Праграма, пагадненне аб стварэнні якой было дасягнута ў 2005 годзе ў сталіцы Украіны, аб'ядноўвае мерапрыемствы, што праводзяцца Саветам Еўропы. У прыватнасці, удзельнікамі праграмы ўлічваецца вопыт ужо рэалізаваных праектаў у сферы заканадаўчых рэформ, паляпшэння аховы муніцыпалітэтамі гістарычных мясцін, супрацоўніцтва з гарадамі з мэтай развіцця культурнага турызму. Адна з мэт праграмы - аказанне садзейнічання ва ўстойлівым культурным, сацыяльным і эканамічным развіцці пры дапамозе шматбаковага супрацоўніцтва і міжгаліновага падыходу ў пытаннях аховы культуры і культурнай спадчыны.
Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у Камітэце міністраў Савета Еўропы прайшла ялцінская канферэнцыя пад назвай "Кіеўская ініцыятыва" і "Усходняе партнёрства" - супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне", па выніках якой краінаміўдзельніцамі была адобрана Ялцінская дэкларацыя. Удзельнікі канферэнцыі аднадушна прынялі рашэнне аб уключэнні Беларусі ў рэгіянальную праграму Савета Еўропы "Кіеўская ініцыятыва" і выказалі жаданне актывізаваць партнёрства з Еўрапейскім саюзам у сферы культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны краін - членаў "Кіеўскай ініцыятывы".
Старт рэгіянальнай праграме быў дадзены ў 2006 годзе ў час пасяджэння міністраў культуры Савета Еўропы ў Бухарэсце. Арганізатарамі праекта выступілі Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна.
Ул. інф.