Родная сталіца — жыцця майго крыніца

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Свята горада Мінск адзначае з 2001 года, калі яно было афіцыйна зацверджана. Цяпер Дзень горада святкуецца штогод кожную другую суботу верасня. “Зацверджаны гарадскімі ўладамі, ён не стаў чарговай традыцыяй гарадоў узгадваць свой узрост, а ўзяў за мэту звяртаць увагу гараджан на месца іх пражывання, на сваё наваколле, культуру і побыт”, — сказаў падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Віктар Кураш, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама.

 /i/content/pi/cult/128/596/Minsk-940.jpg
Сёлетняе Свята горада пройдзе пад дэвізам “Мінск — жыцця майго крыніца”. Афіцыйныя мерапрыемствы пачаліся ўжо 7 верасня, калі ў Палацы культуры прафсаюзаў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання 31 прафесіянала з 12 тысяч удзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Мінскі майстар”. З раніцы 8 верасня ля гарадской ратушы пройдзе яшчэ адно ўзнагароджанне лепшых мінчукоў, якія займеюць пачэснае званне “Мінчанін года”. “Гэта тыя, хто на працягу гэтага года здзейснілі літаральна подзвіг на сваім службовым месцы, прычым не проста добра працавалі, а зрабілі нешта адмысловае”, — патлумачыў Віктар Іосіфавіч.
І ўжо праз гадзіну пасля гэтага — роўна ў адзінаццаць — ля абеліска “Мінск — горад-герой” пачнецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня горада.
Плёнам гадавой працы Мінгарвыканкама з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі стане трохдзённая — з 7 па 9 верасня — навукова-практычная канферэнцыя “Мінск і мінчукі: дзесяць стагоддзяў гісторыі”, на якую збяруцца навукоўцы з розных краін свету.
Але такіх “сур’ёзных” мерапрыемстваў у Дзень горада будзе няшмат.
8 верасня цэлы дзень будзе працаваць сцэнічная пляцоўка ля гарадской ратушы, на якой пройдзе свята калакольнага звону і камернай музыкі, свята опернага мастацтва, складзенае з твораў сусветнай і беларускай класікі.
“Таксама цікавай, на мой погляд, — дадае В. Кураш, — будзе пляцоўка ля Нацыянальнай школы прыгажосці на вуліцы Мельнікайтэ, якая закрыецца для транспарту. У самім будынку пройдзе конкурс прыгажосці “Міс Мінска”, а на вуліцы— дэманстрацыя мадэлей і тавараў беларускай вытворчасці: адзення, бялізны, абутку, касметыкі, прычосак, вясельных сукенак”.
Быць цікавай абяцае таксама выстаўка народных рамёстваў “Горад майстроў” у Траецкім прадмесці, якой паспрыяе “акампанемент” святочнай культурна-забаўляльнай праграмы на ўзбярэжжы Свіслачы. У “Горадзе” выставяць свае работы майстры і майстрыхі не толькі з Мінска, але і з іншых гарадоў рэспублікі. Тут, пад адкрытым небам, можна будзе ўбачыць і традыцыйныя, і аўтарскія вырабы лозапляцельшчыкаў, саломкапляцельшчыкаў, кавалёў, ганчароў і іншых рамеснікаў.
Своеасаблівы дзіцячы “Горад майстроў” размесціцца ў парку імя М.Горкага — выстаўка
 /i/content/pi/cult/128/596/Minsk-940-1.jpg
работ дзяцей і навучэнцаў сістэмы прафтэхадукацыі.
Там жа ўвечары пройдуць канцэрты дзіцячых аматарскіх калектываў, якія скончацца дыскатэкай для малых. Для юнацтва будуць працаваць у парку сем пляцовак. Таксама для дзяцей пройдзе пленэр пад назвай “Я малюю Мінск”, які на тры гадзіны зойме праспект Пераможцаў ля гатэля “Планета”.
Для больш дарослай моладзі на лётным полі аэрапорта “Мінск-1” ужо ўсталяваны 4 сцэнічныя пляцоўкі. На адной з іх, самай вялікай, выступяць беларускія выканаўцы, якія маюць у сваім рэпертуары маладзёжныя танцавальныя нумары, а таксама беларускія і расійскія дзі-джэі і запрошаны спонсарамі папулярны расійскі гурт “Горад 312”. Частка лётнага поля будзе аддадзена пад асобную пляцоўку для конкурсу “Хвіліна славы”, на якім маладыя людзі змогуць прадэманстраваць свае таленты з дапамогай музычных інструментаў, што будуць там выстаўлены, ці з дапамогай мікрафона — хто як захоча. Карацей кажучы, конкурс “Алё, мы шукаем таленты” па-ранейшаму ў пашане.
Трэцяя пляцоўка лётнага поля згрупуе экстрэмальныя віды маладзёжных спартыўных захапленняў. А чацвёртая будзе прысвечана дзецям — тым, якія разам са сваімі маладымі бацькамі прыйдуць на свята і якіх можна будзе пакінуць з клоунамі і артыстамі на некаторы час.
На праспекце Пераможцаў паміж Палацам спорту і абеліскам “Мінск — горад-герой” на зялёнай зоне для прыхільнікаў сярэднявечча і рыцарскіх турніраў разгорнецца свята “Легенды старога Мінска”. Яшчэ за тыдзень да пачатку дзеі заяўкі на ўдзел падалі 25 рыцарскіх клубаў, а гэта каля 350 чалавек, якія разаб’юць сярэднявечны лагер і будуць працавацьтам два дні. За гэты час яны пакажуць свае рыцарскія абрады, турніры, узбраенне і яшчэ нешта асаблівае, што “рыцары” пакуль трымаюць у сакрэце.
У Палацы Рэспублікі ўвечары 8 верасня пройдзе гала-канцэрт майстроў мастацтва “Любімаму гораду прысвячаем!”, на якім выступяць лепшыя творчыя сілы нашай рэспублікі і госці — удзельнікі “Новай хвалі” ў Юрмале.
“Апошнім часам, — заключыў В. Кураш, — мы робім акцэнт на тое, каб Свята горада максімальна наблізілася да месцаў пражывання людзей, каб ва ўсіх раёнах горада быў свой, уласны “кавалачак” свята”…

Святлана ЖУРАЎСКАЯ