Музейная мадэрнізацыя

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

У межах пятага пасяджэння шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны аднагалосна быў адобраны праект Закону “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”.

 

Як адзначыў у сваім выступленні міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, неабходнасць змяненняў у законапраект выклікана практыкай выкарыстання гэтага дакумента, а таксама зменамі, што адбыліся ў айчынным заканадаўстве. Пры гэтым, па словах міністра, праект Закону быў падрыхтаваны з улікам усіх заўваг, якія былі выказаны пад час падрыхтоўкі дакумента.

 У прыватнасці, былі ўнесены змяненні ў азначэнні некаторых тэрмінаў, у тым ліку- "музей", "музейная калекцыя", "музейная справа". Гэта, на думку Паўла Латушкі, дазволіць больш дакладна вызначыць віды дзейнасці, якія з'яўляюцца абавязковымі для кожнага музея. У якасці асноўнага кірунку дзяржаўнай палітыкі ў музейнай сферы, акрамя забеспячэння захаванасці Музейнага фонду, названа і забеспячэнне рэжымаў захоўвання фондаў. Упершыню заканадаўча замацоўваюцца асновы дзейнасці музеяў пад адкрытым небам, а таксама прапануюцца новыя падыходы ў рэгуляванні пытанняў міжнароднага супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым, у законе прадугледжаны ўмовы, пры якіх Міністэрства культуры краіны ў выпадку арганізацыі міжнароднай выстаўкі ў Беларусі выдае гарантыйныя абавязацельствы аб захаванасці і своечасовым вяртанні музейных прадметаў, што ўвозяцца ў краіну.

У праекце Закону маецца і шэраг новаўвядзенняў. У прыватнасці, упершыню вызначаны статус і кампетэнцыя Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў пры Міністэрстве культуры, што дазволіць скаардынаваць і ўдасканаліць супрацоўніцтва між музеямі, у тым ліку замежнымі. Таксама ўпершыню замацоўваецца Палажэнне аб стварэнні рэестра музеяў з мэтай арганізацыі іх уліку і фарміравання адзінай базы даных. Пэўныя змяненні ўнесены і ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб нематэрыяльнай культурнай спадчыны, ратыфікаванай нашай краінай у 2004 годзе.

На думку міністра культура, змяненні, унесеныя ў артыкулы законапраекта, якія рэгулююць дзейнасць Дзяржкаталога Музейнага фонду, у тым ліку ўвядзенне катэгорыі асабліва каштоўных прадметаў, дазволяць у кароткія тэрміны завяршыць работу па яго стварэнні і ўвесці ў навуковы абарот сапраўды скарбы культуры.

Па словах Старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніны Моравай, законапраект адпавядае Канстытуцыі краіны і будзе спрыяць далейшаму развіццю музейнай справы ў нашай краіне, патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, а таксама ўмацаванню пазітыўнага іміджа нашай краіны.