілы"... У нас ёсць магчымасць, ёсць над чым працаваць, што прэзентаваць. На камбінаце дзейнічае новая пяціколерная друкарская машына, што значна павышае паліграфічную якасць... Нельга забывацца і на тое, што людзі ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў чытаюць збольшага спецыяльную, даведачную літаратуру для самаразвіцця. Натуральна, мы імкнёмся задаволіць і іхнія густы. Але на пачатку года Міністэрства інфармацыі распачало ўсеагульную кампанію па падтрымцы чытання. Лічым, што гэта - адна з галоўных праблем станаўлення духоўнасці. Да кнігі прывучаць трэба з дзяцінства.

- І апошняе пытанне, Ігар Мікалаевіч. Як з той нагоды, што народ ад чытання "адвык", вы ацэньваеце дзейнасць нашай бібліятэчнай сістэмы?

- Якасць працы бібліятэкара залежыць ад колькасці кнігавыдач. А якую кнігу можна выдаць чытачу без асаблівых праблем? Правільна: так званую камерцыйную. У сённяшнім беларускім кнігавыдавецтве акцэнт - на сацыяльна значную літаратуру. І да яе трэба чытача прывучаць. Згодны, праца - скрупулёзная, штодзённая і патрабуе апантанасці... Не скажу, што з гэтай нагоды з бібліятэкарамі змагаемся, але імкнёмся пастаянна супрацоўнічаць. Праз пару дзён павінна адбыцца нарада з прадстаўнікамі сфер культуры і адукацыі па пытаннях далучэння грамадства да чытання.

Тым часам

Дзясятка Караткевіча

Адной з кніг, што стала фаварытам сёлетняга міжнароднага конкурсуМастацтва кнігі” — фаліянтДзікае паляванне караля Стахана чатырох мова, выдадзены па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Беларускага фонду культуры летась, да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча.

 Як ужо паведамлялаК”, цягам апошняга паўгоддзя адбываліся яе шматлікія прэзентацыі ў замежжы. Сёння колькасць такіх піяр-акцый дасягнула дзясятка. Дзе ж пабывала наша “…Паляванне”?

Азербайджан, Арменія, Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Расія, Украіна, Эстонія… І паўсюдна падзеі адбываліся з удзелам прадстаўнікоў айчынных дыппрадстаўніцтваў, а таксама— шырокай грамадскасці. Арганізатарамі ж акцыі па прэзентацыі фаліянта выступілі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Беларускі фонд культуры, дыпламатычныя і консульскія ўстановы нашай краіны за мяжой.

У Расіі прэзентацыя прайшла, у прыватнасці, у Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры. Тры асобнікі фаліянта былі перададзены беларускім Пасольствам Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнаму музею літаратуры Украіны, Цэнтру беларускай мовы і культуры пры Інстытуце філалогіі Кіеўскага ўніверсітэта.

 У Арменіі прэзентацыя кнігі адбылася на факультэце агульнай філалогіі Расійска-Армянскага (Славянскага) універсітэта. Асобнік кнігі быў уручаны рэктару ўніверсітэта для папаўнення бібліятэчнага фонду факультэта, пры якім створана краіназнаўчая экспазіцыя. У Азербайджане ж том прадставілі ў Бакінскім славянскім універсітэце пад час сумеснага пасяджэння Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Азербайджан — Беларусь”. У рамках вечара, прысвечанага жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча, адбылася прэзентацыя кнігі ў Казахстане.

А ў ЛатвііДзікае паляванне караля Стахапрадставілі ў Акадэмічнай бібліятэцы, бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта і Рыжскай беларускай школе з удзелам прадстаўнікоў Саюза беларусаў Латвіі. У Літве ўнікальны том выстаўляўся на айчынным стэндзе XII Міжнароднага кніжнага кірмашу. Эстонская прэзентацыя кнігі адбылася ў бібліятэцы імя Уладзіміра Караткевіча, нядаўна адкрытай у Таліне.

У рамках літаратурных чытанняў з удзелам беларускіх суполак у Кішынёве і ТыраспаліДзікае паляванне караля Стахапрадстаўлена ў Малдове. А пра нядаўнюю польскую прэзентацыю на філалагічным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, у рамках якой у бібліятэчныя фонды факультэта і Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы былі перададзены асобнікі кнігі, “К” пісала літаральна два нумары таму. Таксама праведзена прэзентацыя кнігі ў Беластоку — у Культурным цэнтры Беларусі ў Польшчы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"